ВЯЛІКІЯ БЕЛАЯ ЧАПЛЯ - ПТУШКА ГОДА 2008

Рашэннем Рэспубліканскага Савета АПБ птушкай 2008 года была абрана вялікая белая чапля. Такі выбар зроблены не выпадкова. Мэтай кампаніі “Вялікая белая чапля - птушка 2008 года” з'яўляецца прыцягненне ўвагі да праблемы рыбаедных птушак. Некаторыя віды гэтых птушак абвешчаны “непажаданымі”, асабліва на ставах рыбгасаў, якія прывабліваюць рыбаедных птушак спрыяльнымі харчовымі ўмовамі. На “непажаданыя” віды рыбаедных птушак (вялікі баклан, шэрая чапля) можна паляваць амаль у любы час. За адстрэл вялікіх бакланаў і шэрых чапляў у шэрагу рыбгасаў нават прысуджаюцца прэміі. На жаль, пад стрэлы паляўнічых могуць трапляць і рэдкія віды птушак, у тым ліку і вялікая белая чапля. Узаконены адстрэл “непажаданых” відаў вядзецца і далёка за межамі рыбгасаў, нават на ахоўваемых тэрыторыях, што з'яўляецца дадатковым фактарам неспакою для гняздуючых птушак, у тым ліку і рэдкіх. Напрыклад, у 2007 г. гэта адбывалася у дзвюх вялікіх калоніях чапляў і бакланаў у межах заказніка рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”, які з'яўляецца таксама Рамсарскай тэрыторыяй (глядзі інфармацыйны бюлетэнь АПБ №4 за 2008г.).

Да сярэдзіны XX веку адбывалася зніжэнне колькасці вялікай белай чаплі на тэрыторыі ўсёй Еўропы. Да канца 1980-х гадоў на Беларусі адзначаліся адзінкавыя рэгістрацыі птушак, больш-менш рэгулярна яны сталі гнездавацца ў нас толькі 15 гадоў таму. З гэтай нагоды вялікая белая чапля у 1981 г. занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі фактарамі пагрозы для віду да гэтага часу з'яўляюцца змяншэнне плошчы і дэградацыя натуральных поймаў, а таксама неспакой на месцах гнездавання.

Пашырэнне арэала віду і павелічэнне колькасці зараз адзначаецца ў многіх краінах Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі. Сёння вялікую белую чаплю можна ўбачыць значна часцей і практычна паўсюдна, але выпадкі гнездавання да гэтай пары былі вядомыя толькі на поўдні Беларусі. Спарадычныя звесткі аб гнездаванні не дазваляюць праліць святло на вызначэнне сучаснага стану папуляцыі вялікай белай чаплі на тэрыторыі краіны. На чале са штогадовымі змяненнямі колькасці і размеркавання віду гэта не дазваляе вучоным даць доўгатэрміновы станоўчы прагноз існавання папуляцыі.
Зімуе вялікая белая чапля ў паўночнай частцы Афрыкі і Цэнтральнай Азіі. Прылятае з месцаў зімоўкі ў канцы сакавіка - красавіку. У спрыяльныя гады адзінкавыя птушкі застаюцца зімаваць на незамярзаючых вадаёмах у паўднёва-заходняй і заходняй частцы Беларусі.
Селіцца вялікая белая чапля ў водна-балотных угоддзях: па берагах густа заросшых кустамі і трыснягом вадаёмаў, у поймах рэк, у забалочаных астраўных лясах і іншых вільготных месцах. Падчас міграцый сустракаецца на палях, лугах, мелкаводдзях рэк і азёр.
Гняздуецца чапля як паасобку, так і ў змешаных калоніях разам з шэрымі чаплямі і вялікімі бакланамі. Гнёзды будуе на заломах трыснягу і ў хмызняках, радзей на дрэвах. Будаўнічым матэрыялам з'яўляюцца галлё, трыснёг, сустракаюцца белыя пер’я. У гняздзе звычайна 4-5 яек, афарбаваных у блакітны колер. Харчуецца рыбай і воднымі бесхрыбетнымі.
Для захавання гэтага прыгожага і цікавага віду, занесенага ў Чырвоную кнігу Беларусі, неабходна зберагчы месцы гнездавання чаплі, знізіць фактар неспакою ў перыяд гнездавання, забараніць паляванне на рыбаедных птушак у месцах гнездавання вялікіх белых чапляў. Немалаважным з'яўляецца і вылучэнне сучасных гнездавых паселішчаў, атрыманне звестак аб сустрэчах гэтых птушак у розныя сезоны года на тэрыторыі краіны (глядзі ўмовы акцый “Сустрэчы з вялікай белай чапляй” і “Калонія вялікай белай чаплі” на с. 3 нашага бюлетэня).

