In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
"Жывая вясна-2014" крочыць па планеце!

Сонейка  сагравае цеплымі промнямі, стварае сапраўдны вясновы настрой, а тым часам у блакітным небе ўсе часцей можна пабачыць першых веснікаў  "Жывой вясны" — белых буслоў!

З пачатку сакавіка на сайт кампаніі паступіла звыш 340 назіранняў. Зараз наша краіна займае 3-е месца сярод 52-х краін-удзельніц. Але гэта толькі пачатак. Мы ўпэўнены,  што сапраўдная вясна яшчэ наперадзе і перамога будзе за намі!

Далучыцца да кампаніі вельмі проста. Для гэтага трэба часцей бываць на прыродзе  або проста па-за домам, прыглядацца да птушак.  І калі вы ЎБАЧЫЦЕ або ПАЧУЕЦЕ менавіта абраныя віды – белага бусла, вясковую ластаўку, чорнага свіргуля, зязюлю звычайную, шчурку-пчалаедку – занясіце свае назіранні з дапамогай аднаго з прапанаваных варыянтаў:

  • на сайт кампаніі пры дапамозе формы "ДАДАЦЬ НАЗІРАННЕ";
  • СМС на кароткі нумар 0841 (абавязкова ўкажыце вашае імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і назву птушкі), у адказ вы атрымаеце падарунак — спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны";
  • адпішыцеся ў адпаведных старонках у сац.сетках ( Укантакце  ці Фэйсбуку).

Цяпер кожны тыдзень мы будзем рабіць агляд кампаніі "Жывая вясна-2014", знаеміць вас з самымі цікавымі назіраннямі ўдзельнікаў, мерапрыемствамі і планамі, распавядаць пра  бягучы стан "Жывой вясны".

Самая вясновая краіна на дадзены момант — Італія, у якой звыш 2 500 назіранняў, але яно і не дзіўна: на поўдзень Еўропы вярнулася ўжо шмат птушак, у тым ліку вясковых ластавак. Мы чакаем прылёту гэтых прыгажунь на Радзіму толькі ў красавіку.

Шмат удзельнікаў падзяліліся сваімі першымі назіраннямі. Навучэнцы СШ №9 г. Слуцка асабліва радыя прылёту белых буслоў — іх гняздо можна пабачыць з акенцаў школы! Па словах дзетак, бусел актыўна займаецца аднаўленнем гнязда.

Цікавай гісторыяй падзяліўся і Юрый Янкевіч. 19 і 20 сакавіка ў раёне чыгуначнага вакзала горада Брэста каля станцыі Брэст-Цэнтральны быў заўважаны белы бусел.  Супрацоўнікі чыгункі былі здзіўлены і нават пачалі карміць птушку. Толькі арнітолаг збіраўся перавезці бусла ў больш бяспечнае месца — крылаты госць сам паспяхова пакінуў свае часовае месцазнаходжанне.

Бусел на чыгунцы ў Брэсце. Аўтар: Ю.ЯнкевічБусел на чыгунцы ў Брэсце. Аўтар: Ю.Янкевіч

Нагадваем, што на працягу кампаніі праходзяць чатыры конкурсы, дзе можна не толькі намаляваць ці зрабіць фота адной з птушак "Жывой вясны", але і падзяліцца сваей гісторыяй назірання, прыдумаць верш, зняць відэа і нават прыдумаць слоган для кампаніі "Жывая вясна"!

А яшчэ ў кампаніі былі насычаныя выходныя: 22 сакавіка "Жывая вясна" гукала разам з дзецьмі вясну ў Вязынцы,  распавядала пра птушак "Жывой вясны", мэты кампаніі, як прымаць удзел  і рэгістраваць свае назіранні.

А ў нядзелю "Жывая вясна" завітала ў парк Чалюскінцаў на "Фестываль шпакоўнікаў",  арганізаваны дзіцячым інтэрнэт-парталам "Азбука Ума", дзе знаёміла ўсіх жадаючых  з кампаніяй "Жывая Вясна", а таксама з птушкамі, якіх зусім нескладана пабачыць у нашай краіне, трэба толькі быць больш уважлівым і цярплівым.

У планах праекта "Жывая вясна" на першую палову красавіка — наведванне школ і гімназій  Мінска з мэтай пазнаёміць дзяцей з кампаніяй і заахвоціць удзельнічаць у вясновых назіраннях (калі жадаеце, каб да вас у школу  завітала "Жывая вясна", тэлефануйце каардынатару кампаніі), таксама мы завітаем у горад Мядзель, дзе адбудзецца конкурс юных аматараў птушак.

Нагадваем, што на сайце есць матэрыялы для тэматычных заняткаў па "Жывой вясне" у школах гуртках, дзіцячых цэнтрах.

Сябры,  далучайцеся да "Жывой вясны", няхай яна будзе яскравай і незабыўнай!

Карына Салавей, каардынатар кампаніі "Жывая вясна"
[email protected]
+375292648766+375292648766

 

Таксама глядзіце
Жывая вясна-2017: Беларусь 3-я з 55-ці краін удзельніц!
Стрижи в городе!
Пабачыў першага бусла? Паведамі! "Жывая вясна-2017" пачалася!
Жывая вясна-2016: Беларусь — 2-я з 55 краін-удзельніц!
Усе птушкі кампаніі "Жывая вясна" вярнуліся ў Беларусь! Паспей занесці сваё назіранне да 31 мая!
Конкурсы "Жывой вясны" чакаюць!
Пачалася "Жывая вясна — 2016"!
"Жывая вясна-2015": Беларусь — 5-я з 54 краін-удзельніц!
Вясковыя ластаўкі вяртаюцца!
100 жаворонков «вылетели» из духовки в Шумилино