In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Экскурсія з краязнаўчым прысмакам

Ані залева, ані холад не перашкодзілі тром дзясяткам сяброў клубу АПБ «Рэдкая птушка» выправіцца ў Налібоцкую пушчу на бёрдынг са старшынёй АПБ Васілём Грычыкам.

 

Рэдкі госць на возеры Кромань 

Васіль Вітальевіч ад пачатку зацікавіў удзельнікаў вандроўкі гэтым краем і пазнаёміў з яго гісторыяй. Сама пушча належала калісьці князям Радзівілам і яны багата разоў ездзілі туды на паляванне. А непадалёк ад Налібокаў у вёсцы Люцынка жыў і працаваў заснавальнік беларускай драматургіі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ягоную магілу ва ўрочышчы Тупальшчына па дарозе ў пушчу і наведалі экскурсанты.

Паабапал дарогі на снапах сядзелі канюхі, выглядваючы сабе здабычу. Сярод іх былі і касматаногія канюхі, якія гняздуюць у тундры. Яны штогод прылятаюць да нас на зіму з Усходу. Але сапраўднай радаснай неспадзяванкай дня сталі чорнаваллёвыя гагачы. Пяць асобін яшчэ ў прыгожым летнім чорна-белым убранні курсірвалі па возеры Кромань.

Фото — 500ptiz.ru Фото — 500ptiz.ru

«Від занесены ў Чырвоную кнігу, гняздуецца толькі на поўначы краіны. Часцей іх можна пабачыць падчас міграцыі. І гэтыя асобіны хутчэй за ўсё таксама мігранты», — каментуе Васіль Грычык. 

Пераважная большасць удзельнікаў экскурсіі бачыла від упершыню ў жыцці, а таму ня страшна было трошачкі памокнуць на беразе возера.

Лебедзь-шыпун з Чырвонай кнігі

Аўтобус паціху рушыў у кірунку Дакудаўскага заказніку. За вокнамі птушак не відаць, а дождж і вецер не сціхаў.

- Гогаль звычайны, лебедзь-клікун.

- А яшчэ шыпун. 

Каб не засумаваць, заўсёднікі птушыных экскурсій Юлія і Сяргей пачынаюць узгадваць птушак, што калісьці знаходзіліся ў Чырвонай кнізе. Як не дзіўна, але ледзь не самыя папулярныя для падкормкі вадаплаваючыя птушкі – лебедзі-шыпуны калісьці былі рэдкім для Беларусі відам. Гэта цяпер іх можна пабачыць паўсюль, а з'явіліся яны толькі ў 70-х гадах. У 80-х былі ўнесеныя ў Чырвоную кнігу і толькі ў сярэдзіне 2000-х выключаныя адтуль. А клікун зусім яшчэ навічок на беларускай зямлі: толькі 13 год таму арнітолагі зарэгістравалі паспяховае гнездаванне. Але існуе меркаванне, што менавіта ён будзе часцей за шыпуна сустракацца беларусам. Дарэчы абодва віды экскурсанты пабачылі каля Дакудаўскіх торфараспрацовак.

Аб'ездзіўшы Валожынскі раён амаль з усіх бакоў, немагчыма было не заехаць у сам Валожын і не паглядзець цудоўныя графіці і скульптуру зімародка – птушкі-сімвалу Валожынскага раёну. А таксама сфатаграфавацца з аўтарамі скульптуры – Юрыям Бірыным-Паўлавым і Лаймай Мірончык. Юры дарэчы таксама сябра клубу «Рэдкая птушка» і часты наведвальнік экскурсій. 

Пераўтварыцца ў жанчыну альбо канец Сусвету

Вяртаючыся ў аўтобус самыя ўважлівыя пабачылі двух кольчатых туркавак. Людзей яны асабліва і не баяцца, іх часта можна сустрэць у маленькіх гарадах і мястэчках. Раней кольчатых туркавак нават бачылі ў Менску. 

