Тымор-Лестэ стварыў першы нацыянальны парк«Гэта вельмі дальнабачнае рашэнне, якое з’яўляецца важным яшчэ і таму, што прыняла яго вельмі маладая нацыя» – сказаў д-р Майк Рэндс ( Dr Mike Rands ), выканаўчы дырэктар BirdLife .
«Мы сардэчна віншуем урад Тымору з гэтай дэкларацыяй сваіх адносін да аховы прыроды і ўстойлівага развіцця разам з /культурнай/ спадчынай мясцовых людзей.»
Тымор-Лестэ стаў незалежнай ад Інданэзіі дзяржавай у 2002г., і не гледзячы на багатыя радовішчы нафты і газу на сваёй тэрыторыі, застаецца адной з найбяднейшых краінаў.
Новаўтвораны нацыянальны парк Nino Konis Santana – з агульнай плошчай у 123,600 га – злучае ў адно 16 ТВП (тэрыторый, важных для птушак), вызначаных BirdLife на востраве Тымор і суседнім востраве Джако ( Jaco Island ). …
Нацыянальны парк, між іншым, уключае больш за 55,600 га т.зв. «Каралавага трохвугольніка» – марской тэрыторыі з найвялікшай, знойдзенай сярод каралавых рыфаў, біяразнастайнасцю.
На тэрыторыі парку жывуць 25 відаў птушак, якія сустракаюцца толькі тут і на суседніх выспах, а таксама крытычна знікаючы ( Critically Endangered ) від папугаяў – жоўтачубы какаду Cacatua sulphurea , папуляцыя якога апынулася на мяжы знікнення з-за нелегальнага гандлю. Акрамя гэтага, парк – адно з апошніх месцаў, дзе распаўсюджаны эндэмічны тыморскі зялёны голуб Treron psittaceus , які мае статус знікаючага з-за масавага знішчэння мусонных лясоў на востраве. …
У будучым плануецца заснаваць нацыянальную сець прыродных ахоўваемых тэрыторый. І ў гэтай працы тыморскаму ўраду дапамагаюць, акрамя BirdLife International , дэпартамент па навакольнаму асяроддзю і зменам клімату штату Новы Паўднёвы Ўэльс (Аўстралія), Аўстралійскі міжнародны фонд валянтэрства ( Australian Volunteers International Funding ), Keidanren Nature Conservation Fund (Японія) і дзяржаўны фонд з Вялікай Брытаніі Дарвінаўская ініцыятыва ( Darwin Initiative ). …
Пераклаў (са скаротамі) Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ)
03-08-2007
Крыніца: www. birdlife. org
На здымку Rosemary Low з www. birdlife. org – жоўтачубы какаду — эндэмік Тымору.