In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Да Беларусі даплывае самы моцны ласось

Да Беларусі даплывае самы моцны ласось

З лістапада арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і група рыбаловаў-аматараў "Перакат" зноўку патрулююць ласосевую раку Вілія. Чацвёрты год праводзіцца кампанія "Захаваем рэдкія віды рыб разам!". Ласосі, якія ўваходзяць у лік Чырвонай кнігі Беларусі, заплываюць ў прытокі ракі на нераст. Што для актывістаў значыць словазлучэнне "захаваць ласося" і якая сітуацыя ў Беларусі з гэтымі рыбамі, высвятляла карэспандэнт Беларускага Зялёнага Партала.

Анатоль Лоўкіс сустракаў нас ў цёплаў вясковай хаце. Валанцёр прабыў у ласосевых месцах ужо чатыры дні, але ніколькі не выглядаў стомленым. Новая змена ў колькасці пяцідобраахвотнікаў пачала дасканала вывучаць часовы прытулак. Каля ўваходу стаяў патэфон, побач два стужкавых фотаздымача, на супрацьлеглай сцяне віселі скрыпка і гітара па суседству з іржавай пілой. Куды ні зірні – гістарычная каштоўнасць!

Мяне прыемна здзівіла тое, што два дні мы часам будзем знаходзіцца пад дахам.  Перад паездкай арганізатар валанцёрства з боку рыболоваў-аматараў Юрась Болтуць запэўніваў, што трэба падрыхтавацца да суровых умоваў: вецер, дождж, снег, мароз. Але так атрымалася, што арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны", да якой я далучылася ахоўваць ласось, паклапацілася аб невялікім бонусе для добраахвотнікаў – засяліць у хату мясцовага жыхара і галоўнага вартавога прахадной рыбы Вацлава Блажэвіча.

– Якія на сёння планы? – цікавіцца адзін з дзяжурнікаў у кардынатара патрулявання ласосяў Вольгі Лукшыц.

– Ратаваць ласосяў, – смяецца Вольга.

Гучыць іранічна. Як можна за два дні дапамагчы рыбе-вандроўніцы?! Вельмі проста: актывісты ўключаныя ў адзін вялікі працэс захавання атлантычнай лускаватай істоты. Валанцёры наладжваюць назіранне за рэкамі, Смаргонская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага міра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь заязджае правераць назначаныя водныя аб'екты, а навукоўцы вядуць улік ласосяў і іх гнёздаў.

У перыяд нерасту недалёка ад ракі Віліязаўсёды стаіць намёт, які з'яўляецца асноўным "пудзілам" для браканьераў. Тут ужо працуе фактар самазахавання: незаконныя рыбаловы не ідуць на ласосевыя рэкі, бо баяцца адгрэбсці фінансавыя праблемы. За адну рыбу чалавек аддасць 6 базавых велічынь ды штраф ад 10 базавых велічынь.

Доўгі час не было вядома, што ў нашай краіне водзіцца ласось. І толькі пасля даследвання Нацыянальна-практычнага цэнтра па біярэсурсам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адзначылі, што да нас заходзіць два віда ласося – сёмга і кумжа. Раней з Балтыйскага мора яна праходзіла па літоўска-беларускай рацэ Нёман, а пасля таго, як літоўцы пабудавалі плаціну на Каунаскай ГЭС, міграцыя рыб змяніла ход. Цяпер ласось заходзіць цераз рэкі Нярыс – Вілія і трапляе ў мелкаводдзе. Тут для рыбы-вандроўніцы ёсць усе ўмовы для працягу нашчадства: прэсная вада напоўненая кіслародам, а драпежныя рыбы не заплываюць у настолькі мелкія рэкі.

– Ласось праплывае шлях у 500 кіламетраў, што дастаткова вялікая адлегласць для рыбы. Гэта сведчанне таго, што да прытокаў Віліі даходзяць найдужэйшыя асобіны, – тлумачыць Вольга Лукшыц.

З гэтым згодзені спецыяліст па міграцыі ласосевых рыб Інстытута экалогіі Даследчага Цэнтра прыроды ў Літве Кестутіс Скрупскеліс:

– Сярэдняя вага сёмгі і кумжы ў Літве складае 10 кілаграмаў, што на 3-4 кілаграма болей за сярэдняга ласося ў Еўропе. Па такому паказчыку ў Беларусі павінна быць рыба дужэй за літоўскую, бо яна прыкладае больш высілкаў.

Калі хочаш захаваць ласосяў, то не прыязджаць?

Мы агледзелі ручай, які суседнічае з валанцёрскім намётам. Удзень заўважыць рыб складана, бо яны, як толькі адчуюць прысутнасць чалавека, хаваюцца ці сплываюць.

– Толькі што сфатаграфаваў ласося на тым беразе, – паказаў фотаздымак валанцёр, які адбываў з месца дзяжурства.

Група вартавых ірванула да месца, куды паказаў фатограф, – а ласося як і не было.

Прыйшоў час актыўнага дзеяння. Мы падзяліліся на дзве групы: адна пайшла на пошукі рыб і іх гнёздаў, а другая паехала даследаваць іншыя прытокі Віліі.

На ручаях рэзкі рэльеф: высокія горкі з аднаго боку і нізкія берагі з другога. Норкі баброў суседнічалі з паваленымі дрэвамі. Мы моўчкі цягнуліся ўздоўж ручая, пакуль нечакана не пабачылі вялікага ласося.

– Глядзі! Ласось! – выклікнула я.

Рыба спалохалася і павярнула па плыні ў раку. Адзіная рыба, якую мы сустрэлі, памахала нам хвосцікам.

