In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
"Чорны" спіс інвазійных інтрадуцэнтаў, забароненых у Еўрапейскім Саюзе

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў. 

На нашым кантыненце цяпер вядома ажно 12 тысяч відаў-інтрадуцэнтаў і сярод гэтай колькасці 1500 відаў ужо зарэкамендавалі сябе як сур’ёзныя шкоднікі. 

Знак з самым распаўсюджаным відам-інтрадуцэнтам птушак – бажанам. Фота — Дз.Вінчэўскі Знак з самым распаўсюджаным відам-інтрадуцэнтам птушак – бажанам. Фота — Дз.Вінчэўскі

З больш чым паўгадовым спазненнем Еўрапейская камісія 13 ліпеня абвесціла, што прыняла распараджэнне, якое пасля апублікавання ўводзіць у жыццё сур’ёзныя абмежаванні на ўвоз, ўтрыманне і перамяшчэнні для шэрагу самых небяспечных відаў інвазійных для Еўропы інтрадуцэнтаў (чужародных відаў) раслін і жывёл.

Узгоднены т.зв. Чорны Спіс можа быць выкарыстаны для прыярытэзацыі відаў па неабходнасці дзеянняў — як гэтага патрабуе міжнародная палітыка па біялагічных інвазіях. Аднак Спіс можна выкарыстаць не толькі для прыняцця важных і своечасовых рашэнняў, але і для выкарыстання як фармальнага індыкатара прагрэсу ў дасягненні пастаўленых мэтаў Канвенцыі па біялагічнай разнастайнасці (Convention on Biological Diversity). Адна з іх кажа пра тое, што «Да 2020 году інвазійныя чужародныя віды павінны быць вызначаныя і прыярытэзаваныя, прыярытэтныя віды мусяць кантралявацца або быць вынішчаныя, прынятыя меры па недапушчэнню іх інтрадукцыі і стварэнню ўстойлівых папуляцый». 

З-за таго, што рэсурсы на ахову прыроды і барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі абмежаваныя, надзвычай важна было вызначыць, якія віды ўжо цяпер або ў бліжэйшай будучыні з’яўляюцца найбольш шкоднымі і аказваюць непапраўнае ўздзеянне на тыя мясцовыя віды і экасістэмы, сярод якіх яны апынуліся па віне чалавека.

Паводле ранейшых рашэнняў Еўрапейскага парламенту і Рады ЕС яшчэ з канца 2014 году, Еўракамісія павінна была прыняць Спіс самых неябспечных відаў-інтрадуцэнтаў яшчэ на пачатку гэтага году. Прычым да самаго распараджэння далучаны доўгачаканы Спіс відаў (гл. ніжэй). Распараджэнне пачынае дзейнічаць пасля яго апублікавання – г.зн. ужо ў бліжэйшы час. 

Відаў з гэтага Спісу датычаць наступныя абмежаванні і забароны:

  • Забароненыя завоз у краіны ЕС, вываз з ЕС, перамяшчэнне ў межах ЕС (за выключэннем транспарціроўкі для знішчэння) і ўсіх іншых шляхоў транспарціроўкі на тэрыторыі Еўрапескага Саюзу (ў тым ліку перамяшчэнне транзітам пад мытным наглядам);
  • Забароненыя ўтрыманне, гадаванне, размнажэнне, вырошчванне і развядзенне, ў тым ліку і на ізаляваных аб’ектах;
  • Забароненыя выпуск у зварот, выкарыстанне ці абмен;
  • Забаронены выпуск у навакольнае асяроддзе.

Для пералічаных вышэй забарон ёсць наступныя выключэнні:

  • Уладальнікі жывёл, пералічаных у Спісе, якіх трымаюць для некамерцыйных мэтаў, маюць права іх пакінуць у сябе да іх натуральнай смерці ў выпадку, калі яны ўжо ўтрымліваліся перад уступленнем забароны ў сілу, жывёлы ўтрымліваюцца ізалявана і прыняты адпаведныя меры, якія не дазваляюць ім размнажацца і ўцячы. Тыя ўладальнікі, якія не могуць ці не выконваюць пералічаных абмежаванняў, будуць абавязаныя перадаць сваіх пітомцаў у адпаведныя цэнтры.
  • Уладальнікі «груп» такіх відаў, якія выкарыстоўваюцца для камерцыйных мэтаў і былі набытыя перад пачаткам дзеяння абмежаванняў, маюць права яшчэ два гады трымаць гэтыя віды, перамяшчаць жывымі альбо здольныя для размнажэння іх часткі ў мэтах продажу або перадачы цэнтрам, якія атрымаюць адпаведны дазвол. А на працягу году – таксама для продажу некамерцыйным карыстальнікам пры ўмове, што тыя будуць утрымлівацца ізалявана і не будзе магчымасці размнажацца і ўцячы. 

