In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Статут арганізацыі

1. Агульныя палажэнні

1.1. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (далей па тэксту – АПБ) з’яўляецца добраахвотным некамерцыйным аб’яднаннем грамадзян, якое створана імі для сумеснай рэалізацыі мэтаў і задач, вызначаных дадзеным Статутам. Скарочаная назва – ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», абрэвіятура – АПБ. На рускай мове: Общественная организация «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

1.2. АПБ дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях», іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і дадзеным Статутам.

1.3. АПБ з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае абасобленую маёмасць на правах уласнасці, мае самастойны баланс, пячаткі, штампы, бланкі са сваёй назвай, уласную сімволіку, зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку можа мець сцяг, гімн, эмблему, значок, вымпел, гальштук, нагрудныя і апазнавальныя знакі; мае права адкрываць разліковыя і валютныя рахункі ва ўстановах банкаў ва ўстаноўленым законам парадку.

1.4. АПБ ад свайго імя выступае ва ўзаемаадносінах з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. АПБ можа ўступаць у рэгіянальныя, нацыянальныя і міжнародныя саюзы і арганізацыі (з аплатай членскіх узносаў, у тым ліку і ў замежнай валюце ў выпадку неабходнасці), мае права падтрымліваць непасрэдныя міжнародныя кантакты і сувязі, удзельнічаць у міжнародных мерапрыемствах, якія не супярэчаць міжнародным абавязацельствам і заканадаўству Рэспублікі Беларусь, заключаць пагадненні з беларускімі і замежнымі ўстановамі і арганізацыямі.

1.5. АПБ нясе адказнасць за ўзятыя на сябе абавязацельствы ўсёй маёмасцю, якая ёй належыць. АПБ не адказвае па абавязацельствах сваіх сяброў. Сябры АПБ не адказваюць па абавязацельствах АПБ.

1.6. Справаводства ў АПБ вядзецца ва ўстаноўленым парадку. Дакументацыя, вызначаная заканадаўствам, здаецца ў адпаведныя архіўныя ўстановы па месцы знаходжання юрыдычнага адраса.

1.7. Юрыдычны адрас: 220114, Мінск, вул. Парніковая, д.11, пам.4.

2. Мэты, задачы, прадмет і метады дзейнасці АПБ

2.1. Асноўнымі мэтамі АПБ з’яўляюцца захаванне біялагічнай разнастайнасці і заахвочванне насельніцтва да актыўнай аховы прыроды.

2.2. Задачы АПБ:

2.2.1. Вывучэнне і захаванне біяразнастайнасці, асабліва разнастайнасці дзікіх птушак;

2.2.2. Выяўленне, вывучэнне, захаванне і (пры неабходнасці) аднаўленне прыродных тэрыторый, важных для захавання біяразнастайнасці, асабліва для дзікіх птушак;

2.2.3. Захаванне прыродных экасістэм;

2.2.4. Заахвочванне насельніцтва да практычных дзеянняў па захаванню біяразнастайнасці, у асаблівасці дзікіх птушак і прыродных тэрыторый, павышэнне экалагічнай свядомасці насельніцтва;

2.2.5. Садзейнічанне устойліваму выкарыстанню прыродных рэсурсаў.

2.3. Прадмет дзейнасці АПБ – экалагічная дзейнасць.

2.4. Для дасягнення сваіх мэтаў АПБ мае права дзейнічаць усімі метадамі, якія не забаронены дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, сярод якіх:

2.4.1. Арганізацыя экспедыцый і выкарыстоўванне іншых форм збору навуковай інфармацыі для вывучэння і захавання біяразнастайнасці; недапушчэнне дэградацыі каштоўных прыродных тэрыторый і аднаўленне парушаных экасістэм; садзейнічанне дзяржаўным і грамадскім установам і арганізацыям у галіне захавання біяразнастайнасці;

2.4.2. Падрыхтоўка абгрунтаваных прапаноў аб стварэнні асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый рознага рангу, якія маюць істотнае значэнне для захавання біяразнастайнасці (і птушак у прыватнасці), і ўдзел у іх праектаванні;

2.4.3. Спрыянне распрацоўцы сістэмы мерапрыемстваў па захаванню біяразнастайнасці, падрыхтоўцы і падтрымцы адпаведных прававых актаў;

2.4.4. Спрыянне развіццю экатурызму і фатаграфіі. Развіццё і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва па захаванню біяразнастайнасці;

2.4.5. Распаўсюджванне ведаў і інфармацыі пра дзікіх жывёл і дзікія расліны, пагрозы для іх існавання, аб магчымасцях захавання біяразнастайнасці, у тым ліку і шляхам падрыхтоўкі прэс-рэлізаў, ролікаў і іншых матэрыялаў для СМІ; стварэнне інфармацыйных цэнтраў з мэтай прапаганды захавання біяразнастайнасці;

2.4.6. Арганізацыя сходаў, сустрэч, дыскусій, лекцый, конкурсаў, выстаў, курсаў, круглых сталоў, віктарын, канферэнцый, семінараў, кансультацый і іншых мерапрыемстваў, якія маюць на мэце папулярызацыю арніталогіі і ідэй аховы прыроды;

