In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Усе птушкі кампаніі "Жывая вясна" вярнуліся ў Беларусь! Паспей занесці сваё назіранне да 31 мая!

«Жывая вясна-2016»: больш за 30 000 чалавек з усёй Еўропы ўжо падзяліліся сваімі назіраннямі, калі і дзе яны пабачылі птушак-вястунак вясны. Ад нашай краіны пакуль паступіла каля 2000 назіранняў, мы на 3-м месцы. Але ў нас ёсць усе шанцы стаць першымі! Спяшайцеся складаць разам з намі карту вясны і вяртання птушак з выраю да 31 мая!

Вясковая ластаўка — адна з птушак "Жывой вясны". Фота — С.Верталь Вясковая ластаўка — адна з птушак "Жывой вясны". Фота — С.Верталь

З 1 сакавіка па 31 мая ў АПБ — чарговы сезон міжнароднай кампаніі «Жывая вясна», ў якой Беларусь прымае ўдзел кожны год. Чаму варта сустракаць птушак разам з намі і як гэта рабіць?

Што такое «Жывая вясна»?

«Жывая вясна» – міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання мігруючых птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія дае адказы на пытаніі «якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак?» і «як мы можам дапамагчы?».

Якія птушкі абраны вястунамі вясны?

Вястунамі «Жывой вясны» абраны пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), звычайная зязюля (обыкновенная кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Кожнае назіранне заносіцца на адмысловую мапу, і людзі з розных краін свету разам складаюць анлайн-мапу падарожжаў птушак з поўдня на Радзіму. Кожны дзень назіранняў будзе ўсё больш, і паступова мапа будзе змяняцца. Так мы зразумеем, калі прыйшла сапраўдная вясна!

Як дадаць назіранне?

Заклікаем усіх беларусаў часцей выходзіць на прыроду і прыглядацца да птушак. Калі вы ўбачыце ці пачуеце птушак «Жывой вясны»– зарэгіструйце назіранні. Як гэта зрабіць? Абірайце зручны для сябе варыянт.

  • на сайце «Жывой вясны» пры дапамозе формы "Дадаць назіранне"
  • СМС-паведамленне на кароткі нумар 0841 (Абавязкова напісаць імя, прозвішча, час назірання, месца, колькасць і від птушак), у адказ вы атрымаеце падарунак – спасылку на голас адной з птушак "Жывой вясны"!
  • напісаць сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сеткахFacebookі Вконтакте.

Чаму важны ўдзел кожнага?

 – Некаторыя людзі дзівяцца: «Як адно маё назіранне можа дапамагчы і на што яно ўплывае"? Але часцяком менавіта назіранні розных не звязаных з арніталогіяй людзей становяцца насамрэч каштоўнай крыніцай інфармацыі па міграцыі птушак і зменам у іх штогадовых падарожжах. Давайце разам назіраць, як пералётныя птушкі вяртаюцца дадому! Далучайцеся і далучайце сяброў! Нават калі вы дагэтуль не захапляліся птушкамі, ніколі не позна пачаць. Дарэчы, вясна для гэтага – самы спрыяльны час, – запрашае супрацоўнік па развіцці АПБ, каардынатар «Жывой вясны» па Беларусі Карына Салавей.

Складанне карты – адна з асноўных актыўнасцяў «Жывой вясны». Таксама ў межах кампаніі ў розных краінах ладзіцца шмат экскурсій і назіранняў за птушкамі, прэзентацыі і экалагічныя гульні ў школах. Вы можаце далучыцца да мерапрыемстваў свайго рэгіёна ці арганізаваць уласнае!

У гэтым годзе ў межах «Жывой вясны» пройдзе конкурс фотаздымкаў і малюнкаў. Падрабязнасці шукайце на сайце АПБ www.ptushki.org. Таксама будзе ладзіцца кальцаванне буслоў. Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і актывісты АПБ кожны сезон стараюцца падараваць каляровыя кольцы як мага большай колькасці маладых буслянят. Вяртанні калец даюць навукоўцам карысную інфармацыю, дзе зімуюць сімвалы Беларусі і праз якія краіны пралягае іх шлях дадому.

Цікава: колькі пралятаюць вястуны «Жывой вясны»?

Птушкі «Жывой вясны» зімуюць у цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы. Каб вярнуцца ў Беларусь, белыя буслы пралятаюць 8-10 000 кіламетраў, чорныя свіргулі і шчуркі-пчалаедкі – 6-9 000 кіламетраў, вясковыя ластаўкі – 6-10 000 кіламетраў, зязюлі – 5-7 000 кіламетраў. 

Сустракайце вясну разам з птушкамі!

Кантактная асоба – Карына Салавей, каардынатар кампаніі «Жывая вясна», +37529 2648766, [email protected]

Таксама глядзіце
Жывая вясна-2017: Беларусь 3-я з 55-ці краін удзельніц!
Дзе жыве самы вялікі жаўрук-смяцюх?
Стрижи в городе!
Пабачыў першага бусла? Паведамі! "Жывая вясна-2017" пачалася!
Жывая вясна-2016: Беларусь — 2-я з 55 краін-удзельніц!
Конкурсы "Жывой вясны" чакаюць!
Пачалася "Жывая вясна — 2016"!
Сканчаецца прыём работ на конкурс "Птушка года"!
Удзельнікі праграмы «Бусел» у гэтым годзе маюць шанец атрымаць каштоўны прыз!
Птицы и летучие мыши — в школьном лагере!