In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Зязюля Філ

Нашы партнеры:

BTO

LBV

 

Мянушка: Філ

У гонар: супрацоўніка брытанскага таварыства арнітолагаў Філа Эткінсана 

Пол: мужчынскі

Статус перадатчыка: неактыўны

Узрост: дарослы

Дзе быў злапаны: ваколіцы Турава

 

Апошнія перамяшчэнні зязюлі Філ

Павел і Філ (на 30.10)

Насуперак нашаму меркаванню дзве з пяці беларускіх птушак напачатку тыдня здзейснілі пералёты, праўда, зусім невялічкія. Так, Павел праляцеў дакладна на поўдзень каля 250 км. Пакінуўшы Паўночна-заходнюю правінцыю, птушка зараз знаходзіцца ў Заходняй правінцыі Замбіі. Мясціны, дзе зараз знаходзіцца Павел, уяўляюць з сябе рэдкалессе, якое ўтварылася пасля таго, як адступіла путыня Калахары. Таму глеба тут пясчаная, а месцамі нават засталіся дзюны. Надвор'е зараз неблагое: тэмпература паветра вагаецца каля 27-29 оС, напрацягу дня ідуць кароткачасовыя дажджы, ветра амаль няма. Ці застанецца Павел тут, ці паляціць у якое іншае месца, — напрыклад, у даліну ракі Замбезі, ад якой знаходзіцца ўсяго ў 100 км, мы даведаемся ў бліжэйшыя дні. 

Трошкі меншую вандроўку на гэтым тыдні здзейсніў Філ, які праляцеў каля 150 км у заходнім накірунку унутры правінцыі Маланжэ ў Анголе. Зараз птушка трымаецца непадалёку ад маляўнічай ракі Кванза.

Недалёка ад ракі Кванза зараз трымаецца Філ. Фота  Antonio Rodrigues Pe… узята з panoramio.comНедалёка ад ракі Кванза зараз трымаецца Філ. Фота Antonio Rodrigues Pe… узята з panoramio.com

Філ (на 30.09)

Па апошнім дадзеным ад спадарожнікавага перадатчыка Філа зязюля спынілася ўсяго ў 20 км ад мяжы паміж ДР Конга і Анголай, ў якой зараз знаходзяцца дзве іншыя беларускія птушкі — Норберт і Віктар. За час другога этапу восеньскай міграцыі Філ пераадолеў больш за 2300 км. Такім чынам, на сённяшні момант зязюля знаходзіцца на адлегласці больш чым 6500 км ад ваколіц Турава, дзе яна атрымала свой перадатчык. У параўнанні з Чадам, дзе Філ знаходзіўся некалькі дзён назад, і ў якім зараз тэмпература дасягае 40 оС, надвор'е тут даволі спрыяльнае — дзённая тэмпература не перавышае 30 оС і кожны дзень ідуць дажджы. Магчыма, тут Філ не затрымаецца на доўга, а, як і Віктар, паляціць ў Анголу пасля невялікага адпачынку. 

(на 26.09)

Вось і апошняя беларуская птушка, якая яшчэ заставалася ў Паўночным паўшар'і, рушыла на поўдзень. Зязюля па мянушцы Філ за два дні пераадолела больш за 1100 км, праляцела Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку і дабралася да паўночна-заходняга ўскрайку Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Апошні раз Філ быў адзначаны непадалёку ад горада Гемена Экватарыяльнай правінцыі -- на пачатку зоны вечназялёных экватарыяльных трапічных лясоў. Хутчэй за ўсё, птушка не спынілася ў гэтых мясцінах, а зараз працягвае сваю вандроўку ў Паўднёвае паўшар'е. Зыходзячы з маршрутаў іншых белаускіх птушак, Філа чакае больш за 1000-кіламетровы пералёт над адным з самых вільготных месцаў на планеце. Штодзённа тут ідуць дажджы, а тэмпература ў дзень трымаецца каля адзнакі ў 30 оС. Куды накіраваўся Філ, мы даведаемся ўжо ў бліжэйшыя гадзіны.

Філ (на 04.09)

Па сігналам атрыманым ад Філа і Юліі, нашы зязюлі пакуль не збіраюцца пакідаць суседнія рэгіёны на мяжы Судана і Чада. Адлегласць паміж птушкамі складае ўсяго 240 км, надвор'е ў гэтым рэгіёне на сёння — ясна, без ападкаў, тэмпература паветра складзе каля 30 оС. Паступова сезон дажджоў падыходзіць да заканчэння, ці будзе гэта мець уплыў на нашых зязюляў і вымусіць іх ляцець на поўдзень, мы даведаемся ў бліжэйшыя дні. 

(на 25.08)

Зязюля Філ зноў здзейсніла невялікі пералёт. У гэты раз яна праляцела каля 300 км на ўсход і спынілася ў даліне ракі Батха. Зараз яна знаходзіцца ў адміністрацыйным рэгіёне Sila, у якім таксама трымаецца і другая наша птушка, зязюля па мянушцы Віктар. Тэмпература паветра ў гэтых мясцінах сёння складзе каля 29 оС, у другой палове дня чакаюцца кароткачасовыя дажджы.