2.4.7. Ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці: публікацыя інфармацыйных бюлетэняў, часопісаў, навуковых зборнікаў, манаграфій, вызначальнікаў, буклетаў, плакатаў і іншай друкаванай і паліграфічнай прадукцыі; вытворчасць відэафільмаў і аўдыёматэрыялаў;

2.4.8. Спрыянне развіццю экалагічнай адукацыі, арганізацыя розных мерапрыемстваў для такіх катэгорый насельніцтва, як школьнікі, моладзь, настаўнікі, выкладчыкі ВНУ, прысвечаных азнаямленню грамадзян з флорай і фаунай краіны, прапагандзе ідэй па іх захаванню, далучэнню людзей да рэальнай дапамогі дзікай прыродзе;

2.4.9. Аказанне фінансавай дапамогі экалагічным праектам у Беларусі і за мяжою, а таксама дабрачыннай дапамогі экалагічным грамадскім арганізацыям;

2.4.10. Стварэнне і падтрымка мясцовых аддзяленняў, рабочых груп, клубаў сяброў;

2.4.11. Выступленне ў якасці заснавальніка і сузаснавальніка сродкаў масавай інфармацыі, камерцыйных арганізацый, фондаў;

2.4.12. Ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку правядзенне альбо ўдзел у грамадскай экалагічнай экспертызе праектаў гаспадарчага ці іншага выкарыстоўвання тэрыторыі;

2.4.13. Рэабілітацыя дзікіх жывёл, развядзенне і аднаўленне папуляцый рэдкіх відаў і тых, што зніклі з тэрыторыі краіны;

2.4.14. Вылучэнне і падтрымка выдатных работ арніталагічнага і прыродаахоўнага характару на ўзнагароджванне прэміямі і імяннымі медалямі.

2.5. АПБ з'яўляецца заснавальнікам, рэдакцыяй, выдавецтвам наступных сродкаў масавай інфармацыі:

  • бюлетэнь «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
    мэтамі выдання бюлетэня «Ахова птушак Бацькаўшчыны» з'яўляюцца аператыўнае інфармаванне зацікаўленых асоб пра дзейнасць АПБ, нацыянальныя і сусветныя навіны у галіне захавання біялагічнай разнастайнасці, абмеркаванне пытанняў, звязаных з захаваннем біялагічнай разнастайнасці і аховай прыроды;
  • часопіс «Птушкі і мы»
    мэтамі выдання часопіса «Птушкі і мы» з'яўляюцца ўсеагульнае інфармацыйнае забеспячэнне зацікаўленых асоб па пытаннях, звязаных з захаваннем біялагічнай разнастайнасці і аховай прыроды, распаўсюджванне інфармацыі навукова-даследчага, навукова-папулярнага, забаўляльнага, рэкламнага характару;
  • часопіс «Subbuteo»
    мэтай выдання навуковага часопіса «Subbuteo» з’яўляецца публікацыя навуковых артыкулаў па пытаннях, звязаных з вывучэннем і аховай птушак;
  • бюлетэнь «Размах крылаў»
    мэтай выдання бюлетэня «Размах крылаў» з’яўляецца публікацыя матэрыялаў для кіраўнікоў арганізацыйных структур АПБ, а таксама сяброў клубаў і працоўных груп;
  • часопіс «Крылаты дазор»
    мэтамі выдання часопіса «Крылаты дазор»з’яўляюцца публікацыя матэрыялаў для дзяцей і юнацтва па пытаннях, звязаных з захаваннем біялагічнай разнастайнасці і аховай прыроды, распаўсюджванне інфармацыі навукова-даследчага, навукова-папулярнага, забаўляльнага характару;
  • бюлетэнь «Кулён»
    мэтай выдання бюлетэня «Кулён» з’яўляецца інфармацыйнае забеспячэнне сяброў АПБ з Брэсцкай вобласці пра дзейнасць АПБ і рэгіянальных структур АПБ з Брэсцкай вобласці, а таксама па пытаннях захавання біяразнастайнасці ў гэтым рэгіёне;
  • часопіс «Вялікі Кулён»
    мэтамі выдання часопіса «Вялікі Кулён» з'яўляюцца інфармацыйнае забеспячэнне сяброў АПБ з Брэсцкай вобласці па пытаннях, звязаных з захаваннем біялагічнай разнастайнасці і аховай прыроды, распаўсюджванне інфармацыі навукова-даследчага і навукова-папулярнага характару;
  • часопіс «Баталён»
    мэтай выдання навуковага часопіса «Баталён» з’яўляецца публікацыя навуковых матэрыялаў па пытаннях, звязаных з вывучэннем і аховай птушак;
  • бюлетэнь «Кабец»
    мэтай выдання часопіса «Кабец» з’яўляецца інфармацыйнае забеспячэнне сяброў АПБ з Гродзенскай вобласці пра дзейнасць АПБ і рэгіянальных структур АПБ з Гродзенскай вобласці, а таксама па пытаннях захавання біяразнастайнасці ў гэтым рэгіёне. (Далей па тэксту Статута – сродкі масавай інфармацыі).