Трэба стварыць сістэму, якая зробіць магчымай атрыманне дазволаў для цэнтраў, якія вядуць ці будуць весці навуковыя даследаванні гэтых відаў, альбо для выкарыстання для істотных медычных мэтаў пры ўмове, што будуць выканнаныя абмежаванні па іх ізаляцыі і папярэджанню ўцечкі.

Таксама краіны ЕС пасля індывідуальнага дазволу ад Еўракамісіі могуць выдаваць дазволы на правядзенне іншых дзеянняў, чым пералічаныя вышэй (напрыклад, на ператрымку нежаданых жывёл забароненых відаў у спецыяльных цэнтрах).

Гандлёвае выкарыстанне ўжо інтрадукаваных у краіне відаў будзе магчымым толькі часова толькі калі мэтай з’яўляецца іх знішчэнне, кантроль альбо ізаляцыя папуляцыі, на аснове дэталёвага тлумачэння і пад умовай, што будуць прыняты адпаведныя меры каб пазбегнуць далейшага іх распаўсюджання.

Хаця распараджэнне Еўракамісіі наўпрост дзейнічае ва ўсіх краінах ЕС, для яго паспяховай рэалізацыі краіны павінны увесці шмат уласных прававых рэгуляцый і арганізацыйных рашэнняў, а таксама прадпрыняць адпаведныя дзеянні. На працягу наступных 18 месяцаў неабходна стварыць сістэму нагляду, ў якой будуць назапашвацца дадзеныя аб распаўсюджанні і сустрэчах забароненых відаў, выяўленне шляхоў іх непераднамеранага распаўсюджання або распаўсюду і вызначэнне прыярытэтных для супрацьдзеяння відаў. Для такіх відаў на працягу трох наступных гадоў трэба будзе прыняць і распачаць рэалізоўваць планы дзеянняў.

Акрамя гэтага, кожная краіна абавязана правесці адпаведныя адукацыйныя і інфармацыйныя кампаніі пра расліны і жывёл з Чорнага спісу, каб папярэдзіць іх далейшае распаўсюджанне.

«Чорны» Спіс інвазійных інтрадуцэнтаў, забароненых у ЕС:

Расліны

  • Серабрысты бакхарыс Baccharis halimifolia
  • Каліфарнійская кабомба Cabomba caroliniana
  • Водны гіяцынт Eichhornia crassipes
  • Персідзкі баршчэўнік Heracleum persicum
  • Баршчэўнік Сасноўскага Heracleum sosnowskyi
  • Hydrocotyleranunculoides
  • Вялікі лагарасіфон Lagarosiphon major
  • Вялікакветкавая людвігія Ludwigia grandiflora
  • Ручаёвая людвігія Ludwigia peploides
  • Амерыканскі тулейнік Lysichiton americanus
  • Myriophyllum aquaticum
  • Parthenium hysterophorus
  • Прадзіраўлены рдэст Persicaria perfoliata (Polygonum perfoliatum)
  • Pueraria montana var. lobata (Pueraria lobata) 

Безхрыбетныя жывёлы

  • Кітайскі краб Eriocheir sinensis
  • Луізіанскі рак Procambarus clarkii
  • Мармуровы рак Procambarus fallax f. virginalis
  • Сігнальны рак Pacifastacus leniusculus
  • Паласаты рак Orconectes limosus
  • Усходні амерыканскі рак Orconectes virilis
  • Жаўтаногі чорнаплечы шэршань Vespa velutina nigrithorax

Рыбы 

  • Ратан-галавешка Perccottus glenii
  • Амурскі чабачок Pseudorasbora parva 

Амфібіі

  • Жаба-бык Lithobates catesbeianus (Rana catesbeiana)

Рэптыліі

  • Чырвонавухая чарапаха Trachemys scripta

Птушкі

  • Усходняя варона Corvus splendens
  • Амерыканская саўка Oxyura jamaicensis
  • Свяшчэнны ібіс Threskiornis aethiopicus 

Звяры

  • Вавёрка Палласа Callosciurus erythraeus
  • Шэрая вавёрка Sciurus carolinensis
  • Чорная вавёрка Sciurus niger
  • Сібірскі бурундук Tamias sibiricus
  • Амерыканская нутрыя Myocastor coypus
  • Кітайскі мунтджак Muntiacus reevesi
  • Малы мангуст Herpestes javanicus
  • Рыжая насуха Nasua nasua
  • Янот-паласкун Procyon lotor 

 Паводле www.ginacegatunki.pl падрыхтаваў Дз. Вінчэўскі , www.birdwatch.by 

Не увертелась от учетов!
21 ліпеня 2016 года
"Может все-таки попугай?"
15 ліпеня 2016 года