In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушкі Беларусі

беларускія, рускія, лацінскія назвы

Сямейства: Дзятлавыя

Від: Жаўна сівая

Клікніце, каб павялічыць!
Andrey Tsvirenko Аўтар: Andrey Tsvirenko

Жаўна сівая

Лацінская назва: Picus canus
Ангельская назва: Grey-headed woodpecker
Руская назва: Дятел седой

Голас можна праслухаць тут:

Апісанне

Падобная да зялёнай жаўны: верх галавы і спіны шараватыя, у самца чырвоная пляма на лбе заходзіць на верх галавы, у абодвух полаў вузкія і чорныя «вусы». Ніз цела шараваты. Надхвосце жоўтае. Маладыя з карычневым адценнем, з палоскамi на баках цела, самцы з невялічкай чырвонай плямай на лбе. Радужына вока чорная. Голас: ападаючай танальнасцi, у параўнанні з зялёнай жаўной больш ціхі і меладычны, не такі прарэзлiвы «кью-кью-кью...», кожны раз павольней. Позыў — кароткае «г’ё, гек», стукае не вельмi гучна; часцей, чым зялёная жаўна. Даўжыня цела 25-29 см, размах крылаў 43-48 см.

Падвіды: з 11 падвідаў у Еўропе толькі P. c. canus — ад Францыі і Нарвегіі на У да цэнтр. Азіі і паўн. Манголіі.

Біятоп: старыя высакастволыя і прасветленыя лісцевыя лясы з прымессю букаў або ліп, на тэрыторыях з пагоркамі або перадгор’і паблізу палян цi адкрытых тэрыторый, прырэчныя лясы, дрэвастоі сярод палёў, могілкі. У Еўропе да 600 м в.у.м., але ў некаторых частках арэала даходзіць да 1000 м в.у.м. i нават да 2000 м в.у.м. На Урале таксама піхтавыя, лістоўнічныя ці яловыя лясы.

Гняздо: у дупле лісцевага дрэва (подсціл з парахні або дробных трэсак), звычайна ніжэй сярэдзіны ствала (2-5 м над зямлёй, часам вышэй — да 17 м). Дыяметр адтуліны 6-8 см, глыбіня гнездавой камеры 20-30 см, шырыня 10-15 см.

Яйкі: 5-7 (4-11), эліптычныя, крыху падоўжаныя з завостраным вузейшым канцом, белыя, сярэдне бліскучыя. Памеры: 28,5 х 21,5 мм (27,5-29,0 х 21,0-22,0 мм).

Арэал: ад Францыі і паўд. Нарвегіі праз Еўропу і Азію да Сахаліна і Японіі, а таксама Усх. Азія на Пд да Індакітая, Суматры і Гімалаяў.

Пералёты: аселы.

Месца зімовак: у межах гнездавога арэала.

Беларусь:нешматлікі на гнездаванні аселы від.