2.6 Асноўнымі мэтамі і задачамі АПБ у якасці рэдакцыі з'яўляюцца выраб і выпуск сродкаў масавай інфармацыі.

2.7. АПБ ажыццяўляе распаўсюджванне перыядычных выданняў на дармавой аснове, як самастойна, так і з дапамогай юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку сяброў АПБ.

2.8. Крыніцай фінансавання вырабу і выпуску сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца сродкі АПБ у адпаведнасці з п. 6 Статуту АПБ, у тым ліку членскія, уступныя і дадатковыя ўзносы, маёмасныя і грашовыя ахвяраванні, як у рублях, так і ў замежнай валюце, гранты і сродкі тэхнічнай дапамогі. Сродкі, атрыманыя ад рэалізацыі сродкаў масавай інфармацыі, выкарыстоўваюцца на мэты, прадугледжаныя Статутам АПБ.

2.9. АПБ можа ажыццяўляць наступныя віды дзейнасці ў адпаведнасці з пералікам відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) упаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, зацверджаных Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №17 ад 14.07.2003 года:

  • выдавецкая дзейнасць;
  • паліграфічная дзейнасць.

3. Сябры АПБ, іх правы і абавязкі

3.1. Сябрамі АПБ могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства ва ўзросце ад 16 гадоў, якія плацяць уступны і членскія ўзносы, прызнаюць дадзены Статут, выказваюць жаданне прымаць удзел у дзейнасці арганізацыі.

3.2. Асобы да 16 гадоў – са згоды прадстаўнікоў, прадугледжаных законам, могуць быць сябрамі АПБ.

3.3. Ганаровымі сябрамі АПБ могуць быць асобы, якія зрабілі значны ўнёсак у справу аховы птушак. Званне Ганаровага сябра АПБ прысвойваецца З’ездам па прадстаўленні Цэнтральнага савета АПБ (далей – ЦС). Ганаровыя сябры вызваляюцца ад членскіх узносаў.

3.4. Для ўступлення ў сябры АПБ трэба падаць пісьмовую заяву ў ЦС або запоўніць сяброўскую анкету. Заяўнік становіцца сябрам АПБ пасля прыёму заявы або анкеты супрацоўнікам выканаўчага апарата АПБ і аплаты ўстаноўленага ўзносу. Выканаўчы апарат АПБ з’яўляецца адказным за вядзенне базы дадзеных сяброў арганізацыі, яе рэгулярнае абнаўленне.

3.5. Сябры АПБ, якія не заплацілі членскі ўзнос за бягучы год, страчваюць свой статус па заканчэнні першых трох месяцаў года. У гэтым выпадку для аднаўлення статусу ім дастаткова аплаціць адпаведны ўзнос.

3.6. Выключэнне з сяброў АПБ ажыццяўляецца па рашэнні ЦС за дзеянні, якія супярэчаць мэтам і задачам АПБ. Перад выключэннем сябру АПБ даецца магчымасць апраўдацца пісьмова альбо на паседжанні ЦС. Без спецыяльнай рэзалюцыі ЦС або з’езда выключаны такім чынам не можа быць прыняты ў АПБ нанова. Членскія ўзносы яму не вяртаюцца.

3.7. Сябры АПБ маюць права:

3.7.1. Выбіраць і быць абранымі ў склад выбарных органаў АПБ (асобы, якія не дасягнулі 16 гадоў, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства не маюць пасіўнага і актыўнага выбарчых правоў; асобы, якія не дасягнулі 18 гадоў, не маюць пасіўнага выбарчага права);

3.7.2. Уносіць прапановы ў любыя органы АПБ па пытаннях яе дзейнасці і атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці АПБ;

3.7.3. Прымаць удзел у акцыях і мерапрыемствах АПБ і карыстацца ільготамі, якія устаноўлены для сяброў АПБ;

3.7.4. Свабодна выходзіць з сяброў АПБ праз падачу заявы ў выканаўчы апарат. Вяртанне членскіх узносаў пры гэтым не прадугледжваецца.

3.8. Сябры АПБ абавязаны:

3.8.1. Выконваць патрабаванні Статута АПБ, рашэнні з’ездаў і кіруючых органаў АПБ. Садзейнічаць узмацненню АПБ і пашырэнню яе ўплыву сярод грамадскіх і прыродаахоўных арганізацый;

3.8.2. Своечасова выплачваць членскія ўзносы.

4. Вышэйшы, выбарныя і выканаўчыя органы АПБ

4.1. Вышэйшым органам АПБ з’яўляецца З’езд, які склікаецца адзін раз у кожны каляндарны год. З’езд можа быць чарговым і пазачарговым. Запрашэнне на З’езд з павесткаю дня дасылаецца кожнаму сябру АПБ на пададзены ім адрас. Запрашэнне павінна быць даслана за 21 дзень да З’езду, выключаючы дзень рассылкі (гэта не тычыцца пазачарговага з’езду, які арганізуецца ў сувязі са змяненнем заканадаўства). Выпадковае неатрыманне запрашэння не можа служыць падставай для адмены З’езду ці яго рашэнняў.

