In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Начныя жыхары ляСОЎ

«Начныя жыхары ляСОЎ»

Ужо пяты год за пар сябры АПБ з Берасцейшчыны збіраюцца на прыканцы сакавіка у ваколіцах Белавежскай пушчы, каб вітаць пачатак вясны. Аднымі з першых нашых птушак, якія, дарэчы, у большасці з’яўляюцца аседлымі, пачынаюць веснавую актыўнасць совы, або начныя драпежныя птушкі. Менавіта дзеля таго, каб паназіраць, а дакладней пачуць гэтых птушак, а таксама часткова дапамагчы ім вырашыць «жыллёвыя пытанні» ужо пяты раз ладзіцца летнік «Начныя жыхары ляСОЎ». І гэтым разам нас не абмінулі цікавыя назіранні і спатканні.

У гэтым годзе летнік рэалізоўваўся Брэскім абластным аддзяленнем пры падтрымцы праграмы міні-праектаў АПБ. Зноў, ужо каторы раз ва ўтульным, невялічкім домку на паўднёвым ускрайку балота Дзікое сабраліся новыя і старыя сябры АПБ з маларытчыны, кобрыншчыны, камянетчыны, Пружанскага, Бярозаўскага раёнаў і Берасця.

Веснавое надвор’е, вельмі зменлівае ў сакавіку, амаль на працягу ўсяго першага дня і асабліва вечара «балавала» нас то ветрам, то дажджом. Таму запланаваныя вячэрнія ўлікі прыйшлося перанесці на лепшыя часы. На наступны дзень надвор’е крыху паправілася і удзельнікі, падзяліўшыся на дзьве групы, узяліся за справы. Большасць пад кіраўніцтвам Сяргея і Дзьмітрыя накіраваліся даследваць ужо раней вывешаныя штучныя скрыні. Іншыя вырашылі развесіць яшчэ некалькі гнездавых савіных скрынь і адразу агледзець лесапалосы на буйнай змеліаранаванай частцы балота Дзікое. Абедзьве групы выдатна вырашылі пастаўленыя задачы і на абед зноў спаткаліся ў домку. Па абедзе пайшлі агледзець балота і пасля змроку паслухаць соў!

Першы абраны маршрут хутка скончыўся на краю залітага балота — далей без доўгіх чобатаў было не прайсці, таму іншы абралі больш сухім, і ён аказаўся ўдалым! Усе прысутныя выразна чулі самку барадатай кугакаўкі, а некаторыя нават і голас самца, ды яшчэ шэрую кугакаўку. У гэты самы час недалёка ад доміку адазваўся вераб’іны сыч, а ля поўначы і касматаногі.

А на наступны ранак барадатка сама завітала да нас у госьці. Птушка палявала на закінутым полі на ўскрайку лесу літаральна ў некалькіх дзесятках метраў ад домку, у якім мы пасяліліся. Тут ужо змаглі ўбачыць птушку ўсе, каму не лень было прачнуцца. А яна на пачатку не вельмі звяртала ўвагу на апантаных бёдуочараў, каторыя, патрэбна адзначыць, вялі сябе карэктна ў дачыненні да птушкі, і працягвала спакойна паляваць.

Напэўна ў гэтым годзе летнік атрымаўся адным з самых удалых за апошнія 5 год. Удалося і птушак пабачыць-пачуць, і гнездавыя скрыні праверыць, і новыя развесіць, а таксама проста адпачыць у кампаніі старых і новых сябраў. Разам для птушак і людзей!

Андрэй Абрамчук,
Брэсцкае абласное аддзяленне ГА АПБ

Таксама глядзіце
Осень. Ельня. Волонтеры!
Как и зачем стучат дятлы?
Лагерь на Ельне: не плотины, а искусственные гнездовья!
Стань одним из волонтеров Ельни!
А ты едзеш на 10-ты летнік "Начныя жыхары ляСОЎ"?
Волонтеры Туровского луга: вопроса «ехать или не ехать» для нас нет
89 видов птиц и одна редкая стрекоза
Готовь сани летом, а гнезда — осенью
Летнік "Начныя жыхары ляСОЎ"
Итоги волонтерских лагерей "Спасем Ельню вместе-2012"!