In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Бармэн з Амстэрдаму адзначыў 6833 віды птушак за год!

Пасля трыўмфальнага рэкорду ў 2016 годзе з 6833 відамі птушак, нідэрландзкі бёрдэр Arjan Dwarshuis нядаўна вярнуўся ў свой родны Амстэрдам.

Ніжэй — яго адказы на цікавыя пытанні двух сайтаў, які праводзілі кожнае з інтэрв’ю самастойна.

Што стала галоўным матывам для твайго «Вялікага года»?

- Я заўсёды, колькі сябе памятаю, быў у захапленні ад прыроды. У 9 год я пачаў занатоўваць свае назіранні птушак, у 12 я стаў шукаць рэдкіх мігрантаў. У 15 год самастойна паехаў у Турцыю і ў 18 аўтаспынам «зрабіў кругасветку» і адзначыў шмат пагражаемых відаў птушак і экасістэм. Я хацеў выкарыстаць «Вялікі год» назіранняў за птушкамі як нагоду прыцягнуць да іх увагу і 2,5 гады таму я вырашыў «ісці на рэкорд». Я адклаў усе заняткі «на бок», закупіў вызначальнікі і пачаў дамаўляцца з туркампаніямі.  Аднак праз 2 дні пасля таго, як я напісаў пра гэта ў Твіттэры, нехта адказаў мне, што амерыканец Ноа Страйкер  (Noah Strycker) таксама запланаваў сусветны Вялікі год. Спачатку я планаваў свой зрабіць з бюджэтам «аўтаспынаў», аднак каб паставіць рэкорд я быў вымушаны часова адступіць (смяецца).

Чаму і калі ты вырашыў пайсці на гэта і якімі сталі твае найбольшыя ахвяры?

- Я пачаў марыць пра сусветны Вялікі год пасля таго, як даведаўся пра рэкордны 1989 год амерыканскага арнітолага Джэймса Клементса (3.662 віды). І я бачыў патэнцыял прыцягнуць увагу многіх людзей, каб паказаць важнасць аховы прыроды і, што найбольш важна, паказаць падлеткам, што бёрдынг і прырода ўвогуле ёсць «cool». Я вырашыў «ісці на яго» напрыканцы 2014 г., што давала мне троху больш за год на планаванне, пошук спонсараў, кантакты з гідамі і мільён іншых, не менш важных справаў. Аднак вялікіх прысвячэнняў і ахвяраў не было: мае сябры і сям’я падтрымлівалі кожны мой крок, а мая дзяўчына (якая сама фантастычная бёдуотчарка) далучылася да мяне ў Паўднёвай Афрыцы, Гішпаніі, Перу і ў Эквадоры. Канешне, з’ехаць на год — гэта рызыкоўны выклік адносінам, аднак мы падзяляем тое самае захапленне назіраннямі птушак і я шчаслівы тым, што гэты год зрабіў нас нават больш блізкімі сабе.

Ты ставіў адной з мэтаў сабраць 100 тысяч эўра на ахову птушак – што атрымалася?

- На сёння я «сабраў» больш 20 тысяч эўра для Праграмы прадухіленню знікненню відаў (Birdlife Preventing Extinctions Programme) і я буду працягваць, пакуль не збяру запланаванае. Гэта самае меншае, што я магу зрабіць для ўсіх тых знікаючых відаў птушак, якіх я бачыў. Аказалася, што сабраць грошы на нешта, што не звязана наўпрост з чалавекам, цяжка – людзі найбольш згодныя ахвяраваць грошы на гуманітарныя мэты. Гэта, канешне, зразумела, але кепска, што многія не бачаць, што захаванне прыроды і прыродная спадчына жыццёва неабходныя для будучыні нашай планеты і існавання нашага ўласнага віду.

Ці быў хоць адзіны момант, калі ты дапускаў, што не паб’еш папярэдні рэкорд?

- Абсалютна чэсна – не  :) 

Якім было найлепшае месца з погляду колькасці відаў птушак?

Перу. Без сумневаў. Мігель Лезама (Miguel Lezama) з Tanager Tours быў фантастачным гідам. Разам з маёй дзяўчынай, Камілай, мы адзначылі там 1001 від за 24 дні – гэта быў рэкорд унутры рэкорду! 577 з іх сталі новымі для майго самага Вялікага году. З гэтых відаў мы ўбачылі 70 сапраўды рэдкіх эндэмікаў і крыттчна пагражаемых відаў. Аднак гэта яшчэ і краявіды, культура, людзі…

Якія месцы ты лічыш для сябе самымі ўдалымі і самымі няўдалымі?

