In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Зязюля Віктар

Нашы партнеры:

BTO

LBV

 

Мянушка: Віктар

У гонар: Віктара Фянчука, каардынатара праграм па Белавежскай пушчы. 

Пол: мужчынскі

Статус перадатчыка: актыўны

Узрост: дарослы

Дзе быў злапан: ваколіцы Турава

 

Апошнія перамяшчэнні зязюлі Віктар

(на 10.10)

Апошнія  сігналы ад зязюлі па мянушцы Віктар засведчылі, што птушка праляцела  56 км у паўднёва-заходнім накірунку, але пакуль яшчэ не пакінула правінцыю Кванда-Кубанга ў Анголе. Зараз птушка знаходзіцца каля невялічкага паселішча з назвай Chinguanja, у даліне ракі Кучы. 

Мястэчка Chinguanja у Анголе ў ваколіцах якога зараз трымаецца зязюля Віктар. Фота Marcoafrika узята з panoramio.comМястэчка Chinguanja у Анголе ў ваколіцах якога зараз трымаецца зязюля Віктар. Фота Marcoafrika узята з panoramio.com

(на 09.10)

Зязюля па мянушцы Віктар, якая адной з першых заляцела так далёка на поўдзень і ўжо стала трымалася ў ваколіцах возера  Чыбонда (правінцыя Меланжэ, Ангола), вырашыла паляцець яшчэ далей. Па апошніх дадзеных Віктар праляцеў больш за 600 км на поўдзень і дабраўся амаль да самай мяжы з Намібіяй. Затым ён змяніў накірунак свайго палёту і праляцеў на поўнач яшчэ 200 км. Зараз птушка знаходзіцца ў даліне ракі Куэлэі, аднаго з прытокаў ракі Кубанга ў правінцыі Кванда-Кубанга ў Анголе, непадалёку ад горада Серпа Пінто. Такое рэзкае змяненне  напрамку палёту можна патлумачыць тым, што далей на поўдзень пачынаецца пустыня Калахары і надвор'е у гэтых мясцінах даволі спякотнае: тэмпература паветра ўдзень трымаецца вышэй за 36 оС і без ападкаў. У гэты ж час у Серпа Пінто прагназуюцца невялікія ападкі і тэмпература паветра да 32 оС. Як павядзе сябе Віктар — застанецца тут ці паляціць на поўнач — мы даведаемся ўжо ў бліжэйшыя дні. 

Рака Куэлэі ў даліне якой зараз трмаецца зязюля Віктар. Фота Herminio cruz узята з panoramio.comРака Куэлэі ў даліне якой зараз трмаецца зязюля Віктар. Фота Herminio cruz узята з panoramio.com

(на 02.09)

Вось і прыйшла восень у Беларусь, з кожным днём становіцца ўсё халадней, ды і дзень ужо не такі доўгі. А вось для нашых зязюляў, якія зараз у Афрыцы, сапраўднае лета. Для Філа і Юліі яно больш вільготнае, бо зараз яны знаходзяцца ў Паўночным паўшар'і, ў геаграфічным рэгіёне ў якім усталяваўся дажджлівы сезон. А для Норберта і Паўла больш спякотнае, бо зараз у Паўднёвым паўшар'і стаіць сезон засухі і тэмпература паветра трымаецца каля 36 оС.

За першыя два дні восені мы атрымалі сігналы ад усіх пяці нашых птушак, гэта сведчыць, што перадатчыкі працуюць стабільна і ім дастаткова святла, каб поўнасцю зараджаць батарэю. Апошнія дадзеныя засведчылі, што нашы птушкі трымаюцца на тых жа мясцінах што і раней, акрамя Віктара, які вырашыў працягнуць палёт на поўдзень. Зязюля пераадолела больш за 600 км і зараз знаходзіцца ў самым цэнтры Анголы, усходней ад горада Камакула.  Птушка перасекла 12 паралель Паўднёвага паўшар'я і зараз знаходзіцца паўднёвей сярод усіх зязюляў, якія ўдзельнічаюць у праекце. 

Тэмпература паветра ў гэтых мясцінах трымаецца каля 31 оС, у дзень ясна без істотных ападкаў. Магчыма, гэта толькі прамежкавая  кропка, і Віктар паляціць далей, пра гэта мы даведаемся ў самы бліжэйшы час. 

