In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Топ-15 тэрыторый Беларусі для біяразнастайнасці

22 мая міжнародная супольнасць адзначае Міжнародны дзень біялагічнай
разнастайнасці, які абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1995 годзе.
Адмыслова да гэтага дня, а таксама да свайго 15-годдзя, грамадская
арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" падрыхтавала спіс Топ-15 прыродных
тэрыторый Беларусі, найбольш значных для захавання відаў і экасістэм на
еўрапейскім узроўні.

1. Белавежская пушча

Белавежская Пушча – буйнейшы і адзіны з некалі тыповых ў Еўропе масіў пярвічных лясоў, які захаваўся да сённяшніх дзён. Асобныя участкі лесу маюць сярэдні узрост 250 – 350 гадоў, нярэдка сустракаюцца 500-600-гадовыя дрэвы. Белавежская Пушча – адзіны ў Еўропе лясны масіў, у якім больш за тысячу шматвекавых дрэў. Тут адзначана шмат рэдкіх відаў птушак і жывёл. Гэта месца гнездавання чорнага бусла, барадатай кугакаўкі, звычайнага зiмародка і іншых. Усяго ў Белавежскай пушчы налічавеца 253 віда птушак. З рэдкіх жывёл тут можна пабачыць еўрапейскую рысь, паўночнага кажанка, а таксама зубра – гордасць пушчанскіх лясоў, самую буйную жывёліну на еўрапейскім кантыненце. Белавежская пушча – самая тытулаваная прыродная тэрыторыя Беларусі.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Камянецкі, Пружанскі раёны; Гродзенская вобласць, Свіслачскі раён
Тытулы: Нацыянальны парк, Аб’ект сусветнай спадчыны, Біясферны рэзерват, Дыплом Савета Еўропы, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

2. Балота Дзікое

Дзікое – адно з буйнейшых у Еўропе балот нізіннага і пераходнага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане. Цікавай асаблівасцю балота з'яўляецца наяўнасць тут буйнейшых зарасляў бярозы нізкай. Арнітафаўна тэрыторыі прадстаўлена больш, чым 100 відамі птушак, з якіх каля 20 занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гэта барадатая кугакаўка, пугач, арлан-белахвост, чорны бусел, шэры журавель, балотная сава. Міжнародная значнасць балоту надае гнездаванне тут некалькіх відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук. На тэрыторыі балота адзначаны рысь, воўк. Асабістае значэнне Дзікое мае для захавання ў нацыянальным парку «Белавежская пушча» абарыгеннай папуляцыі лася. На тэрыторыі выяўлена больш за 10 відаў насякомых і больш за 20 відаў раслін, што занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён
Тытулы: Уваходзіць у Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

3. Выганашчанскія балоты

Буйнейшы ў Беларусі комплекс дробналіставых забалочаных лясоў, балот, рачных пойм і мелкаводных азёр. Спалучэнне цяжкапраходных тэрыторый абумовіла наяўнасць высокай колькасці рэдкіх відаў птушак. Менавіта тут захавалася адна з апошніх на Палессі папуляцый харызматычнай барадатай кугакаўкі (20-30 пар) і заходне-еўрапейскага падвіду глушца (15-25 самцоў), рэгулярна гняздуецца некалькі пар арлана-белахвоста. Выганашчанскія балоты – дом для шмат відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка, вялiкi арлец, дубальт, вялiкi кулён, вялiкi грыцук. На тэрыторыі заказніка існуе адна з найбуйных у Беларусі груповак лася. Заказнік мае вялікае значэнне для захавання фаўны рэптылій і амфібій: тут знаходзіцца адна з найбуйных у Беларусі папуляцый гадзюкі.
Што пагражае: Згодна з Пастановай Савета міністраў №794 ад 17.06.2011, да 500 гектараў тэрыторыі заказніка можа быць адведзена пад здабычу торфа дзеля патрэбаў Ляхавіцкага торфа-брыкетнага завода. Дзевяноста грамадскіх арганізацый Беларусі выступілі супраць гэтай пастановы, а тысячы людзей падпісаліся пад адпаведнай петыцыяй.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Івацэвічскі, Ганцавіцкі, Ляхавічскі раёны
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