4.2. З’езд лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш за 20 сяброў АПБ, якія маюць права голасу. На З’ездзе галасаваць могуць толькі сябры АПБ ва ўзросце ад 16 гадоў, кожны з якіх мае адзін голас.

4.3. ЦС можа прыняць рашэнне аб правядзенні чарговага альбо пазачарговага З’езда з удзелам дэлегатаў. Нормы прадстаўніцтва і парадак вылучэння дэлегатаў у такім выпадку прадугледжваюцца ЦС. З’езд з’яўляецца правамоцным, калі на нім прысутнічае больш паловы дэлегатаў, але не менш 20. Астатнія сябры АПБ у такім выпадку могуць удзельнічаць у З’ездзе з правам дарадчага голасу.

4.4. На З’ездзе старшынствуе Старшыня АПБ альбо, у выпадку яго адсутнасці, па рашэнню ЦС – адзін з сяброў ЦС. Пастановы З’езда прымаюцца простай большасцю галасоў, за выключэннем асобных пытанняў у адпаведнасці з дадзеным Статутам. Пры роўнай колькасці галасоў старшыня мае вырашальны голас. Форма галасавання вызначаецца З’ездам. З’езд выбірае Падліковую камісію, якая сочыць за працэдурай галасавання.

4.5. Пазачарговы З’езд склікаецца ЦС на падставе пастановы ЦС альбо па пісьмовай заяве з павесткай дня, накіраванай у ЦС і падпісанай не менш, чым 50 сябрамі АПБ, якія маюць права голасу, альбо па патрабаванні Рэвізійнай камісіі АПБ (далей РК). У апошніх выпадках З’езд склікаецца ЦС у тэрмін, не пазнейшы за 60 дзён ад даты паступлення прапановы.

4.6. З’езд:

4.6.1. Зацвярджае Стратэгію развіцця на наступны перыяд і асноўныя напрамкі дзейнасці АПБ на год;

4.6.2. Разглядае і зацвярджае змены і дапаўненні ў Статут АПБ;

4.6.3. Выбірае Старшыню, сяброў ЦС і РК тэрмінам на тры гады;

4.6.4. Заслухоўвае і зацвярджае справаздачу ЦС, фінансавую справаздачу за год, справаздачу РК, прымае па іх рашэнні;

4.6.5. Зацвярджае ці адмяняе (пры неабходнасці) рашэнні ЦС. З’езд можа часова дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў ЦС;

4.6.6. Прымае рашэнні аб рэарганізацыі ці ліквідацыі АПБ;

4.6.7. Прымае рашэнні па іншых пытаннях дзейнасці АПБ;

4.7. У перыяд паміж з’ездамі працай АПБ кіруе Цэнтральны савет АПБ.

4.8. Сябры ЦС абіраюцца З’ездам з ліку сяброў АПБ. У склад ЦС уваходзяць Старшыня і 8 сяброў ЦС. Знаходжанне на пасадах Старшыні больш двух тэрмінаў запар, а на пасадзе сябра ЦС больш трох тэрмінаў запар не дапускаецца. Кандыдатуры Старшыні, а таксама сяброў Савета для галасавання на З’ездзе могуць вылучацца ЦС, альбо не менш чым 10 сябрамі АПБ, якія маюць актыўнае выбарчае права. Новыя Старшыня і сябры ЦС выконваюць свае абавязкі ад закрыцця З’езда, на якім яны былі выбраныя, да закрыцця З’езда, на якім яны будуць пераабраны.

4.9. Паседжанні ЦС праводзяцца па меры неабходнасці, але не менш чым тры разы на год. Пры часовай няздольнасці Старшыні выконваць свае абавязкі, іх выконвае асоба, прызначаная ЦС. Рашэнні ЦС прымаюцца простай большасцю галасоў пры наяўнасці не менш чым 1/2 сяброў ЦС . Пры роўнасці галасоў старшыня паседжання мае вырашальны голас.

4.10. Сябры ЦС і РК выконваюць свае абавязкі на грамадскіх пачатках, калі яны прызначаюцца на штатную пасаду ў выканаўчы апарат – яны павінны пакінуць ЦС і РК. Сябр ЦС, які не прысутнічаў на трох пасяджэннях ЦС за год без аб’ектыўнай прычыны, страчвае права быць сябрам ЦС да спецыяльнай рэзалюцыі ЦС. ЦС можа кааптаваць у свой склад новых сяброў да выбараў на наступным з’ездзе. Тэрмін працы ў ЦС кааптаванага сябра ЦС да выбараў не залічваецца пры перавыбарах.

