In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушкі, "aDNaK!"

У Беларусі абралі найлепшую рэкламную прадукцыю ў межах Сёмага фэстывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «aDNaK!». Традыцыйна «птушкі» апынуліся сярод пераможцаў. Сёлета – 5 узнагарод! 

Закладкі "Птушачкі на палях" Закладкі "Птушачкі на палях"

Самым гучным праектам АПБ сталі адмыcловыя  закладкі «Птушачкі на палях», якія распрацавала рэкламнае агенцтва Vondel/Hepta. Такім чынам звярнулі ўвагу на праблемы птушак з Чырвонай кнігі (зараз там значыцца 70 відаў птушак). У краіне засталося ўсяго 5 параў сівагракаў, 4 пары беркутаў... Калі нічога не рабіць, зусім хутка нам давядзецца выкрэсліваць гэтых птушак са спісаў тых, хто лётае і спявае ўнашых лясах і палях. Варта задумацца!

- Людзям, якія чытаюць кнігі, часта хочацца адзначаць асабліва важныя для іх месцы – і яны малююць алоўкам птушачкі-галачкі на палях старонак. Мы падумалі, што было б выдатна прыдумаць і намаляваць сапраўдных птушачак, якіх можна літаральна пакідаць у кнігах, стварыўшы наборы закладак са стыкерамі,- расказваюць пра ідэю і пра асацыяцыі з птушкамі сапраўднымі і птушкамі ў кніжках у рэкламным агенцтве Vondel/Hepta. – Пасыл акцыі просты: «Птушачкі павінны застацца не толькі ў кнігах!»

Для закладак былі абраны 4 групы птушак, па тры віды птушак у кожнай. Так, у наборахз’явіліся 4 арыгінальныя закладкі з 15 стыкерамі на кожнай.

 

- З аднаго боку закладак – налепкі, а з другога змешчаны больш буйныя малюнкі рэдкіх відаў птушак, пазначана іх колькасць у краіне і пагрозы знікнення. Кожная закладка – кропка знаёмства з птушакамі і іх праблемамі. А падрабязней можна даведацца на сайце АПБ www.ptushki.org: прачытаць, натхніцца, стаць сябрам ці староннікам АПБ і прымаць удзел у захаванні рэдкіх відаў, — адзначае намеснік дырэктара па развіцці АПБ Ганна Трафімчук.

Аўтары ідэі спадзяюцца, што закладкі стануць напамінам пра тое, як важна захоўваць птушак не толькі на палях кніг, але і берагчы іх у рэальнай прыродзе.

Узнагароды «Птушачак на палях» – 1 месца ў катэгорыі «Друкаваная і вонкавая рэклама, постары»,  3 месца ў катэгорыі «Рэкламныя сувеніры і бізнес-падарункі», 3 месца ў катэгорыі «Сацыяльнаарыентаваны праект, кампанія».Аўтар iдэi– Насця Грышанава, ілюстратар – Iра Забела, дызайнеры – Юра Лiтвiн і Iра Кашырына.

Таксама журы звярнула ўвагу і на тое, як птушкі-графіці сталі ўпрыгожваць гарады і як дзякуючы совам і зімародкам некаторыя будынкі сталі збіраць чэргі моладзі (і не толькі!) на фотасесіі.

Так, у катэгорыі «Стрыт-арт» на 2 месца патрапіла графіці «Вушатая сава – птушка 2015 года», якое з’явілася ў мінулым годзе на будынку Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар: Маша GRAPEWAVE Рудакоўская і Алесь KONTRA Благій (арт-студыя TAKTAK).

На 3 месцы гэтай жа катэгорыі апынулася графіці «Зімародак – птушка Валожынскага раёна». Птушка з’явілася вясной ў цэнтры Валожына дзякуючы праекту ЕС/ПРААН па прасоўванні прушкі як прыроднага сімвала раёна. Аўтар: Маша GRAPEWARE Рудакоўская (арт-студыя TAKTAK). 

Дзякуй за высокія адзнакі «птушыных» тэм і за ўвагу да папулярызацыі дзікай прыроды і яе захавання. Ведайце больш пра птушак Бацькаўшчыны і зрабіце сваю добрую справу дзеля захавання рэдкіх відаў! Напрыклад, зараз у нас — акцыя "Выратуй арляня"