Агульныя патрабаванні да конкурсных мастацкіх, літаратурных і фотаработ

На кожнай рабоце павінны быць пазначаны імя, імя па бацьку, прозвішча, узрост, дакладны адрас і тэлефон аўтара, назва гуртка, адрас, а таксама імя, прозвішча кіраўніка гуртка і яго тэлефон, калі аўтар з'яўляецца сябрам якога-небудзь мастацкага гуртка. Без выканання гэтых патрабаванняў работы прымацца не будуць!
Конкурсныя работы не вяртаюцца. Яны могуць быць выкарыстаны для выставаў і публікацый у выданнях АПБ, а таксама ў газетах і часопісах з захаваннем аўтарства.

Конкурс выяўленчага мастацтва "Вялікая белая чапля ў творах юных мастакоў”

Прымаюцца выявы вялікай белай чаплі (малюнак, аплікацыя, вышыўка, скульптура). Работа павінна мець аўтарскую назву. Не прымаюцца малюнкі, зробленыя простым алоўкам, а таксама працы з пластыліну. Усе работы павінны суправаджацца інфармацыяй адпаведна агульным патрабаванням да конкурсных работ. Памер малюнкаў павінен быць не большым за фармат А2.
Конкурсныя работы дасылайце ў рэгіянальныя аддзяленні ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (адрасы пазначаны ніжэй).
Тэрмін падачы работ рэгіянальным коордынатарам: да 31 мая 2008 года. Узрост удзельнікаў: да 17 год.
Адрасы рэгіянальных каардынатараў для адсылкі мастацкіх конкурсных работ:
Брэсцкая вобласць: Бакур Ю.Ю., Брэсцкі абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў, вул. Ціхая 4, г. Брэст, 224020
Магілёўская вобласць: Бубнова Ж.А., Цэнтр экалагічнага выхавання, вул. Альхоўская 2б, г. Магілёў, 212017
Гродненская вобласць: Гуменны В.С., Гімназія №1 ім. акадэміка Я.С. Карскага, пр-т Я.Купалы 82, г. Гродна, 230010
Гомельская вобласць: Зеніна І.М., вул. Лясная 7-1, г. Тураў, Жыткавіцкі р-н, Гомельская вобл., 247980
Віцебская вобласць: Сінкевіч І.У., Шумілінскі раённы цэнтр пазашкольнай работы, вул. Ленінская 22, г.п.Шуміліна, Віцебская вобл., 211260
Мінская вобласць: Паршута А.В., Мядзельская сярэдняя агульнаадукацыйная школа №1 ім. У.М. Дубоўкі, вул. Ленінская 2, г. Мядзел, Мінская вобл., 222397
Мінск: Якубоўская С.А., Экалагічная гімназія №19, пр. Пушкіна 48, г. Мінск, 220073
Увага! Мастацкія работы неабходна дасылаць толькі рэгіянальным каардынатарам. Сакратарыят АПБ будзе прымаць толькі работы, якія сталі прызёрамі рэгіянальных этапаў.

