In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушыная раніца

Для таго, каб болей даведацца пра птушак, можна пачытаць спецыяльную літаратуру. Навіны можна праглядзець у газетах і часопісах, у глабальнай сетцы. Але для тых, хто не мае доступу ў інтэрнэт, або знаходзіцца ў аўтамабілі, у грамадскім транспарце ці на рабоце, даведацца пра птушак, больш таго, паслухаць птушыныя галасы, можна, уключыўшы спецыяльную перадачу на радыё. На жаль, такіх перадач не так многа.

Малінаўка — гераіня перадач "Два кіламетры" на радыё "Культура"Малінаўка — гераіня перадач "Два кіламетры" на радыё "Культура"

Штомесячна, а то і два разы на месяц перадача «Два кіламетры» на радыёканале «Культура»  прысвячалася падарожжам у птушыныя месцы нашай краіны. На кожнай перадачы слухачы маглі пачуць у прамым эфіры галасы найбольш тыповых і цікавых птушак той ці іншай мясціны. На перадачах можна было пазнаёміцца з мерапрыемствамі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: як падлічыць салаўёў, як зрабіць штучнае гняздоўе, як і чым можна падкарміць птушак узімку і чаму нельга збіраць птушанят. У нас акрэслілася свая аўдыторыя. Людзі чакаюць перадачу, затым тэлефануюць і паведамляюць пра свае назіранні, задаюць пытанні, а больш дзякуюць за тое, што маюць магчымасць не выходзячы з дому даведацца як спявае драч, чаротаўка ці берасцянка.

Берасцянка — звычайная беларуская птушка, спеў якой можна пачуць амаль у любым парку ці лесеБерасцянка — звычайная беларуская птушка, спеў якой можна пачуць амаль у любым парку ці лесе

«Часцей за ўсё ўвесь дзень распісаны па хвілінах, таму добра калі ўзнікае магчымасць хоць на кароткі час, дзякуючы перадачы, апынуцца ў прыродзе і паслухаць птушыныя спевы. Тым больш, што звесткі цікавыя і атрымліваюцца задарма» — падзяліўся ўражаннямі пра птушыныя радыёпадарожжы Аляксандр Мікалаевіч Штокін, дырэктар Обальскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна.

«Перадача пра птушак вельмі патрэбна, тым больш, што птушкі разглядаюцца як частка прыроды ўвогуле, – расказала Ганна Сяргееўна Сасноўская, загадчык музея Гімназіі №23 г.Мінска. – Падчас перадач я даведалася пра цікавыя асаблівасці птушак, напрыклад, тое, што на зімоўку могуць заставацца нават шпакі, якія затым наведваюць птушыную сталоўку». 

Шпак можа пераймаць не толькі розныя гукі прыроды але чалавечую гаворкуШпак можа пераймаць не толькі розныя гукі прыроды але чалавечую гаворку 

Аўтарам ідэі правядзення птушыных вандровак стала Наталля Буландо, вядучая перадач «Два кіламетры», «Мэры Попінс». «Цэлы год грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» была нашым пастаянным партнёрам – паведаміла Наталля падчас апошняй перадачы. — За гэты час мы пабывалі ў розных месцах: на поўначы і на поўдні, у заказніку «Лебядзіны», на Сарачанскіх азёрах, на Тураўскім лузе, на Альманскіх балотах, на верхавым балоце «Ельня». Развітаемся мы з госцем, каб у новым сезоне сустрэцца ў новым фармаце. Цяпер птушыныя галасы і расказы пра птушак будуць упрыгожваць сабой раніцу. Плануецца, што гэта будзе не толькі расказ пра птушку, але і віктарына, прызы для якой будуць прадстаўляць Ахова птушак Бацькаўшчыны і Белтэлерадыёкампанія. Так што, з верасня мы будзем сустракацца яшчэ часцей».

Пячураўка-будаўнічок мае выдатны меладычны спеўПячураўка-будаўнічок мае выдатны меладычны спеў

Такім чынам, новая перадача «Птушыная раніца» будзе збіраць людзей, якія цікавяцца птушкамі і жадаюць больш даведацца пра нашых крылатых суседзяў. Слухачы навучацца пазнаваць некаторых птушак па іх спевах, каб затым выкарыстоўваць свае веды пры вызначэнні птушак у прыродзе.     

Руслан Шайкін

Фота аўтара