Выратуем птушак разам!Калі людзі бачаць птушку, якая трапіла ў бяду, звяртаюцца найперш ў ахову прыроды, а дакладней у Інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта зразумела, бо іх ведаюць усе і, прынамсі, людзям здаецца, што яны павінны ахоўваць прыроду. Але ж, на жаль, у большасці выпадкаў інспекцыі няма часу займацца такімі «дробнымі справамі», як ратаваць якога-небудзь бусла. На жаль залежыць гэта не ад канкрэтнага нежадання спецыялістаў ці кіраўнікоў, а ад агульных задач, якія ім (інспекцыям) ставяцца – найперш гэта пратаколы і штрафы… Але мета гэтага артыкула не аналізаваць дзейнасць інспекцыі, а распавесці аб тым, як мы ратуем птушак.
Шэры журавель, канюх-мышалоў, шуляк-галубятнік, сокал-пустальга, белы бусел, і нават свіргуль – гэта птушкі, якіх дзякуючы сумесным намаганням сяброў АПБ з Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення, Брэсцкай райінспекцыі, журналістам, — а найперш звычайным жыхарам Берасцейшчыны — атрымалася выратаваць. У кожнай з гэтых птушак свой лёс да знаёмства з чалавекам і пасля яго. Агульнае ж тое, што дзякуючы чалавечай падтрымцы яны атрымалі шанец на жыццё. Найлепш, канешне, калі б дзікая птушка засталася б у дзікай прыродзе. І калі такая магчымасць была, мы яе выкарыстоўвалі. Шэсць буслянят (у трох з іх згарэла гняздо, у трох іншых гняздо разбурыў моцны вецер) пасля дагляду ў заалагічным кутку гарадскога парку адляцелі з іншымі бусламі на поўдзень. Двух птушанят сокала-пустальгі, якія выпалі з гнязда, атрымалася вярнуць да бацькоў. Нават свіргуля атрымалася падгадаваць, і ён адляцеў.
Лёс іншых птушак склаўся менш удала. Шэры журавель са зламанай нагой (у прыродзе ён загінуў бы) цяпер жыве ў заалагічным кутку гарадскога парку ў Брэсце (яго гісторыю гл. тут: http:// www. ptushki. org/ index. php? p= news& area=1& newsid=222 ). Там жа апынуліся збіты аўтамабілем шуляк-галубятнік, пацярпелы ад буры канюх-мышалоў, і два буслы. Адзін з іх быў выкінуты дарослымі птушкамі з гнязда (часам так буслы памяншаюць памеры вывадку, каб ежы хапіла рэшце птушанят) зусім маленькім. Але жанчыны, «суседкі» буслоў, амаль два месяца гадавалі птушаня — і выгадавалі! Яно расло побач з двума шчанючкамі і нават сябравала з імі, але трымалася як галоўнае ў кампаніі. Ад такога дзіўнага сяброўства нават гукі буслянё выдае больш падобныя на брэх, чым на звычайныя для маладых буслоў.
Пасля некалькіх безвыніковых званкоў у інспекцыю і першых зваротаў да сябраў арганізацыі (на якія мы амаль заўсёды стараліся адклікацца), людзі пачалі званіць адразу нам. І заўсёды чулі словы падзякі за тое, што яшчэ не ўсе ў нас абыякавыя да прыроды, што ёсць такія людзі і такая арганізацыя як мы – «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
І мы заўсёды павінны старацца адказваць на звароты людзей. Адклікацца справай, а не словам, і ні ў якім разе не адмахвацца, як кажуць не «пераводзіць стрэлкі» на іншых. Тады і нам будзе павага, і прыроду мы захаваем лепш.
Разам для птушак і людзей!
17-10-2007
Андрэй Aбрамчук, Заходне-Палескае рэгіянальнае аддзеленне АПБ, здымак аўтара