Конкурс казак пра вялікую белую чаплю

Вы можаце прапанаваць сваю арыгінальную тэму для казкі, выкарыстоўваючы экалагічныя асаблівасці птушкі. Неабходна звярнуць увагу, на тое, што ацэньвацца будуць не толькі літаратурныя, але і экалагічныя якасці. Таму неабходна пазбегнуць памылак у біялогіі віду. Казка можа быць напісана на беларускай, рускай ці англійскай мовах. Дасылаць работы лепш у надрукаваным ці электронным выглядзе. У выпадку падачы рукапісных тэкстаў почарк павінен быць акуратным і разборлівым.
Тэрмін падачы работ: да 15 кастрычніка 2008 года.
Узрост удзельнікаў: не абмежаваны.

Конкурс на лепшы фотаздымак вялікай белай чаплі

Прымаюцца фотавыявы вялікіх белых чапель у прыродным асяроддзі, зробленыя ў 2008 годзе. Не прымаюцца на конкурс фотаздымкі гнёзд з яйкамі і птушанятамі. Фотаздымкі павінны быць каляровымі ці чорна-белымі, фармат - не менш 10х15 см і не больш як 20х30. Да здымка трэба абавязкова дадаць апісанне акалічнасцяў, пры якіх быў зроблены здымак (апісанне месца, колькасць назіраемых чапляў, наяўнасць другіх відаў птушак і г.д.)
Тэрмін падачы работ: да 15 кастрычніка 2008 года.
Узрост удзельнікаў: не абмежаваны.

Усе работы павінны адпавядаць агульным патрабаванням да конкурсных работ. Казкі і фотаздымкі трэба дасылаць на адрас АПБ: г. Мінск, а/с 081, 220023

Узнагароджанне пераможцаў. Лаўрэатам усіх конкурсаў будуць уручаны дыпломы, заахвочваючыя прызы і сувеніры. Усе ўдзельнікі атрымаюць лісты з падзякай і налепку з выявай вялікай белай чаплі.

Акцыя “Сустрэчы з вялікай белай чапляй”

Мэтай акцыі з'яўляецца выяўленне размеркавання вялікіх белых чапляў на тэрыторыі краіны ў розныя перыяды года. Пры назіранні чапляў неабходна пазначыць месца (вобласць, раён, бліжэйшы населены пункт, вадаём), дату і час назірання, агульную колькасць птушак дадзенага віду, коратка паведаміць пра абставіны сустрэчы (назіралі зімоўку, прылёт, пралёт, гнездаванне, харчаванне і г.д.). Калі Вы назіралі вялікую белую чаплю разам з другімі птушкамі, асабліва рыбаеднымі (чаплі, бакланы, буслы) можна дадаць інфармацыю і пра гэта (якія віды, колькасць птушак). Не забывайце таксама паведаміць для кантактаў сваё імя, прозвішча, адрас, тэлефон. Акцыя праводзіцца да 15 кастрычніка. Інфармацыю таксама магчыма заставіць на сайце АПБ (www.ptushki.org)

Акцыя “Калонія вялікай белай чаплі”

Мэтай акцыі з'яўляецца выяўленне гнездавых паселішчаў вялікай белай чаплі на тэрыторыі нашай краіны. Пры знаходжанні гнездавой калоніі, неабходна запісаць месца яе размяшчэння (вобласць, раён, бліжэйшы населены пункт, вадаём), апісаць біятоп, дзе знаходзіцца калонія, прыкладную колькасць пар вялікай белай чаплі, дату назіранняў, сваё прозвішча, імя, адрас, тэлефон. Гэтыя звесткі неабходна адразу даслаць ў АПБ, і мы будзем мець магчымасць узяць гэтыя калоніі пад ахову. Калі Вам сталі вядомыя факты пераследу “непажаданых” рыбаедных птушак у месцах гнездавання вялікай белай чаплі, што можа ўплываць на гнездаванне белай чаплі, просім паведаміць таксама і аб гэтым.

Фота Дзмітрыя Якубовіча.