Здымак лясной дарогі недалёка ад якой была апошні раз адзначана зязюля Віктар.  Фота Michal Synowiec узята з panoramio.comЗдымак лясной дарогі недалёка ад якой была апошні раз адзначана зязюля Віктар. Фота Michal Synowiec узята з panoramio.com
(на 31.08)

Нястомная зязюля Віктар праляцела яшчэ каля 1000 км на поўдзень, агулам пералёт ад Судана складзе больш за 2000 км! На сённяшні дзень, зязюля знаходзіцца на адлегласці больш за 6500 км ад месца, дзе яна была акальцаввана —  ваколіцы беларускага горада Тураў. Апошнія сігналы ад перадатчыка сведчаць, што птушка знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, непадалёку ад невялічкага горада Фешы і ў 130 км ад мяжы з Анголай. Зараз тут сезон засухі і тэмпература паветра ўдзень трымаецца каля 34-36 оС.

(на 28.08)

Вось і наша трэцяя зязюля рушыла да экватару. Гэтым разам пералёт у 1000 км у паўднёвым накірунку здзейсніла зязюля па мянушцы Віктар. За час паміж апошнімі сігналамі птушка праляцела ад усходняй часткі Чада да паўночна-заходняга ўскрайку Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, пераадолеўшы Цэнтральна Афрыканскую Рэспубліку. Зараз Віктар знаходзіцца на ўсходзе ад памежнага горада Лібенге, правінцыя Экватар ДР Конга. Дадзеная мясцовасць уяўляе сабой балоцістую даліну ракі Убангі, якая ў пэўнай ступені з'яўляецца пачаткам вечназялёных экватарыяльных лясоў. Надвор'е тут даволі вільготнае, кожны дзень ідуць дажджы, а тэмпература паветра ў дзень трымаецца каля 30 оС. Можна чакаць, што падобна Норберту і Паўлу, Віктар працягне сваю вандроўку на Поўдзень. Так гэта ці не, мы даведаемся ўжо ў бліжэйшыя дні.

(на 13.08)

Зязюля Віктар паспяхова пераадолела больш чым 2000 км над пустыняй Сахарай і зараз знаходзіцца на паўднёвым-усхозе Чада. Кліматычныя і прыродныя ўмовы тут падобныя да тых, у якіх трымаецца наша адзіная самка Юлія, якая зараз на паўднёвым-захадзе Судана. Птушак раздзяляе ўсяго 200 км. Віктар прытрымліваецца гарыстай мясцовасці непадалёку ад даліны вадзі, якая ў гэты час, у сезон дажджоў, пераўтвараецца ў сапараўдную раку. Умовы тут даволі спрыяльныя,  31 оС у дзень, кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Верагодна, што Віктар можа тут затрымацца надоўга. Уяго, беларуская зязюля пераадолела больш за 4500 км, пакуль дабіралася сюды ад месца кальцаваня. 

Даліна вадзі непадалёку ад якой трымаецца зязюля Віктар. Фота UPDOC узята з http://www.panoramio.com/Даліна вадзі непадалёку ад якой трымаецца зязюля Віктар. Фота UPDOC узята з http://www.panoramio.com/

(на 08.08)

Зязюля Віктар паспяхова перасекла Міжземнае мора і зараз знаходзіцца ў Афрыцы! Па апошніх дадзеных ад перадатчыка, яна была зафіксавана ў ваколіцах лівійскага  мястэчка Джагбуб непадалёку ад мяжы з Егіптам. Дадзеная мясцовасць уяўляе сабой аазіс, які знаходзіцца ў Лівійскай пустыні. Утварыўся ён у выніку таго, што тут знаходзяцца даволі буйныя запасы падземных вод, ды і сам па сабе ён уяўляе ўпадзіну, якая размяшчаецца на вышыні 15 м ніжэй за ўзровень мора. Магчыма, дадзены аазіс зязюля выкарыстоўвае як кропку адпачынку перад працяглым палётам на поўдзень праз пустыню. Надвор’е там вельмі спякотнае:   38оС у дзень, сонечна, вільготнасць каля 50%.