Кольчатая туркаўка. Фота — Дз.Якубовіч Кольчатая туркаўка. Фота — Дз.Якубовіч

«Кольчатая туркаўка не з'яўляецца нашым абарыгенным відам. Упершыню яе зарэгістравалі на пачатку 60-х гадоў. Усярэдзіне мінулага стагоддзя яна пачала рассяляцца з Міжземнамор'я і Закаўказ'я незразумела з якіх прычын. Рассяленне ішло вельмі хутка, дайшло да  Прыбалтыкі. Цікава, што размнажацца гэтыя птушкі пачынаюць вельмі рана — ужо ў сакавіку. І за сезон могуць паспець вывесці патомства тройчы», — тлумачыць старшыня АПБ.

Васіль Вітальевіч прыгадаў яшчэ і прыгожую гісторыю з кольчатай туркаўкай, якая была апісана ў кнізе вядомага брытанскага натураліста Джэральда Дарэла «Птушкі, Жывёлы і іншыя сваякі» (Birds, Beasts and Relatives, 1969). Гэта аўтабіяграфія  расказвае аб дзяцінстве заалага на грэчаскай выспе Корфу. Кольчатая туркаўка на грэчаскай мове называецца «дэкаоктура» (δεκαοχτούρα), па-грэчаску дэкаоктура значыць яшчэ і васямнаццаць. А справа ў тым, што калі Ісус Хрыстос ішоў на Галгофу, знемагаў ад смагі. Вады побач не было, але стаяла жанчына і прадавала малако. Яно каштавала васямнаццаць манет. Хтосьці побач знайшоў у сябе семнаццаць манет, але жанчына адмовілася прадаваць і толькі казала: «Васямнаццаць, васямнаццаць». Пасля распяцця Хрыста, жанчына пераўтварылася ў кольчатую туркаўку, каторая ўвесь час крычыць: «Дэкаоктура, дэкаоктура». Лічыцца, што калі яна скажа «дэкаэпта», то бок сямнаццаць, то пераўтварыцца назад у жанчыну, а калі «дэкаенеа», то бок дзевятнаццаць, то прыйдзе канец сусвету.

У выніку на рахунку «рэдкіх птушак» усяго толькі 14 відаў, але толькі дзеля аднаго з іх – чорнаваллёвага гагача — ўжо варта было пакідаць межы сталіцы.

«Усё здорава, акрамя надвор'я! Запомнілася надзвычайнае рэчышча Нёмана, не такое як мы звыклі бачыць. Спачатку мне яно падалося нейкай канавай. Вельмі цікава: яно раскрылася перада мной зусім у іншым выглядзе», — дзеліцца ўражаннямі Сяргей Басарановіч.

«Спадабалася экскурсія, бо яна была таксама і краязнаўчая. Паколькі я ніколі не была ў гэтых мясцінах, то з задавальненнем паслухала і паглядзела», — кажа Юлія Івашчанка.

Сябры клубу «Рэдкая птушка» шчыра дзякуюць стыршыні АПБ, прафесару Васілю Вітальевічу Грычыку за займальную і інфарматыўную экскурсію, а таксама за цікавыя факты з жыцця рэгіёну.

Далучайцеся да нашай каманды! Як стаць сябрам клуба АПБ "Рэдкая птушка" 

Наста Рэзнікава, клуб АПБ «Рэдкая птушка»

Фота – І. Бірына-Паўлава, Л. Мірончык, І.Груздзіловіч, А. Вінчэўскі 

Держим курс на Смолевичи!
12 кастрычніка 2016 года
Таксама глядзіце
39 видов «в кармане», или Как провести воскресенье на свалке и не пожалеть?
Клюква, журавли и дигископинг
Сябра АПБ нумар 7000!
Trash экскурсия от АПБ!
17 сентября — на "Жураўлі і журавіны" в Миоры!
Успей побёрдвотчить летом — Free Walking Tour с птицами-12!
Экскурсия АПБ: учимся определять куликов вместе!
"Отпросился с работы и поехал помогать лососю"
Free Walking Tour с птицами-5!
В гости к золотистым щуркам!