Пасля такіх шумных валанцёраў, як я, узнікае пытанне: ці не з'яўляецца галаўнай перашкодай для ласося чалавек? Канешне, можна пагадзіцца з фразай з адной еўрапейскай ахоўнай прыроднай зоны: "Калі жадаеш дапамагчы нашаму запаведніку, не прыязджай сюды". Але з іншага боку, як толькі валанцёры перастануць патруляваць рэкі, то на пост абавязкова заступяць браканьеры. Атут ужо зразумела, што горш для рыбы...

Пераправа ласося

Сёмга і кумжа закопваюць сваю ікру ў гальку і пясок, а потым затуляюць каменьчыкамі. Пад яркімі, толькі што перакуленымі камянямі  знаходзіцца ікра чырвонакніжных рыб. Ручэй, які мы даглядалі, цалкам быў у гнёздах ласося, таму дужэйшыя асобіны вымушаныя плыць вышэй супраць плыні, каб знайсці вольнае месца для нерасту.

– На прытоках Віліі мы правялі ўлік маладняка ласося. Па гэтаму даследванню бачна, што на адным з рачаёў назіраецца перанасяленне: адна асобіна на метр вадацёку. Пры такой вялікай шчыльнасці парушаецца кармавая база, таму варта правесці маніторынг і ў астатніх рэках Смаргонскага раёна і знайсці вадаёмы, у якія можна было б рассяліць маладняк. Такое мерапрыемства пасадзейнічае росту папуляцыі, – паведаміў старэйшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсам Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Плюта.

Валанцёры таксама дапамагаюць ласосевым відам рыб "перапраўляцца" ў іншыя рэкі. На адным з прытокаў Віліі Анатоль Лоўкіс разам з калегамі-валанцёрамі некалькі разоў у гэтым нераставым сезоне мадэрнізіраваў рыбаход, які прызначаны для пад'ёма ласося ў калектар.

Вольга Лукшыц бачыць у рыбаходзе шанец дапамагчы ласосю. Апанетам выступае мясцовы жыхар і захавальнік ласосяў Вацлаў Блажэвіч, які лічыць, што валанцёры адпраўляюць ласосяў наўпрост да браканьераў.

– Калі рыба будзе заплываць у тыя рэкі, то можна і патруль паставіць, – пераконвае Вольга Вацлава.

Іншы падыход да барацьбы з браканьерствам прапануе арнітолаг, кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас:

– Мы пакуль разглядаем праект, дзе замест валанцёраў на рэках можна было б выставіць схаваныя відэакамеры, якія будуць рэагаваць на рух і дасылаць фатаздымкі праз MMS.

Пытанні фінансавання і дазволу на выкарыстанне камераў важныя ў гэтым праекце. Аднак, як адзначае Мікалай Чэркас, для такога праекта галоўным фактарам застаецца жаданне ўлады падтрымаць ідэю. Тады і грошы знойдуцца, і дазвол хутка атрымаюць.

На два ласося патруль

Пасля змяркання ласосі вылезлі з-пад карчакоў і пачалі шукаць месца для нерасту. Мы налічылі дзве буйныя рыбы і маленькую стронгу, якія і сталі нашымі падапечнымі.

Цемра стаяла – хоць у хованкі гуляй. Толькі нам было не да гульняў, бо мы з напарнікам былі адказныя за дзвюх рыбін, якія адкладваюць у сярэднім 700-3000  ікрынкі. Тры начныя гадзіны мы сачылі за месцам знаходжання ласосяў і хадзілі па берагам ручая, каб святлом папужаць браканьераў. Відаць, толькі ў такі цёмны час пачынаеш чуць, як меладычна бурліць вада. Ды не толькі самыя дужыя, але і самыя музычныя ласосі заплываюць паслухаць нашыя рэкі.

– Цяпер стала менш рыб заходзіць на нераст, – адзначыў Вацлаў Блажэвіч, які жыве каля Віліі прыкладна 60 год. – Калі гадоў дваццаць таму за дзень можна было палічыць дзясяткі ласосяў, то зараз заплывае ў беларускае мелкаводдзе па адной-дзьве рыбіны.. Гэтаму пасадзейнічалі браканьеры.

Аднак валанцёры адзначаюць поспех у працы з захаваннем і множаннем колькасці ласосяў у параўнанні з 2011 годам. Толькі за лістапад 2012 года на нераст заплыла 40 рыб, што складае 80% ад колькасці ласосяў мінулага года.

Прагрэс у справе адчуваецца: браканьераў у гэтых месцах не лавілі з 2009 года, а колькасць ласосяў павялічваецца. Хаця яшчэ застаюцца невырашанымі пытанні з бабровымі плацінамі, плацінай на рацэ Страча і на Каунаскай ГЭС. Некаторыя актывісты таксама адзначаюць, што на знікненне ласосяў можа ўздзейнічаць цеснае суседства ракі Вілія з фермамі і будучай АЭС.

Валянцiна Ляснова, для Беларускага Зялёнага Партала

Вiдэа аутара

Фота Miкалая Чэркаса


Таксама глядзіце
Первый Лососевый центр открылся в Беларуси
В январе откроется первый в стране Лососевый центр
Как "ночной дозор" лососей сторожил
Кто — сторожить лосося? Патрулируем реки вместе!
"Ласось — не госць. То наш зямляк!"
Посторожи лосося! Помоги АПБ патрулировать реки в 2014!
Новы ўзровень маніторынгу тэрыторый, важных для захавання біяразнастайнасці Беларусі
Итоги патрулирования лососевых рек
Прими участие в патрулировании рек — помоги лососям!
Центр по сохранению лососей появится в Островецком районе