Людзі дапамагаюць птушкам[SCREEN:0] Сенакос на гэтым полі пачаўся параўнальна позна – толькі 15 чэрвеня, і за два тыдні дажджы здолелі збіць плястыкавыя стужкі ў траву так, што гнёзды засталіся амаль без пазнакаў. На жаль, адно з гнёздаў было кінута птушкамі яшчэ на пачатку інкубацыі. Другое ж мы не паспелі знайсці яшчэ раз, каб пазначыць наноў да пачатку сенакосу, і яно загінула ў першы ж пракос. Амаль заўсёды самка да апошняга моманту сядзіць на гняздзе і ўзлятае ў метры-дзвюх ад касілкі, таму такія гнёзды не маюць шанцаў. Трэцяе было паспяхова пазначана, і таму абкошана механізатарам Мікалаем Шынкаруком з СПК «Путрышкі».
Зразумела, што такі няскошаны ўчастак травы здалёк прыцягвае да сябе ўвагу, таму звычайна нават выратаваныя такім чынам гнёзды рабіліся ахвярамі бадзяжных сабак або ліс. Ў гэты раз было вырашана ўпершыню для Беларусі паспрабаваць выкарыстаць заходне-еўрапейскі досвед і абгарадзіць няскошаны ўчастак з гняздом металічнай сеткай. [SCREEN:1]
Разам з сябрамі АПБ Дзьмітрыем Ракіцкім і Юрыем Лукашэнкам за 15 хвілін мы здолелі абгарадзіць участак няскошанай травы прыкладна 5Х4 метры. Але калі ўжо заканчвалі, пачаўся дождж, і мы хваляваліся – ці сядзе самка на яйкі, ці не будзе баяцца сеткі вакол гнязда? Праз тры хвіліны мы сядзелі ў машыне і з задавальненнем убачылі самку, якая праз некалькі секундаў даследвання наваколля, села на гняздо. Атрымалася!
[SCREEN:2] Птушаняты на гэтым гняздзе з’явяцца толькі на пачатку ліпеня, і ім яшчэ месяц расці і сталець да таго часу, пакуль яны змогуць самастойна паляваць, а потым і адляцець на зімоўку у Афрыку. Спадзяемся, што дзякуючы дапамозе людзей, у іх атрымаецца не толькі зрабіць свой першы палёт, але і вярнуцца на гнездаванне ў нашы мясціны.
Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ), Горадня, здымкі аўтара.