4.11. Да кампетэнцыі Цэнтральнага савета належыць:

4.11.1. Выпрацоўка асноўных напрамкаў дзейнасці АПБ;

4.11.2. Разгляд і зацвярджэнне гадавой тэхнічнай справаздачы Дырэктара, бюджэту, гадавога балансу і гадавой фінансавай справаздачы;

4.11.3. Унясенне ў Статут змяненняў і дапаўненняў у сувязі са змяненнем юрыдычнага адрасу або са змяненнем заканадаўства;

4.11.4. Прыняцце рашэнняў аб стварэнні альбо ўступленні ў нацыянальныя, міжнародныя асацыяцыі і міжнародныя арганізацыі, альбо выхадзе з іх;

4.11.5. Прыняцце рашэнняў аб выступленні заснавальнікамі ці сузаснавальнікамі сродкаў масавай інфармацыі, камерцыйных арганізацый, фондаў; стварэнне і ліквідацыя камерцыйных арганізацый;

4.11.6. Зацвярджэнне стварэння і ліквідацыя мясцовых аддзяленняў, як з правамі юрыдычнай асобы, так і без іх, стварэнне і ліквідацыя рабочых груп, клубаў сяброў АПБ, зацвярджэнне палажэнняў аб рабочых групах і клубах АПБ;

4.11.7. Прызначэнне на пасаду і звальненне Дырэктара АПБ; зацвярджэнне штатнага раскладу выканаўчага апарату АПБ і выдаткаў на яго ўтрыманне. Прызначэнне на пасаду і звальненне дырэктараў камерцыйных арганізацый АПБ, па ўзгадненні з Саветам мясцовага аддзялення дырэктара мясцовага аддзялення АПБ, зацвярджэнне іх службовых абавязкаў;

4.11.8. Права «вета» на рашэнні Савета і канферэнцыі мясцовага аддзялення АПБ, Праўлення і Канферэнцыі Клуба;

4.11.9. Зацвярджэнне міжнародных пагадненняў АПБ, пагадненняў аб распараджэнні маёмасцю АПБ, кошт якой перавышае 5000 (пяць тысяч) даляраў ЗША ці эквівалентную суму ў рублях па курсу НБ РБ;

4.11.10. Скліканне і арганізацыя правядзення З’ездаў АПБ;

4.11.11. Зацвярджэнне катэгорый сяброў, памераў, парадку і тэрмінаў выплаты ўзносаў. Зацвярджэнне ўзораў сімволікі;

4.11.12. Прыняцце любых іншых рашэнняў, якія не адносяцца да кампетэнцыі З’езда.

4.12. Старшыня АПБ з’яўляецца вышэйшай службовай асобай АПБ і адначасова старшынёй ЦС. Старшыня:

4.12.1. Кіруе працай ЦС, склікае і арганізоўвае паседжанні ЦС;

4.12.2. Ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю гаспадарчаразліковых і арганізацыйных структур АПБ. Зацвярджае ўзор пячаткі АПБ;

4.12.3. Без даверанасці дзейнічае ад імя АПБ, прадстаўляе АПБ у адносінах з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў, а таксама з іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

4.12.4. Выдае даверанасці па пытаннях, якія належаць да яго кампетэнцыі;

4.12.5. Падпісвае ўсе прынятыя ЦС дакументы. Можа падпісваць ад імя АПБ любыя дакументы, у тым ліку грамадскія, навуковыя і фінансавыя (дагаворы, пагадненні, кантракты);

4.12.6. Ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю Дырэктара, у выпадку сваёй нязгоды з прынятым Дырэктарам рашэннем мае права накласці «вета» на яго выкананне і перадаць гэтае пытанне на разгляд ЦС. Узгадняе рашэнні Дырэктара аб назначэнні штатных супрацоўнікаў;

4.12.7. Можа дэлегаваць свае асобныя паўнамоцтвы Дырэктару;

4.12.8. Выконвае іншыя функцыі, якія не адносяцца да кампетэнцыі З’езда і ЦС;

4.13. Выканаўчы апарат АПБ ствараецца для бягучай работы па дасягненні мэтаў і задач АПБ;

4.14. Дырэктар з’яўляецца адказным кіраўніком АПБ, які падпарадкоўваецца Старшыні. Дырэктар кіруе выканаўчым апаратам АПБ. Дырэктар назначаецца ЦС па прадстаўленню Старшыні. Асоба, прызначаная на пасаду Дырэктара, можа не быць сябрам АПБ. Дырэктар з’яўляецца Галоўным рэдактарам сродкаў масавай інфармацыі АПБ і нясе адказнасць за выкананне прад’яўляемых патрабаванняў да дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Дырэктар:

4.14.1. Ажыццяўляе бягучае кіраўніцтва дзейнасцю АПБ, забяспечвае выкананне рашэнняў З’езда, ЦС і Старшыні, ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю камерцыйных арганізацый АПБ і арганізацыйных структур АПБ;

4.14.2. Без даверанасці дзейнічае ад імя АПБ, прадстаўляе АПБ у адносінах з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў, а таксама з іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

4.14.3. Выдае даверанасці па пытаннях, якія належаць да яго кампетэнцыі. У межах, вызначаных дадзеным Статутам, рашэннямі З’ездаў і ЦС, распараджаецца фінансавымі сродкамі і маёмасцю АПБ;

4.14.4. Адкрывае ў банках разліковыя і іншыя рахункі, мае права першага подпісу;

