In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушкі Беларусі

беларускія, рускія, лацінскія назвы

Сямейства: Лескавыя

Від: Цвыркун звычайны

Клікніце, каб павялічыць!
Stefan Hage Аўтар: Stefan Hage

Цвыркун звычайны

Лацінская назва: Locustella naevia
Ангельская назва: Grasshopper warbler
Руская назва: Сверчок обыкновенный

Голас можна праслухаць тут:

Апісанне

Верх алiўкава-карычневы, светлае брыво, праз вока праходзiць цёмная паласа. Нiз цела белаваты, у невялiчкiя рыскi. Голас вельмi характэрны. Голас: манатоннае i вельмi доўгае «цiрр», вельмi нагадвае голас цвыркуна (насякомага). Спявае галоўным чынам увечары, ноччу i ранiцай. Асцерагае прарэзлівым «крiк». Даўжыня цела 12-13 см, размах крылаў 15-19 см.

Падвіды: L. n. naevia – Еўропа выключаючы крайні У, L. n. straminea – крайні У Еўропы i Сiбiр да перадгор’я Алтая, L. n. obscurior – усх. Турцыя i Каўказ; L. n. mongolica — ад Алтая да паўн.-зах. Манголii.

Біятоп: лугі з высокай расліннасцю і рэдкімі групамі кустоў (найбольш шматлікі на кіслых асаковых лугах), забалочаныя прырэчныя ўчасткi, берагi азёр i сажалак з асакой i кустамi або маладымi дрэвамi, ускрайкі забалочаных маладых лясоў, балоты i тарфянiкi, зарослыя бярозай, вярбой, вольхай, раслiннасць уздоўж берагоў рэк, вiльготныя палi (збожжа) паблiзу мелiярацыйных каналаў. На Каўказе — горныя лугi i палi (збожжа) да вышынi 1500 м в.у.м.

Гняздо: на зямлі або невысока (да 30 см) сярод густой і высокай расліннасці, у купіне асок або ў кусце, праз які прарасла травянiстая расліннасць (“уціснутае”, але не ўмацаванае), на палях, межах, у густых зарасніках, няшчыльнае, з вялікай колькасці выгнутага (з паламанага — вельмі рэдка) па краях матэрыялу. Знешняя частка і сярэдзіна гнязда з плоскіх лістоў і сцёблаў травы з прымессю коканаў насякомых. Высцiлка даволi шчыльная з сухiх траў, пераплеценых валоссем (часта конскiм), часам з прымессю пер’я i раслiннага пуху. D = 6-10,5 см, d = 5-5,5 см, h = 2,5-5,5 см.

Яйкі: 5-6 (4-7), крыху падоўжаныя, часцей за ўсё з вострым вузейшым канцом, белыя; плямы i крапінкі фiялетавыя, фiялетава-карычневыя, iржава-чырвоныя або светла-чырвоныя (дробныя, звычайна густыя), могуць так густа пакрываць шкарлупiну, што яйка здаецца ружовым, звычайна мае цямнейшую “шапачку” на шырэйшым канцы. Памеры: 17,0 х 13,5 мм (16,0-20,0 х 12,5-14,5 мм).

Арэал: Еўропа, акрамя крайняга Пд, паўн. Казахстан, зах. і паўд.-цэнтр. Сібір, паўн.-зах. Манголiя, Каўказ.

Пералёты: (III)IV-V(VI), (VII)VIII-IX. Папуляцыі з крайняй зах.-паўд. часткі арэала — аселыя.

Месца зімовак: паўн.-зах. Афрыка, зах. Афрыка на Пд ад Сахары, Пакiстан, Iндыя.

Беларусь: нешматлікі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Падобныя віды

Цвыркун рачны; Цвыркун салаўіны;