Восень і пачатак зімы – перыяд нерасту ласасёвых, час, калі ў нашы рачулкі і ручаіны прыплываюць з далёкага Балтыйскага мора «чырвонакніжніцы» кумжа і сёмга.
Да астравецкіх вод дабіраюцца самыя ўстойлівыя ў генетычным сэнсе рыбіны – пераадолець 500 кіламетраў супраць цячэння па сілах толькі здаровым і моцным экзэмплярам. А тут іх ужо з нецярплівасцю чакаюць… браканьеры. На сваю бяду, гэты від рыб выбірае для нерасту невялікія мелкаводныя рэчкі з празрыстай вадой, у якіх цяжка не заўважыць буйную рыбіну. І ў перыяд нерасту яна становіцца абсалютна безабароннай перад чалавекам з восцю.
Валанцёры Юрый Болтуць і Аляксандр Халецкі
Трое супрацоўнікаў Смаргонскай дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не ў стане наладзіць кругласутачнае патруляванне месцаў нерасту ласасёвых рыб. Не па сілах гэта і нашым раённым эколагам. Таму па ініцыятыве кансультанта міжнароднай арганізацыі «Экадом» Ніны Палуцкай на абарону кумжы і сёмгі ў мінулым годзе падняліся члены грамадскага аб’яднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – у якасці валанцёраў яны патрулявалі рачулкі Астравеччыны на працягу лістапада.
Сёлета да арнітолагаў далучыліся іхтыёлагі – супрацоўнікі папулярнага ў Мінску рыбалоўнага магазіна «Перакат» і яго філіялаў. Як расказаў дырэктар аднаго з філіялаў Юрый Болтуць, патруляванне рэчкі Тартак яны пачалі з 1-га лістапада. Спачатку выключна сіламі сваіх супрацоўнікаў. Але вярнуўшыся пасля першай паездкі ў Мінск, яны змясцілі на сваім сайце www.perekat.com
фатаграфіі прыгожых мясцін Астравеччыны і стоп-кадры з нерастуючай кумжай, расказалі пра праблемы ласасёвых, якія падсцерагаюць рыбу па дарозе да нерасцілішчаў і непасрэдна на месцы нерасту…
–Тэма астравецкіх «чырвонакніжніц» знайшла жывы водгук, – кажа Юрый. – Прычым людзі не толькі прынялі ўдзел у абмеркаванні праблемы, але і прапанавалі свае кандыдатуры ў якасці валанцёраў. Разам з членамі таварыства «Ахова птушак» мы склалі графік, у адпаведнасці з якім і адбываецца патруляванне.
Жывуць валанцёры ў палатцы, ежу гатуюць на вогнішчы. Патруляванне рэчкі праводзяць днём і ноччу – з дапамогай прыбораў начнога бачання.
У выніку клопату валанцёраў, па словах «галоўнага спецыяліста» па ласасёвых Тартака Вацлава Блажэвіча, на рачулцы ўжо налічваецца каля 20 «гнёзд» кумжы.
–Раней кумжа прасіла дапамогі, – кажа Вацлаў. – А цяпер дзякуе за яе.
Ганна ЧАКУР
Па матэрыялах Астравецкай Праўды