4.14.5. Вядзе перамовы, падпісвае дагаворы, кантракты, пагадненні на суму не больш, чым 2000 (дзве тысячы) даляраў ЗША ці эквівалентную суму ў рублях па курсу НБ РБ, але можа падпісваць дагаворы, кантракты і на большую суму ў межах, вызначаных бюджэтамі арганізацыі і праектаў. Падпісвае дакументы, якія маюць грамадскі, навуковы і гаспадарчы характар;

4.14.6. Прымае на працу і звальняе супрацоўнікаў выканаўчага апарату і праектаў АПБ, заключае з імі працоўныя пагадненні, зацвярджае абавязкі і рабочыя планы супрацоўнікаў;

4.14.7. Прымае заахвочвальныя меры і накладае дысцыплінарныя спагнанні на супрацоўнікаў выканаўчага апарату АПБ, выдае загады і дае ўказанні, абавязковыя для выканання ўсімі супрацоўнікамі АПБ;

4.15. Кантрольным органам АПБ з’яўляецца Рэвізійная камісія (далей РК), якая абіраецца З’ездам тэрмінам на тры гады і рыхтуе справаздачы толькі для З’езда. РК выбірае са свайго складу старшыню камісіі. РК прымае рашэнні большасцю галасоў;

4.16. Рэвізія фінансава-гаспадарчай дзейнасці АПБ праводзіцца па меры неабходнасці не радзей, чым адзін раз на год да чарговага З’езду АПБ. Сябры РК бяруць удзел у пасяджэннях ЦС з правам дарадчага голасу. Сябры РК не могуць быць сябрамі ЦС.

4.17. Рэвізійная камісія АПБ:

4.17.1. Ажыццяўляе кантроль за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю АПБ, арганізацыйных структур АПБ і камерцыйных арганізацый, таксама і з долевым удзелам;

4.17.2. Разглядае гадавыя справаздачы ЦС, бюджэт, баланс, уносіць свае папраўкі і заўвагі; ажыццяўляе кантроль за вядзеннем дакументацыі ў АПБ;

4.17.3. Мае права патрабаваць ад кіраўнікоў, сяброў, супрацоўнікаў АПБ любыя дакументы, якія маюць адносіны да фінансавай дзейнасці АПБ.

5. Арганізацыйныя структуры АПБ

5.1. ЦС зацвярджае рашэнні па стварэнню клубаў сяброў АПБ, рабочых груп, мясцовых аддзяленняў (абласных, раённых, гарадскіх і рэгіянальных, якія могуць стварацца на тэрыторыі некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак) з утварэннем юрыдычнай асобы альбо без утварэння юрыдычнай асобы.

5.2. Мясцовыя аддзяленні АПБ маюць тыя ж мэты і задачы, як і АПБ у цэлым, але ў межах свайго рэгіёну. У перыяд паміж канферэнцыямі Савет МА кіруе бягучай дзейнасцю АПБ у рэгіёне і прымае любыя рашэнні ў межах сваёй кампетэнцыі. Савет павінен збірацца не менш чым 3 разы ў год.

5.3. Тэрмін паўнамоцтваў усіх выбарных органаў мясцовых аддзяленняў АПБ – 3 гады. Кіруючыя, выканаўчыя і рэвізійныя органы мясцовых аддзяленняў (далей МА) адказны перад адпаведнымі вышэйстаячымі органамі АПБ.

5.4. Мясцовымі лічацца сябры АПБ, якія працуюць, або вучацца, або прапісаны на адпаведнай тэрыторыі. Першапачатковае рашэнне аб стварэнні мясцовага аддзялення прымаецца на ўстаноўчай канферэнцыі аддзялення, у якой удзельнічалі не менш 10 мясцовых сяброў АПБ, старэйшых за 18 гадоў. Пратакол канферэнцыі дасылаецца ў ЦС, які зацвярджае рашэнне аб стварэнні аддзялення.

5.5. Вышэйшым органам МА з’яўляецца штогадовая канферэнцыя. Запрашэнне на канферэнцыю павінна быць накіравана і ў ЦС АПБ. Канферэнцыя збіраецца па рашэнню Савета МА. У выпадку, калі не менш 10 мясцовых сяброў АПБ (старэйшых за 18 гадоў) падпісалі пісьмовую заяву аб правядзенні канферэнцыі з далучанай павесткай дня, якая была накіравана ў Савет МА, ён на працягу 30 дзён ад даты паступлення прапановы павінен прызначыць канферэнцыю.

5.6. Кворум на канферэнцыі МА складаецца з 10 мясцовых сяброў, старэйшых за 16 год. Кожны з мясцовых сяброў АПБ, старэйшых за 16 год, мае 1 голас. Толькі сябры АПБ старэйшыя за 18 год могуць быць абраны ў выбарчыя органы МА. Савет МА выбіраецца на канферэнцыі МА. Старшыня і намеснікі старшыні выбіраюцца канферэнцыяй са складу сяброў Савета.