(на 16.08)

Па апошнім сігналам зязюля па мянушцы Філ здзейсніла пералёт у 100 км у паўночна-ўсходнім накірунку і зараз знаходзіцца ўсходней горада Аці. Яна трымаецца ў саване непадалёку ад эфемернай ракі Батха, якая з’яўляецца толькі падчас моцных залеваў у сезон дажджоў. Геаграфічная зона ў якой знаходзіцца Філ, а таксама Віктар з Юліяй, называецца Сахель. Гэта тэрыторыя, якая вузкай стужкай перасякае Афрыку ад Атлантычнага да Індыйскага акіяна, і з’яўляецца сваеасаблівым пераходам ад Сахары да трапічных рэгіёнаў. Яна ўяўляе сабой трапічную савану, адно з самых спякотных месцаў на планеце, дзе сярэднемесячная тэмпература летам скаладае 33-36 оС. У гэты час, сезон мусонаў, штодзённа адбываюцца моцныя кароткачасовыя дажджы. Дзьве іншыя нашы зязюлі, Норберт і Павле, знаходзяцца трошкі паўдневей гэтай зоны, у так называемай прыроднагеаграфічнай зоне Судан, з больш мягкім кліматам. 

(на 14.08)

Філ змяніў накірунак свайго палёта і зараз рухаецца ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Ён праляцеў непадалёку ад прэснаводнага возера Фітры, якое з’яўляецца адным з нацыянальных паркаў Чада, а таксама, мае статус рамсарскай тэрыторыі. Але ў гэтых прыдатных мясцінах Філ вырашыў не спыняцца, і зараз знаходзіцца ў 40 км усходней возера. Апошнія кропкі паказваюць, што ён ў гарыстай мясцовасці. Напэўна птушка шукае прыдатныя мясціны, каб спыніцца на доўгі час. На сённяшні момант, Філ самая заходняя птушка з нашых пазначаных зязюляў.

Філ даляцеў да Чада! (на 12.08)

Пасля адной з апошніх зафіксаваных кропак на ўзбярэжжы Міжземнага мора ў Лівіі, птушка паспяхова пераадолела самую вялікую на планеце пустыню і дасягнула краіны Чад. Нажаль, дакладных кропак, якія бы адлюстроўвалі маршрут, па якім птушка перасекла Сахару, няма, але вядома, што птушка праляцела больш за 2000 км над бязмежнымі пясчанымі прасторамі.  Зараз Філ патроху прабіраецца ў глыб краіны, тырмаючы свой шлях уздоўж перасохлай ракі, якую называюць вадзі. Яна ўляе сабой рэчышча, якое напаўняецца падчас моцных залеваў у сезон дажджоў. Апошні раз птушка была адзначана паўднёвей горада Мусора, які з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам рэгіёна Бахр-эль-Газаль. Дзённая тэмпература ў гэтых мясцінах трымаецца каля +31 оС, кожны дзень ідуць дажджы з навальніцамі. Хутчэй за ўсё, птушка працягне сваё падарожжа  на поўдзень Чада, дзе трымаюцца іншыя птушкі з перадатчыкмі.

Краявід характэрны для вадзі. Фота Santiago Cordero ўзята з http://www.panoramio.com/Краявід характэрны для вадзі. Фота Santiago Cordero ўзята з http://www.panoramio.com/

(на 07.08)

Вось і апошняя зязюля, якая яшчэ дзень назад была на Беларусі, рушыла ў палёт на Поўдзень, і гэта не шлях у суседні лес, а доўгі пералёт да месцаў зімовак. Апошні сігнал, які быў прыняты ўчора а 8 гадзіне, паказаў, што птушка праляцела ўсяго ў 15 км ад сталіцы Румыніі — Бухарэста.

Здымак мясціны ў якой апошні раз была адзначана зязюля па мянушцы Філ. Фота  www.musca.ro з сайта http://www.panoramio.com/Здымак мясціны ў якой апошні раз была адзначана зязюля па мянушцы Філ. Фота www.musca.ro з сайта http://www.panoramio.com/

(на 28.07)

Пасля невялікай вандроўкі на поўнач, зязюля па мянушцы Філ ужо больш за 10 дзён трымаецца недалёка ад поймы Прыпяці ў Гомельскай вобласці. Апошняя кропка, дзе была зафіксавана птушка, знаходзіцца ўсяго ў пяці кіламетрах ад мінулай, непадалёку ад вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёна. Хутчэй за ўсё, птушка трымаецца на дрэвах уздоўж  каналаў і дарог. Апошнія дні надвор'е ў Беларусі амаль афрыканскае.

(на 17.07)

Пакінуўшы вёску Балаба Філ накіраваўся ў Пойму Прыпяці, у мясціны дзе ён ужо некаторы час быў раней да гэтага. Зараз ён знаходзіцца на мяжы Берасцейкай і Гомельскай вобласцяў непадалеку ад невялікай вёскі з птушынай назвай — луткі. Большасць часу Філ трымаецца на адкрытых прасторах, пераважна сельгаспалетках.  

(на 12.07)

Датчык засведчыў, што Філ вярнуўся ў Беларусь! Пры гэтым ён паляцеў значна паўночней месца, дзе атрымаў перадатчык. Зязюля зараз знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне, каля невялікай вескі  з цікавай назвай Балаба. Трымаецца Філ у навакольных лясах, а па адной рэгістрацыі, быў адзначаны нават на ўскрайку вёскі.

(на 01.07)

Філ — яшчэ адзін самец-удзельнік праекта, які быў акальцаваны адным з апошніх (1 травеня). Але пакуль гэта самы актыўны вандроўнік. Палятаўшы колькі часу на мяжы Гомельскай і Брэсцкай вобласцей, ён вырашыў накіравацца на поўдзень, і, паводле дадзеных перадатчыка, ён знаходзіўся непадалёк ад Абалоньскага раёну Кіеўскай вобласці.

Зязюля Філ на сённяшні дзень знаходзіцца ў Абалонькім раёне Кіеўскай вобласці, недалёка ад мясціны Белая Крыніца. Зафіксавана некалькі кароткіх перамяшчэнняў яго ў межах гэтага раёна. Пакуль ён другі, за Паўлам, накіроўваецца на ўсход.