Краявід аднаго з вадаёмаў у ваколіцах Джагбуба. Фота nicola baccetti узята з http://www.panoramio.com/Краявід аднаго з вадаёмаў у ваколіцах Джагбуба. Фота nicola baccetti узята з http://www.panoramio.com/

(на 06.08)

Ура!!! Віктар выйшаў на сувязь! Пасля 13 дзён маўчання, мы атрымалі першы сігнал. Ён зафікcаваў птушку на тэрыторыі Грэцыі ў 30 км ад узбярэжжа Міжземнага мора, каля невялічкага мястэчка Эсімі. Надвор'е зараз там сонечнае, тэмпература паветра ў дзень трымаецца каля 33оС.

Магчыма і сапраўды, такое працяглае маўчанне было выклікана доўгім знаходжаннем птушкі ў цёмных лясах Румыніі, дзе сонечная батарэя перадатчыка не магла добра зараджацца. Цяпер, калі птушка рушыла на Поўдзень, будзем чакаць ад яе сталых сігналаў. Штосьці падказвае, што апошняя кропка ў Грэцыі ўсяго прамежкавая адзнака, і зязюля зараз здзяйсняе адзін з самых доўгіх пералётаў да месцаў зімовак. Так гэта ці не, мы даведаемся ў самы бліжэйшы час.

(на 05.08)

Хоць ад зязюлі па мянушцы Віктар ужо даўно няма інфармацыі,  яшчэ застаецца надзея, што птушка жывая, і ў хуткім часе ад яе можна будзе атрымаць сігнал. Такая доўгая затрымка можа быць выклікана тым, што птушка большасць часу трымаецца ў густым лесе, дзе недастаткова святла, каб батарэя поўнасцю зарадзілася і змагла перадаць сігнал. Апошняя кропка, у якой быў зафіксаваны Віктар, якраз і была з такой мясціны — рамсарскай тэрыторыі "Малы востраў Брэіле". Апошнія дадзеныя па тэмпературы цела птушкі і напрузе ў батарэі сведчаць, што зязюля жывая. Падобны выпадак здарыўся і з нямецкай зязюляй Флорыан, калі на працягу тыдня ад яе не было ніякіх сігналаў, а пасля яна зноў выйшла на сувязь са спадарожнікам. Будзем спадзявацца, што з Віктарам усё добра, і мы атрымаем у хуткім часе такі доўгачаканы сігнал. 

(на 31.07)

Ужо больш за тыдзень ад зязюлі па мянушцы Віктар няма ніякіх сігналаў, чым гэта выклікана, пакуль цяжка сказаць, але будзем спадзявацца што з ёй усё добра. 

(на 26.07)

Больш за два тыдні зязюля па мянушцы Віктар трымаецца ў даліне Дуная ў Нацыянальным парку  Insula Mare a Brailei, што ў перакладзе азначае Вялікі востраў Брэіле. Хутчэй за ўсё зязюля актыўна харчуецца, і папаўняе запасы энэргіі неабходныя для доўгага пералёту. Добра, што тут мясціны выдатныя для гэтага. Малы востраў Брэіле, на якім больш  часу праводзіць зязюля, з'яўляецца Тэрыторыяй Важнай для Птушак (ТВП), а таксама Рамсарскай тэрытоыряй. Надвор'е там зараз трымаецца цёплае, каля 30оС у дзень, з кароткачасовымі дажджамі. 

Невялічкае відэа тутэйшых мясцін.

(на 17.07)

Сігнал сведчыць, што Віктар два дні таму быў у нацыянальным парку Румыніі, Insula Mare a Brailei. Гэты парк знаходзіцца на востраве, і з бакоў аддзяляецца дзьвума плынямі ракі Дунай. Агульная плошча парка — 710 км.кв. Птушка была зафіксавана на паўднёвай часцы парка, у некалькіх дзесяткаў метраў ад Дуная.  

Тыповы краявід Нацыянальнага парка Insula Mare a Brailei. Фота Viorel BrailaТыповы краявід Нацыянальнага парка Insula Mare a Brailei. Фота Viorel Braila

(на 11.07)

Нарэшце Віктар пакінуў Беларусь, зараз яго зафіксавалі на поўдні Румыніі, непадалеку ад узбярэжжа Чорнага мора. Ён трымае курс дакладна на поўдзень. Паглядзім, ці надоўга застанецца Віктар на гэтым месцы, альбо паляціць далей, у Афрыку.

(на 03.07)

Бачна, што Віктару падабаецца Беларусь. Пакуль ён не проста не выляцеў на поўдзень, але і не выляцеў за межы Жыткавіцкага раёна, летаючы непадалёк ад Турава. Зараз ён там і зафіксаваны.