5.7. Кампетэнцыя Савета МА АПБ:

5.7.1. Распрацоўка плана дзейнасці, бюджэту МА і кантроль за іх выкананнем. Зацвярджэнне штатнага раскладу МА згодна з прапановай дырэктара МА;

5.7.2. Планаванне кампаніі па павелічэнню колькасці сяброў МА і выкананне яе; арганізацыя работы з сябрамі ў рэгіёне.

5.7.3. Ажыццяўленне кантролю за дзейнасцю дырэктара МА. Зацвярджэнне рашэнняў дырэктара МА аб прызначэнні супрацоўнікаў;

5.7.4. Справаздача аб дзейнасці МА на канферэнцыі і перад ЦС АПБ.

5.8. Кампетэнцыя Старшыні МА АПБ:

5.8.1. Кіруе працай Савета МА, склікае паседжанні Савета. Падпісвае ўсе прынятыя Саветам дакументы. Без даверанасці дзейнічае ад імя МА, прадстаўляе МА АПБ у адносінах з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі, з іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

5.8.2. Пры адсутнасці ў МА Дырэктара МА выконвае яго функцыі.

5.9. Дырэктар МА можа быць сябрам Савета МА. Сябры Савета МА могуць з’яўляцца супрацоўнікамі МА.

5.10. Кампетэнцыя Дырэктара МА:

5.10.1. Ажыццяўляе кіраўніцтва бягучай дзейнасцю МА. Мае ўсе правы і абавязкі кіраўніка юрыдычнай асобы ў выпадку, калі МА зарэгістравана з правамі юрыдычнай асобы;

5.10.2. Без даверанасці дзейнічае ад імя МА, прадстаўляе МА АПБ у адносінах з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі, з іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;

5.10.3. Без даверанасці дзейнічае ад імя МА. Выдае даверанасці па пытанням, якія знаходзяцца ў яго кампетэнцыі;

5.10.4. У межах, вызначаных рашэннямі Савета МА і ЦС АПБ, распараджаецца фінансавымі сродкамі і маёмасцю МА;

5.10.5. Адкрывае ў банках разліковыя і іншыя рахункі, распараджаецца фінансавымі сродкамі з гэтых рахункаў у межах, вызначаных бюджэтам, мае права першага подпісу;

5.10.6. Прымае на працу і звальняе супрацоўнікаў МА, заключае з імі працоўныя пагадненні, зацвярджае абавязкі і рабочыя планы супрацоўнікаў.

5.10.7. Рыхтуе справаздачы аб сваёй дзейнасці для Савета МА, ЦС і Дырэктара АПБ.

5.11. Рэвізійны орган (РО) МА абіраецца канферэнцыяй МА і можа складацца з трох чалавек альбо аднаго рэвізора. Сябры Савета і супрацоўнікі МА не могуць быць сябрамі РО. Рэвізіі праводзяцца не радзей, чым 1 раз на год. РО кожны год робіць справаздачу аб выніках рэвізій на канферэнцыі МА.

5.12. РО рэвізуе дзейнасць Савета і выканаўчага апарата МА, кантралюе выкананне Статута, пастаноў з’ездаў, канферэнцый, ЦС і Савета МА, вядзенне справаводства.

5.13. Сябры РО могуць удзельнічаць у паседжаннях Савета МА з правам дарадчага голасу. Рознагалоссе паміж РО і рэвізуемым органам павінна разглядацца канферэнцыяй МА альбо ЦС.

5.14. Маёмасць АПБ з’яўляецца адзінай і непадзельнай і знаходзіцца ў аператыўным кіраванні яе арганізацыйных структур.

5.15. Адчужэнне і спісанне асноўных фондаў, якія знаходзяцца на балансе аддзяленняў, магчыма толькі з дазволу ЦС.

5.16. Для аб’яднання сяброў АПБ па інтарэсах ЦС можа ствараць Клубы сяброў АПБ і Рабочыя групы. Толькі ЦС можа ліквідаваць Клубы АПБ. Каб уступіць у адпаведны Клуб, трэба падаць пісьмовую заяву ў выканаўчы апарат АПБ і аплаціць устаноўлены ЦС адпаведны ўзнос.

5.17. Сходы сяброў Клуба адбываюцца не радзей аднаго разу на працягу двух каляндарных гадоў. Сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш 10 сяброў Клуба. Сход сяброў Клуба:

5.17.1. З ліку сяброў адпаведнага Клуба, якім не менш 18 гадоў, выбірае тры або пяць сяброў Праўлення тэрмінам на 2 гады;

5.17.2. Зацвярджае справаздачу аб дзейнасці Праўлення;

5.17.3. Зацвярджае план дзейнасці на наступны перыяд;

5.18. Праўленне Клуба выбірае з сяброў Праўлення Старшыню Клуба. Рашэнні на пасяджэннях Праўлення прымаюцца большасцю галасоў. Праўленне прызначае і зацвярджае абавязкі Каардынатара Клуба, які займаецца арганізацыяй бягучай дзейнасці Клуба. Праўленне павінна збірацца не радзей, чым 1 раз на год. Праўленне прымае рашэнні па любых пытаннях дзейнасці Клуба, якія не адносяцца да выключнай кампетэнцыі Схода Клуба.

