In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушкі Беларусі

беларускія, рускія, лацінскія назвы

Сямейства: Драздовыя

Від: Кралька

Клікніце, каб павялічыць!
© Т. Раманава Аўтар: © Т. Раманава © Дз. Якубовіч Аўтар: © Дз. Якубовіч © Дз. Якубовіч Аўтар: © Дз. Якубовіч

Больш фотаздымкаў гэтага віда глядзіце тут

Кралька

Лацінская назва: Luscinia svecica
Ангельская назва: Bluethroat
Руская назва: Варакушка

Голас можна праслухаць тут:

Апісанне

Самец у гнездавы перыд з ярка-блакiтнай плямай на горле i грудзях, пад якой iдуць чорная i ржавая палосы. Падвiд L.s. svecica у цэнтры блакiтнай плямы мае яшчэ i чырвоную, а падвiд L.s. cyanecula — белую. У негнездавы перыяд горла бялее i самцы падобныя да самак. Маладыя са светлымi рыскамi зверху i знiзу цела. Аснова хваста заўсёды рудая, бровы светлыя, а цёмная палоска на горле застаецца ў абодвух полаў ў негнездавы час. Голас: спеў (часцей за ўсе пачынаецца больш высока) разнастайны, падобны, як у ўсходняга і заходняга салаўёў, але больш бедны i хрыплы. Пачынаецца павольным «цiп-цiп... , прiт-прiт...». Позыў «уiт-чак», асцерагае сухiм «уiт-чак-чак». Даўжыня цела 14 см, размах крылаў 23 см.

Падвіды: L. s. svecica – Пн Еўропы i Азii (ад Скандынавii да п-ва Чукотка); L. s. cyanecula – ад Бельгii i ўсх. Францыi на У да Карпат, па лiнii Смаленск-Ноўгарад-Пецярбург, сюды далучаюцца таксама птушкi з Iспанii; L. s. volgae (сін. L. s. occidentalis) – усх. Еўропа да Волгi; L. s. pallidogularis – на У ад Волгі да Енiсейска i Ангары, L. s. magna – Каўказ. Акрамя таго, вылучаюцца яшчэ 3 падвiды ў Азii.

Біятоп: дрэвастоі або групы кустоў па берагах вадаёмаў, у месцах з высокай, але не вельмі шчыльнай травянiстай расліннасцю (часцей за ўсё паблізу рэк або ў месцах, дзе кусты робяцца больш рэдкімі). Пераходныя зоны памiж лесам i бязлеснымi прасторамi або далiнамi (напр., лесатундра з балотамi сярод ельнiкаў, вербнякаў, бярэзнiкаў, перыядычна вiльготныя ўчасткi ад узроўню мора да скандынаўскiх фіёрдаў. У Iспанii i на Каўказе на сухiх схiлах гор, камянiстых цi зарослых кустамi. У Iспанii даходзiць да 2000 м в.у.м.

Гняздо: на зямлі пад заслонай высокай травянiстай расліннасці, пад кустом, часцей за ўсё ў заглыбленнi, у адкосах рова або дамбы, часам на кронах павіслых кустоў. Знешняя частка даволі няшчыльная, з вільготнага і завялага лісця дрэў і кустоў з дамешкам адраўнелых частак сцёблаў зялёных раслін і сухога лісця траў. Цэнтр. частка гнязда — з вялікай колькасці зялёнага моху, які пераплецены лістамі травы або абтрапаным завялым лiсцем і расліннымі валокнамі. Багатая высцілка (да 1,5 см) з шэрсцi, валосся і лісця травы. D = 8,5-13,5 см, d = прыбл. 5 см, H = 6,5-7,5 см, h = прыбл. 5 см.

Яйкі: 5-6 (4-9), крыху падоўжаныя, з тупым вузейшым канцом, светла-блакiтныя, зялёныя, блакiтна-зялёныя, аліўкава-зялёныя або салатава-зялёныя з мноствам iржавых і не вельмі выразных плям, якіх больш на шырокім канцы; таксама цёмна-аліўкавыя або аліўкава-карычневыя з невыразным іржавым бляскам на шырокім канцы. Памеры: 19,0 х 14,0 мм (17,0-21,5 х 13,0-15,0 мм).

Арэал: у Еўропе разарваны; ад Iспанii, Францыi, Германii, паўн. Скандынавii праз паўн., цэнтр. і ўсх. Еўропу на У да паўн.-ўсх. Сiбiры i зах. Кiтая; М. Каўказ i Пантыйскiя горы (Турцыя). Гняздзiцца на Алясцы. Не сустракаецца ў Iсландыi, Iрландыi, Брытанскiх а-вах i ў мiжземнаморскiх краiнах.

Пералёты: (III) IV-V, (VIII), IX-X.

Месца зімовак: Мiжземнамор’е, Трапiчная Афрыка, паўд. і паўд.-ўсх. Азія (у тым лiку Iндыя i Iндакiтай).

Беларусь: нешматлікі гняздуючы пералётны і транзітна мігрыруючы від, спарадычна распаўсюджаны на Пн краіны і больш шырока на Пд. На Пн адзначаецца L. s. svecica, паўд. і цэнтр. часткі засяляе L. s. cyanecula, а на Пд-У магчымы L. s. volgae.