In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
256 кропак на карце, або як па вясне салаўёў лічылі

Самая мілагучная акцыя «Салаўіныя вечары з АПБ-2015» доўжылася на працягу амаль двух месяцаў. АПБ заклікала не толькі слухаць салаўёў, але і дзяліцца сваімі назіраннямі з усімі на Салаўінай карце, каб кожны жадаючы мог наведаць салаўінае месца і атрымаць асалоду ад спеваў. Давайце разам падводзіць вынікі: наколькі салаўіны 2015 год? 

16 і 17 мая ў Мінску адбыліся салаўіныя экскурсіі – на Камсамольскім  возеры і ў Севастопальскім парку мы спрабавалі пачуць галоўнага героя ды іншых птушак пад кіраўніцтвам прафесійных арнітолагаў. 

Фота — П.Аляксееў Фота — П.Аляксееў
 

У мінулым годзе складалася пераважна «Салаўіная карта Мінску»,  але ў гэты раз мы заклікалі адзначаць выдатных выканаўцаў птушынага свету ўсіх жыхароў краіны, у выніку на карце - 256 назіранняў! Гродна, Віцебск, Касцюковічы, Хоцімск, Мядзель, Астравец, Маларыта, Докшыцы, Шклоў, – салаўіная геаграфія атрымалася багатай і разнастайнай. Бясспрэчна, пакуль Мінск – самы салаўіны горад, каля 129 кропак адзначана мінчукамі-аматарамі салаўіных спеваў на адмысловай карце. Ці застанецца гэты статус у Мінску ў наступным годзе – будзем сачыць разам з вамі. З навінак гэтага года: давалі салаўінай аказалася пойма ракі Сож — важная ТВП, дзе зараз у рамках праекта "Прырода важная для ўсіх" пры фінансавай патрымцы Еўрапескага саюза разгортваецца сетка Захавальнікаў ТВП. 

Салаўіная карта-2015. Дзякуй за кожнае назіранне! Салаўіная карта-2015. Дзякуй за кожнае назіранне!

АПБ прааналізуе дадзеныя «салаўіных» месцаў і напіша лісты землекарыстальнікам, каб яны ведалі, што ў іх жывуць салаўі, і не пагаршалі ўмовы для іх. У той жа час з’явіліся месцы, дзе, у параўнанні з мінулым годам, салаўі зніклі. Мы таксама правядзем маніторынг гэтых тэрыторый і распрацуем рэкамендацыі, як вярнуць салаўёў у гэтыя месцы. 

Апошняе назіранне на карце дададзена 18 чэрвеня. А гэта значыць, што адзінкавыя асобіны яшчэ спяваюць і шанец пачуць салаўя для тых, хто не паспеў, яшчэ ёсць!

Звычайна ў чэрвені салаўі сканчаюць свае спевы, занятыя сямейнымі клопатамі – кормяць птушанят. 

Нас часта запытваюць, ці магчыма прывабіць гэтых птушак на пэўную тэрыторыю. І гэта не дзіўна – хто чуў салаўя, пагадзіцца: яго спевы зачароўваюць прыемным гучаннем. Прапануем вашай увазе парады, як заахвоціць салаўя стаць вашым суседам. 

Фота — Дз. ЯкубовічФота — Дз. Якубовіч

Як прывабіць салаўя на сваю сядзібу ці побач? 

Шмат чаго ў гэтай справе залежыць ад мясцовасці. Выдзел павінен быць дастаткова вільготным. Калі побач ёсць рака, канал ці сажалка, то шанцы, што салавей паселіцца побач, значна ўзрастаюць. Памер гнездавой тэрыторыі ў салаўя мінімум 50 м2. Лепей за ўсё яму адвесці месца ў куточку ля агароджы. 

Гэтыя птушкі любяць вільготныя цяністыя месцы з зараслямі бур’яноў і хмызняку. Салаўі гняздуюцца на зямлі, а корм для сабе і птушянят могуць збіраць і вакол гнездавой тэрыторыі. 

З хмызнякоў найлепей пасадзіць каліну, маліну, ажыну, бэз, чаромху, бружмель, бузіну чырвоную, спрацуе і вярба.

Калі гушчыня хмызнякоў недастатковая, можна загусціць сухімі галінкамі. Добра, калі гэты хмызняк  часткова зарасце крапівой ды хмелем. Галоўнае, каб на ім не было травы, а толькі высокія травяністыя расліны ды апалае перагнілае лісце на зямлі. Гэты ўчастак павінен быць вільготным. Не залішнім будзе, калі ваш ці салаўіны ўчастак агарадзіць сеткай, гэта будзе добрай аховай ад бадзяжных катоў і сабак. 

Варта зазначыць, што любыя парады – гэта толькі фундамент неабходных ведаў, прадказаць стоадсоткава, што салавей завітае і застанецца, на жаль, складана. Таму ў салаўінай справе патрэбен індывідуальны падыход сыходзячы з канкрэтных умоваў. Тым не менш, калі ў створаным кавалачку «дзікай прыроды» па якойсьці прычыне салаўі не з’явяцца, ёсць вялікая верагоднасць, што вас будуць радаваць не менш цікавыя іншыя віды птушак – малінаўкі, лескі, чаротаўкі. Спрабуйце і дасылайце нам расказы пра свае поспехі і новыя адкрыцці! 

Вялікі дзякуй усім удзельнікам акцыі «Салаўіныя вечары з АПБ» за тое, што дзяліліся сваімі назіраннямі і наведвалі экскурсіі, а салаўям – што радавалі нас на працягу некалькіх месяцаў прыгожымі спевамі. Будзем з нецярпеннем чакаць салаўіных сустрэч у наступным годзе!

Карына Салавей, каардынатар акцыі
salavei@ptushki.org

Таксама глядзіце
Фінал салаўінай песні года!
Салаўі, наспявайце нам лета!
Закрыццё сезону салаўінай оперы
Салаўіная вясна!
Час збірацца на "Салаўіныя вечары" і даследаваць "Салаўіную карту"
Па якім адрасе спявае салавей? Складаем карту разам!
Дзе ж спяваюць салаўі?
Салаўіныя вечары з "Аховай птушак Бацькаўшчыны"
Запрашаем на салаўіныя экскурсіі!
Пачалася акцыя "Салаўіныя ночы"