5.19. ЦС можа ствараць Рабочыя групы (РГ) з экспертаў, частка якіх можа не быць сябрамі АПБ. У кампетэнцыі РГ – садзейнічаць паспяховай працы па асобных накірунках дзейнасці АПБ, рэкамендаваць стратэгію, палітыку і праграмы па пытаннях, вылучаных ЦС. РГ павінны рэгулярна рыхтаваць справаздачы для ЦС і выканаўчага апарату АПБ па ўсіх акцыях і мерапрыемствах, якія арганізавала РГ ад імя АПБ. ЦС мае права ліквідаваць РГ.

5.20. ЦС прымае праграму працы РГ. Кіраўнік РГ прызначаецца ЦС. Сябры РГ прызначаюцца кіраўніком РГ па ўзгадненню са Старшынёй АПБ альбо з Дырэктарам АПБ.

6. Сродкі і маёмасць АПБ

6.1. АПБ можа мець ва ўласнасці любую маёмасць, неабходную для матэрыяльнага забеспячэння статутнай дзейнасці за выключэннем аб’ектаў, якія паводле дзеючага заканадаўства могуць знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

6.2. АПБ з’яўляецца ўласнікам маёмасці, якая належыць ёй на законных падставах. Сябры АПБ не маюць права ўласнасці на долю маёмасці АПБ. Арганізацыйныя структуры АПБ маюць права аператыўнага кіравання маёмасцю, якая перададзена ім уласнікам – АПБ.

6.3. Фінансавыя сродкі і маёмасць АПБ складаюцца з паступленняў, якія не забаронены дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці:

6.3.1. Членскіх, уступных і дадатковых узносаў, маёмасных і грашовых ахвяраванняў, як у рублях, так і ў замежнай валюце, грантаў і сродкаў тэхнічнай дапамогі;

6.3.2. Паступленняў ад лекцый, выстаў, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца для выканання Статутных мэтаў;

6.3.3. Даходаў ад выдавецкай і камерцыйнай дзейнасці арганізацый, якія належаць АПБ цалкам альбо часткова;

6.3.4. Доўгатэрміновых і кароткатэрміновых крэдытаў банкаў.

7. Змяненне Статута і спыненне дзейнасці АПБ

7.1. Змяненні Статута магчымы па рашэнню 2/3 прысутных на З’ездзе сяброў АПБ.

7.2. Рашэнне аб рэарганізацыі альбо ліквідацыі АПБ можа быць прынятае, калі за яго прагаласуе 2/3 сяброў, прысутных на З’ездзе АПБ, пры паведамленні аб ім не пазней, чым за 30 дзён да пачатку, альбо па рашэнню Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Орган, які прыняў рашэнне аб ліквідацыі АПБ, павінен прызначыць ліквідацыйную камісію.

7.3. Ліквідацыйная камісія ацэньвае маёмасць АПБ, забяспечвае прэтэнзіі крэдытораў у адпаведнасці з заканадаўствам. Сродкі і маёмасць АПБ у выпадку ліквідацыі пасля забеспячэння маёмасных прэтэнзій накіроўваюцца рашэннем ліквідацыйнай камісіі на выкананне мэтаў, прадугледжаных дадзеным Статутам.

8. Рэдакцыйная калегія

8.1. В мэтах стварэння ўмоў для павышэння эфектыўнасці адбору аўтарскіх выданняў да апублікавання ў сродках масавай інфармацыі ствараецца калегіяльны дарадчы орган – Рэдакцыйная калегія.

8.2. У склад Рэдакцыйнай калегіі ўваходзяць Галоўны рэдактар, яго намеснікі, а таксама іншыя супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Склад Рэдакцыйнай калегіі вызначаецца рашэннем Галоўнага рэдактара па папярэдняму ўзгадненню кандыдатур з Цэнтральным саветам. У склад Рэдакцыйнай калегіі могуць уваходзіць асобы, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі АПБ.

8.3. Пасяджэнні Рэдакцыйнай калегіі склікаюцца па меры неабходнасці Галоўным рэдактарам ці любым членам Рэдакцыйнай калегіі.

8.4. Дырэктар АПБ:

  • прадстаўляе АПБ па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі у адносінах з дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і ўстановамі, у тым ліку дзяржаўным органам, рэгіструючым сродкі масавай інфармацыі, аўтарамі і іншымі ўладальнікамі асабістых немаёмасных выключных правоў на рэзультаты інтэлектуальнай дзейнасці, іншымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі;
  • дае абавязковыя для выканання загады супрацоўнікам АПБ па пытаннях рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі сродкаў масавай інфармацыі (напісанне артыкулаў, вёрстка і інш.);
  • прызначае членаў Рэдакцыйнай калегіі;
  • падпісвае да выпуску (апублікаванню) сродкі масавай інфармацыі АПБ;
  • зацвярджае стаўкі аўтарскага ўзнагароджання за апублікаванне матэрыялаў у сродках масавай інфармацыі АПБ;
  • зацвярджае памеры выплат членам Рэдакцыйнай калегіі.