In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
"Капрэмонт" буслянак

Візітоўка Калінкавіцкага раёна аднавілася дзякуючы дапамозе людзей! Падрабязнасці і фотаздымкі — тут!

Склалася так, што спакон вякоў на Беларусі побач з чалавекам заўсёды жыве белы бусел. Старыя вялікія дрэвы, дахі дамоў і апошнім часам слупы ліній электраперадачы – асноўныя месцы для зручнай будоўлі гнёздаў гэтай велічнай птушкі. Птушкі-сімвала нашай Радзімы.

Не стаў выключэннем мірнага суіснавання бусла і чалавека і Калінкавіцкі раён Гомельшчыны. Блізасць ракі Прыпяць з яе заліўнымі паплавамі і вялікія тэрыторыі меліяраваных зямель з мноствам каналаў сталі ўтульным месцам для амаль двухсот гнёздаў нашых пярнатых суседзяў.

Сярод усіх гэтых птушыных паселішчаў адно месца мае асабовую значнасць для людзей і птушак. Бо выдзяляееца яно ня толькі не зусім стандартным размяшчэннем, але і цікавымі адносінамі чалавека да яго. Гэта тэрыторыя ў некалькі кіламетраў уздоўж трасы М10 Кобрын – Гомель – мяжа РФ, паміж вёскамі Турцэвічы і Рудня Антонаўская ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. І ўнікальнасць яго ў тым, што тут птушкі вырашылі пасяліцца на некаторай адлегласці ад людзей, а людзі не сталі ім пярэчыць і ўсімі сіламі імкнуцца захаваць гэты невялікі, але вельмі цікавы птушыны «кааператыў».

Знаёмцеся ж і Вы з гэтым цудам! 

Дзевяць гнёздаў пабудавалі буслы на слупах дзеючай лініі электраперадачы некалькі дзесяцігоддзяў таму. Ішоў час, а птушкі кожны год вярталіся з выраю, каб зноў і зноў гадаваць тут сваіх птушанят. З цягам часу старая лінія выпрацавала свой рэсурс і паўстала пытанне пра яе замену, а разам з ім і пра будучыню гнёздаў белых буслоў. Пастанова была на карысць усім: слупы з гнёздамі пакінулі на сваіх месцах, а новую лінію правялі на бяспечнай ад іх адглегласці.

Сімвалічным у гэтым сяброўстве бусла і чалавека аказалася і тое, што колькасць гнёздаў супала з колькасцю школ у Калінкавічах. Такім чынам кожны з бусліных дамоў атрымаў надзейнага сябра і захавальніка, з таго часу школы прынялі шэфства над буслінымі сем’ямі.

На жаль, час не стаіць на месцы і не шкадуе нічога. Дажджы, снег і налятаючыя моцныя вятры зрабілі сваю кепскую справу. У 2014 годзе замест дзевяці засталося сем гнёздаў, або платформаў для іх, а ў 2015 іх стала ўжо шэсць…

Не хочацца і думаць, што магло быць далей. Але ж дзякуючы намаганням людзей, неабыякавых да будучыні гэтага месца, атрымалася адшукаць спонсараў для правядзення капітальнага рамонту буслянак. Мясцовыя актывісты зрабілі чарцяжы новых металічных платформаў для будучых буслянак. Дзякуючы адукацыйнай праграме «Бусел», што выконваецца пад патранажам НПЦ па біярэсурсах і АПБ, пры фінансавай падтрымцы Фонду "CICONIA" (Ліхтэнштэйн) у рамках праекта Ciconia-Belarus, былі выдзеленыя сродкі на іх выраб. Пры актыўнай падтрымцы Калінкавіцкага райвыканкама і асабіста намесніка старшыні Замосціка В.І. былі набыты і ўсталяваны замест старых драўляных новыя жалезабятонныя апоры. Мясцовыя энэргетыкі адгукнуліся на гэты позыў са сваёй тэхнікай і чалавечымі рэсурсамі. На жаль, вялікая вясновая вада дазволіла паспець замяніць толькі тры платформы разам са слупамі. Астатнія плануецца абнавіць пасля заканчэння гнездавога сезона.

Пасля ўсталявання новых буслянак усе школы-захавальнікі аднавілі іх «фасады». Цяпер мала хто з людзей можа праехаць міма гэтага месца не знізіўшы хуткасць. А многія спыняюцца, каб зрабіць некалькі здымкаў на памяць. 

«Ну і які ж вынік з усяго гэтага?» – можа запытацца кожны. А вынік просты: у гэтым сезоне птушкі занялі сем гнёздаў з дзевяці, а восьмае рэгулярна наведвае малады бусел, каб у наступным годзе прыляцець сюды са сваёй сяброўкай. 

А мы ў сваю чаргу працягнем назіраць за поспехам гнездавога сезона  2016 года і за лёсам буслянак і буслоў у далейшым. Заклікаем і ўсіх унесці сваю лепту ў гэтую цікавую і вельмі карысную справу. Можа так стацца, што мясцовыя буслы чакаюць і вашай дапамогі! 

Разам для птушак і людзей!

Агляд падрыхтаваў Андрэй Шэўчык, жыхар Калінкавіцкага раёну, непасрэдны ўдзельнік падзей. Фота аўтара.  

Таксама глядзіце
303 молодых аиста полетят из Беларуси в Африку на зимовку с новыми кольцами
Аист из Беларуси — на Синайском полуострове!
Удзельнікі праграмы «Бусел» у гэтым годзе маюць шанец атрымаць каштоўны прыз!
Лето 2015 — одно из самых неудачных для белых аистов
Аист из Бродятина второй год провел в Литве
Перепись белого аиста: помогите обработать анкеты!
Промежуточные итоги переписи аистов в Беларуси: птиц стало больше!
BikeBirdWatching 19 ліпеня
Велосипедные учеты прошли в Ушачском районе
Первые новости аистиной переписи