Рэгіянальныя лідэры АПБ наведалі Швэцыю[SCREEN:0]Ужо на працягу некалькіх гадоў дзякуючы адмысловай сыстэме паведамленьняў (спачатку з дапамогай пэйджэраў, а зараз праз СМСкі), сябры швэдзкага Клубу300 маюць магчымасьць атрымліваць дакладную і своечасовую інфармацыю пра назіраньні рэдкіх ці цікавых для бёдуотчараў відаў птушак. Дадзеныя пра месцазнаходжаньне і характар перамяшчэньня ўвесь час карэктуюцца так, што ахвотныя могуць амаль дакладна ацаніць свае шансы на рэгістрацыю цікавага для іх віду. Дзякуючы карыстаньню з гэтай сыстэмы паведамленьняў, нам на працягу тыдня ў Паўднёвай Швэцыі і на востраве Эланд пашчасьціла ўбачыць коўпіцу, сінякрылую чырку ( Anas discors ) з Амерыкі, малога грыцука ( Limosa lapponica ) і сярэдняга кулёна, караткапальцага паўзунка, белавальлёвага дразда ( Turdus torquatus ) , плямістага сьвірстуна ( Anthus hodgsoni ). Усяго ж атрымалася ўбачыць каля 140 відаў птушак (не ўсе ўдзельнікі зарэгістравалі аднолькавую колькасьць). Цікава, што часам на месцы назіраньняў, калі мы там былі, зьбіралася па некалькі чалавек («нямнога»,- па словах швэдзкіх сяброў). Яны заўсёды стараліся дапамагчы адзін аднаму, паказаць дзе апошнім часам бачылі птушку, а то і адвесьці за некалькі сот мэтраў на патрэбнае месца. Было чаму пазайздросьціць!
[SCREEN:2] Акрамя непасрэдна бёдуотчынгу, атрымалася паўдзельнічаць у дасьледаваньнях на адным з квадратаў для Атласу гняздуючых птушак, паглядзець, як працуе Інтэрнэт-база дадзеных па назіраньням птушак «Ластаўка» (на пачатак траўня гэтага году — за некалькі год — у ёй сабрана ўжо больш за 9 мільёнаў рознага фармату назіраньняў з дакладна вызначанымі геаграфічнымі каардынатамі і датамі).
Атрымаць сапраўдны культурны шок давялося пры наведваньні спачатку простай сельскай муніцыпальнай школы з некалькімі сучаснымі будынкамі і самым сучасным абсталяваньнем, бясплатнай сталовай з выбарам некалькіх блюд у выглядзе «швэдзкага стала», і свабодай адносінаў паміж настаўнікамі і вучнямі. А потым ад прыватнай школы, дзе практычна не ставяць адзнак і не замыкаюць на ключ ні воднай шафкі ці памяшканьня, а вучні і настаўнікі ходзяць па драўлянай падлозе або ў шкарпэтках, або ў тэпцях («каб было, як дома»).
Наведалі мы таксама і дзьве станцыі кальцаваньня птушак – на поўдні мацерыковай часткі Швэцыі і на востраве Эланд.
[SCREEN:1] Але не толькі гэтым атрымалася зьдзівіць нас – спэцыялізаваная на продажы кніг па прыродзе крама, якая належыць SOF , прывяла ў замяшальніцтва вялізным выбарам вызначальнікаў і навуковай літаратуры па птушках і іншых жывых істотах з усіх кантынэнтаў і сыстэматычных груп. А разнастайныя сувэніры, адзеньне і оптыка (да выпрабаваньня выстаўлены больш 20 мадэляў розных тэлескопаў і штатываў да іх) прымушалі марыць пра той час, калі ў нас атрымаецца зрабіць нешта падобнае на гэты рай для бёдуотчараў.
Ёсьць чаму павучыцца ў нашых швэдзкіх калег, а галоўнае – ёсьць над чым працаваць у роднай Беларусі, каб хаця ж бы наблізіцца да іх узроўню.
Шчыра дзякуем Швэдзкаму агенцтву разьвіцьця міжнароднага супрацоўніцтва SIDA , Швэдзкаму цэнтру разьвіцьця няўрадавых аб’яднаньняў Forum Syd і Швэдзкаму орніталягічнаму таварыству SOF , асабіста Леннарту Карлссану і Хокану Ёртману за арганізацыю і дапамогу пад час візыту.
Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ), Горадня
Здымкі аўтара.