In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
"Начныя жыхары ляСОЎ" у Хаваншчыне!

Традыцыйны савіны летнік мяняе фармат! Брэсцкае абласное аддзяленне АПБ запрашае ўсіх жадаючых 25-27 сакавіка ў Хаваншчыну!

У гэтым годзе палявы летнік «Начныя жыхары ляСОЎ-2016» адбудзецца на ТВП «Хаваншчына». Новая тэрыторыя, новая справы, новы фармат! Запрашаем!

Совы чакаюць у Хавашчыне 25-27 сакавіка! Фота — Ю.Янкевіч Совы чакаюць у Хавашчыне 25-27 сакавіка! Фота — Ю.Янкевіч

Больш за 10 гадоў асноўныя мерапрыемствы летніку адбываліся ў вёсцы Залессе і на балоце «Дзікае». З гэтага году мы плануем штогод мяняць месцы правядзення летніку. Гэтай вясной нас чакае ТВП «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах Брэсцкай вобласці. ТВП «Хаваншчына» – буйны леса-балотны комплекс, што мяжуе з вядомым ТВП «Спораўскае». Мае важнае значэнне ў першую чаргу для захавання драпежных птушак. Больш пра ТВП «Хаваншчына»

Гэтым разам мерапрыемства пачнецца 25 сакавіка і працягнецца да 27 сакавіка ўключна. На працягу трох дзён мы будзем даследаваць лясы і балоты, аднаўляць і будаваць гнёзды для драпежных птушак, усталёўваць інфармацыйныя табліцы і гнездавыя скрыні для птушкі года, і канешне назіраць за птушкамі. Пад час летніку мы даведаемся, што адбылося з гнездавымі скрынямі і гнёздамі, пабудаванымі тут 5 гадоў таму. Якія пагрозы на ТВП ёсць у вялікага арляца і ях іх можна вырашыць? Ці гняздуе птушка году на ТВП «Хаваншчына»? Ці чулі ў лясніцтвах Івацэвіцкага лясгаса пра сэртыфікацыю FSC і якая сувязь існуе паміж ваўкамі і караедам у Белавежскай пушчы? Адказы на гэтыя пытанні і шмат іншага — хутка!

Сёлета галоўная тэма летніку, акрамя савінай, гэта практычная дзейнасць захавальнікаў прыроды. Летнік пройдзе ў форме практычнага семінара-трэнінга «Малыя справы – вялікія вынікі!».

Што чакае ўдзельнікаў? 

  • блуканне па начных лясах і багнах (улікі соў);
  • блуканне па навакольных багнах і лясах – пошук месцаў пражывання ахоўваемых відаў, у далейшым перадача іх пад ахову;
  • выраб і развешванне штучных гнездавых скрынь для птушкі года і драпежных птушак;
  • праверка і аднаўленне раней развешаных гнездавых скрынь для драпежных птушак;
  • цікавыя прэзентацыі і прыродазнаўчыя фільмы;
  • трэнінг-практыкум па выкарыстанні магчымасцяў, якія надае лясная сэртыфікацыя па сістэме FSC;
  • вечарыны ля вогнішча і шмат іншага!

Колькі соў налічым разам у Хаваншчыне? Фота — Ю.Янкевіч Колькі соў налічым разам у Хаваншчыне? Фота — Ю.Янкевіч

Хто можа прыехаць на летнік? 

На мерапрыемства запрашаюцца ўсе жадаючыя. У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў перавагу будуць мець заяўкі, атрыманыя першымі. Удзельнікі часткова аплочваюць харчаванне и праезд да месца правядзення летніка. Кошт харчавання складае прыкладна 100 000 бел. руб. за ўвесь час удзелу ў летніку. Размяшчэнне ўдзельнікаў плануецца ў цёплым драўляным доме.

Што абавязкова пакласці ў заплечнік? 

  • Спальны мяшок
  • Дыванік
  • Гумовыя боты (пажадана высокія балотныя боты)
  • Асабісты посуд
  • Прысмакі :) 

Як атрымаць месца ў летніку?

Дашліце анкету-заяўку на адрас  egreta113@mail.ru

Анкета ўдзельніка летніку «Начныя жыхары ляСОЎ-2016»: 

  • 1. Прозвішча, імя, імя па бацьку.
  • 2. Узрост.
  • 3. Хатні адрас.
  • 4. Ці з’яўляецеся вы сябрам АПБ?
  • 5. У якіх мерапрыемствах АПБ вы ўдзельнічалі ў апошнія 3 гады?
  • 6. Ваш род заняткаў (студэнт, працую, вучань і г.д.)
  • 7. Колькі відаў птушак вы бачылі ў Беларусі?
  • 8. Што вам больш за ўсё падабаецца рабіць з прапанаванага ў праграме летніку?
  • 9. Чаму вы хочаце ўдзельнічаць у летніку?
  • 10. Нумар мабільнага тэлефону і электронны адрас для сувязі. 

Заяўкі прымаюцца да 22 сакавіка ўключна! Нагадваем: колькасць месцаў абмежаваная! Перавагу будуць мець тыя, чыя матывацыя будзе найлепшым чынам адлюстравана ў заяўцы.

Поспехаў і да сустрэчы!