Сапраўдныя героі жніва[SCREEN:0] Але ў гэты час толькі азімыя рапс і зерневыя, шматгадовыя травы, канюшына і люцэрна адпавядаюць патрабаванням лунёў да вышыні расліннасці для месца распалажэння гнязда. Нешматлікія асаковыя балоты і зараснікі трыснягу або ўжо занятыя другім відам лунёў – балотным, або знаходзяцца ў не вельмі адпаведным для палявання наваколлі. Таму і выбіраюць поплаўныя луні вышэйпералічаныя сельскагаспадарчыя культуры каб вывесці птушанят. Але тут яны трапляюць у пастку: для таго, каб птушаняты паспяхова вылецелі, патрэбны час: не менш месяца на інкубацыю яек і месяц да таго часу, пакуль птушаняты будуць здольныя лятаць. І калі большасць нашых лунёў пачынае наседжваць яйкі ў трэцяй дэкадзе траўня, дык і лятаць птушаняты будуць здольныя (калі іх на працягу гэтых двух месяцаў не з’ядуць паветраныя або наземныя драпежнікі, а маці з бацькам будуць здольныя знайсці для ўсіх птушанят дадаткова ежы) не раней за трэцюю дэкаду ліпеня.
А зараз уявіце, што першыя ўкосы траў і канюшыны адбываюцца ўжо на пачатку чэрвеня. Рапс пачынаюць убіраць у першай палове ліпеня. А ў гэтым годзе жніво зерневых пачалося ўжо 10 ліпеня! Сколькі лунятаў выляціць з гнёздаў?..
Але людзі стараюцца дапамагчы луням. З 1993 году спачатку сябры Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак, а зараз сябры АПБ з Гарадзенскага абласнога аддзялення стараюцца да пачатку жніва знайсці ў навакольлі Горадні як мага больш гнёздаў поплаўных лунёў. Каб перад жніва пазначыць вакол гнёздаў ахоўныя зоны прыкладна 3Х3 або 5х5 м і прасіць камбайнёраў заставіць няскошанымі гэтыя кавалкі. І тады птушаняты маюць дадатковы шанец на тое, што змогуць выляцець з гнязда і з дапамогай бацькоў праз некаторы час пачаць самастойнае жыццё, а напрыканцы жніўня адправіцца ў самастойнае, працяглае і небяспечнае падарожжа на зімоўку ў Афрыку.
[SCREEN:1] У гэтым годзе ў нас атрымалася знайсці гнёзды лунёў ў чатырох месцах вакол Горадні. Але да часу жніва жывыя птушаняты засталіся толькі ў адным з іх. І вось ўчора ўвечары пачалі ўбіраць трыцікале на гэтым «апошнім» полі. Як жа мы былі ўзрадаваны, калі адзін з камбайнёраў – Іван Тамчук — пры расповедзе пра гнёзды лунёў на гэтым полі, частка якіх ужо была адпаведна пазначана, паведаміў нам, што ўчора ён злапаў перад камбайнам двух птушанят з нязнойдзенага намі вывадку і пасадзіў іх на ўскрайку поля. Загадчык участку Віталь Шота і яшчэ адзін камбайнёр — Іван Фомчанка (усе з КСП «Кастрычнік») – таксама прыхільна аднесліся да нашай просьбы заставіць вакол гнёздаў няскошаныя кавалкі трыцікале. А Іван Фомчанка пасля таго, як абкасіў адно з гнёздаў, тэлефанаваў нам і хваляваўся, што вялікае ўжо лунянё ня хоча сядзець у застаўленым кавалку і выбягае з яго на адкрытае месца. І Іван двойчы вылазіў з камбайна і садзіў яго ў трыцікале.
«Вось яны – сапраўдныя героі жніва !» – падумалася мне. Яны не толькі думаюць пра тое, каб хутчэй намалаціць пабольш зерня. Але і пра тых істотаў, якія жывуць побач з намі. І так ці інакш лёс якіх залежыць ад нашай дапамогі. І дзякуючы такім людзям птушкі можа праз год зноў загняздуюць на гэтым ці на суседнім полі.
[SCREEN:2]
Шчыры дзякуй пералічаным вышэй асобам, а таксама сябрам АПБ з Гарадзенскага абласнога аддзялення Юрыю Лукашэнку, Тацяне Смыкоўскай і Георгію Гулеўскаму за дапамогу ў пошуку і ратаванні гнёзд поплаўных лунёў на полі каля в. Гарны ў Гарадзенскім раёне.
Разам – для птушак і людзей!
Дзьмітры Вінчэўскі, АПБ, Горадня. Здымкі аўтара.
Апісанне яшчэ адной акцыі Гарадзенскага абласнога аддзялення АПБ па ратаванню поплаўных лунёў тут: www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=177