“У Жалудку адбылася падзея еўрапейскага маштабу”[SCREEN:1] На працягу дзвюх апошніх гадоў сябры нашай арганізацыі рабілі ахвяраванні на выраб і размяшчэнне гэтага знаку павагі да вялікага орнітолага. Вядомы беларускі мастак і дызайнер Ігар Варкулевіч бясплатна зрабіў шкіц памятнай шыльды, Ардынарый-біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч даў дазвол на яе ўсталяванне на касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку – мястэчку на Шчучыншчыне, дзе Канстанцін Тызенгаўз 221 год таму нарадзіўся і ў сямейным склепе пад якім быў пахаваны. Дзякуючы дапамозе нашага польскага калегі Дамініка Крупіньскага з прыродаахоўнага таварыства « Bocian » атрымалася зрабіць шыльду такой, якой яе задумаў мастак. Сябры АПБ з Гарадзеншчыны Яўген Вінчэўскі і Павел Краўчук прымацавалі яе на сцяне касцёлу.
[SCREEN:0] Сёння ж, пасля нядзельнай Святой Імшы ў Жалудоцкім касцёле, ксёндз-пробашч а.Ян Рэйшаль у прысутнасці прыкладна двух соцень мясцовых жыхароў, гасцей урачыстасці з усёй Беларусі, журналістаў з Горадні і Мінску, адкрыў памятную шыльду і асвяціў яе. Пасля гэтага, з ласкавага дазволу ксяндза, сябры АПБ Васіль Грычык (Мінск) і Дзьмітры Вінчэўскі (Горадня), ў памяшканні касцёла зрабілі дзве навукова-папулярныя прэзентацыі пра жыццё і дзейнасць нашага славутага земляка і пра род Тызенгаўзаў.
[SCREEN:2] Урачыстасць працягнулася ў мясцовай сталовай, дзе і прагучала меркаванне вядомага гарадзенскага краязнаўцы Алеся Госцева, якое вынесена ў назву артыкулу: «Сёння ў Жалудку адбылася падзея еўрапейскага маштабу».
Аднак акрамя высокіх ацэнак зробленага, прагучалі і заклікі прыкладаць больш намаганняў, каб мы раслі на сваёй зямлі свядомымі нашчадкамі тых, хто нам яе пакінуў у спадчыну.
Скончылася падзея экскурсіяй ў Жалудоцкі палац Святаполкаў-Чацвяртынскіх – пераемнікаў Тызенгаўзаў у гэтым мястэчку.
[SCREEN:3] Шчыра дзякуем усім, хто дапамог у стварэнні і размяшчэнні шыльды, у арганізацыі і правядзенні ўрачыстасці, усім, хто знайшоў час і магчымасць далучыцца да арганізаванай праз АПБ паездкі, а таксама за дапамогу ў яе арганізацыі з боку Швэдзкага орніталагічнага таварыства SOF – без яе такі масавы ўдзел сябраў АПБ ва ўрачыстасці быў бы немагчымы.
18-11-2007
Дзьмітры Вінчэўскі, Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ, Горадня
Здымкі Алены Вінчэўскай (АПБ) . Іншыя здымкі з падрыхтоўкі і менавіта самой урачыстасці гл. тут:
Артыкул пра гісторыю роду Тызенгаўзаў, а таксама пра жыццё і дзейнасць Канстанціна Тызенгаўза можна зпампаваць тут: www. portal . grsu . by / portal / downloads / REFERATS / BIO / full — story . doc
Паглядзець на здымкі мясцін, звязаных з імем нашага знакамітага земляка, можна тут: http://ptushki.org/index.php?area=1&p=gallery&action=showimages&galid=25
Іншыя матэрыялы, прысвечаныя К.Тызенгаўзу, на нашым сайце можна паглядзець тут:
http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=255
http://www.ptushki.org/index.php?p=news&area=1&newsid=385