- Найбольш удалымі без сумневаў сталі Папуа Новая Гвінея, Інданезія і Гана. Я быў у гэтых краінах у разгар дажджавога сезону, аднак не помню ніводнага моцнага дажджу. Гэта звязана, напэўна, з наступствамі папярэдняга году з цяжкім El Niño. Самым няўдалым месцам, напэўна, можна лічыць Уганду, дзе я не ўбачыў два самых жаданых віды: Grauer's Broadbill і Green-breasted Pitta. Азіраючыся назад, я думаю што варта прызнаць, што  мне спрыяла ўдача. Я не хварэў на працягу году ні дня, усе пералёты здзяйсняліся адпаведна з графікам і я рэдка трапляў у кепскае надвор’е.

Самы цікавы від за год?

- Я быў у найпрыгажэйшым дажджавым лесе ў Гане разам з гідам з Ashanti Tours, маім бацькай і сябрамі-аператарамі. Мы павінны былі стаяць ціха. Вызіраючы з-за валуна, мы маглі бачыць чашападобнае гняздо. Мы чакалі і чакалі. Раптам кусты пачалі шавяліцца і гэта фантастычная чорна-бела-жоўтая птушка з’явілася перад намі ва ўсёй сваёй прыгажосці – гэта была заходняя лысая варона (Picathartes gymnocephalus). Яна выглядала вельмі спецыяльна: у дажджавым лесе вельмі лёгка выпацкацца, аднак нашая птушка выглядала надзвычайна чыстай і нават крухкай. Можна было разгледзець нават рознай формы пер’е. Як мінімум хвіліну я стаяў, раскрыўшы рот! Мы не маглі зрабіць здымкі ці павіншаваць сябе, прыхлопваючы далоні, каб не спалохаць птушку, аднак потым яна адыйшла далей за мяне і мы зрабілі здымкі на яе фоне – гэта быў мой «момант Дэвіда Атэнбора»! 

Ты пабіў рэкорд паводле сістэматыкі BirdLife і Handbook of the Birds of the World (HBW)? 

- Мой вынік заснаваны на Спісе Міжнароднага арніталагічнага кангрэсу IOC [International Ornithological Congress] World Bird List, галоўным чынам таму, што я выкарыстоўваў фауністычныя базы Observation.org i-Obs app для занясення сваіх рэгістрацый. Аднак з часам я таксама занясу ўсе мае назіранні і ў HBW Alive. Папярэдні рэкорд Ноа быў заснаваны на сістэматыцы Клементса (Clements taxonomy), якая, на мой погляд, зашмат выкарыстоўвае генетычны падыход.

Пастаянны стрэс пад час спаборніцтваў мусіў нагадваць пра сябе як мінімум час ад часу. Як ты даваў рады і ці ёсць які-небудзь дзейсны метад супрацьстаяць яму?

- Калі ты робіш тое самае дзень за днём, ты трапляеш у пастку руціны. Аднак усё аказалася нашмат прасцей, чым я думаў. Але важна змінімізаваць патрабленне алкаголю, што для мяне, як для амстэрдамскага бармэна, стала сур’ёзным выклікам! Таксама крытычна важна не рызыкаваць без неабходнасці, навучыцца спаць у любых умовах і есці садавіну ды гародніну як толькі з’яўляецца такая магчымасць. Аднак самае галоўнае – жартаваць і не ўспрымаць сябе занадта сур’ёзна. Заўсёды лягчэй ісці наперад, калі ты ўпэўнены, што атрымліваеш ад гэтага задавальненне.

Якія парады ты б даў наступным спрабавальнікам павелічэння рэкорду?

- Правесці як мінімум адзін месяц у Антарктыцы, упэўніцца, што будзе шмат вечарынак і фаст-фуду на шляху туды. А калі сур’ёзна, то мая парада будучым чэмпіёнам пачынаць свой Вялікі год толькі тады, калі вы любіце бёрдынг больш іншых заняткаў на свеце. Старайцеся атрымліваць задавальненне ад кожнага кроку на шляху да рэкорду, і не стаўце пад пагрозу свае адносіны са сваімі блізкімі. Упэўніцеся, што сустрэнеце шмат розных людзей на сваім шляху і зразумейце важнасць размоваў і адносін з імі. Усё добра дакументуйце – для сябе і для рэшты свету. Калі ж вы пытаеце наконт лагістыкі, маршрутаў і т п, то рабіце ўсё гэта самастойна!

Biggest Year у лічбах:

  • Усяго адзначана 6 833 віды 
  • Гэта ў сярэднім 18 новых відаў штодзень 

  • Папярэдні рэкорд у 6.042 відаў трымаў Noah Strycker (2015)

  • Найбольшая колькасць відаў на працягу дня: больш 200 у Кеніі 

  • Наведаных краін: 40 

  • Узрост: 30

Па матэрыялах www.birdwatch.by, паводле www.birdguides.com і www.birdlife.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дз.Вінчэўскі.