4. Балота Спораўскае

Тэрыторыя ўяўляе сабой адзін з буйнейшых у Еўропе комплексаў пойменных нізінных балот, які захаваўся ў натуральным стане. Гэта другое па значнасці месца гняздавання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі: тут гняздуецца каля 9% сусветнай папуляцыі, і менавіта тут адзначана самая высокая ў свеце шчыльнасць гнездавання гэтага віду. Балота Спораўскае забяспечвае існаванне папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх і знікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч і дубальт) знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 20 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным складам раслін, з якіх 18 відаў ахоўваюцца.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі, Драгічынскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі раёны
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

5. Балота Званец

Званец – буйнейшае ў Еўропе нізіннае балота са шматлікімі адкрытымі астравамі. Плошча балота – больш за 100 квадратных кіламетраў! Асаблівую значнасць Званец мае для захавання буйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, адной з самых рэдкіх вераб’іных птушак Еўропы. На балоце Званц іх жыве каля 4 тысяч пар, ці кожная трэцяя птушка ў свеце. Знікне Званец – і пад пагрозай знікненная апынецца цэлы біялагічны від. Таму захаванне Званца важнае ў сусветным маштабе. Акрамя вяртлявай чаротаўкі тут жывуць і шмат іншых рэдкіх і цікавых выдаў птушак, такія, як занесеныя ў Міжнародную чырвоную кнігу вялікі арлец, дубальт, вялікі кулён. Усяго 21 від птушак са 110, якія адзначаюцца на балоце Званец, занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На Званце шмат і рэдкіх раслін, у тым ліку – архідэй: тут растуць венерын чаравічак, пылкагалоўнiк чырвоны і шмат іншых.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Драгічынскі і Кобрынскі раёны
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

6. Простыр

Адзін з найбольш дзікіх куточкаў Беларусі, які захаваўся сярод пераўтвораных ландшафтаў. Тэрыторыя моцна абводнена, у выніку чаго нават у засушлівыя гады яна цяжкадаступная, а пры высокай вадзе і ўвогуле непраходная. На гэтай тэрыторыі дамінуюць поймавыя лугі, трысняговыя і асаковыя балоты. У складзе арнітафауны Простыра адзначана 133 віда птушак, з якіх 27 занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Найбольшае значэнне тэрыторыя мае для водна-балотных відаў. Тут гняздуюцца 4 глабальна пагражаемых віда: вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук, вяртлявая чаротаўка. Таксама, на тэрыторыі ўгоддзя гняздуецца шэраг іншых птушак, якія маюць ахоўны статус у Еўропе або ў Беларусі: вялікая белая чапля, салаўіны цвыркун, малы і звычайны пагоніч. Дзякуючы цяжкай праходнасці тэрыторыі фактар неспакою ў пойме мінімальны, што спрыяе канцэнтрацыі ў заказніку розных відаў жывёл.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Пінскі раён
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

7. Сярэдняя Прыпяць

Сярэдняя Прыпяць – гэта буйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, які захаваўся ў натуральным стане. Нездарма Прыпяць называюць беларускай Амазонкай – шырыня разліваў можа дасягаць 20 кіламетраў, а шматлікія пераплеценыя старарэчышчы нагадваюць павуцінне. Каштоўнасць заказніка ў захаванасці некранутых пойменных лясоў і лугоў. Пойма ракі Прыпяць у сярэдней плыні – ключавы еўрапейскі пралетны шлях для водна-балотных птушак. Штогод сотні тысяч качак, гусей, кулікоў спыняюцца на Прыпяцкіх паплавах на сваім шляху. Тут таксама гняздуюцца занесеныя ў Міжнародную Чырвоную кнігу вялікі арлец, вялiкі грыцук, белавокі нырок. Ёсць на гэтай тэрыторыі і рэдкія расліны: сальвінія плывучая, луннiк ажываючы, вадзяны арэх плывучы, фiялка багнавая, слiва калючая, аднацветка аднакветкавая і шмат іншых.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Столінскі, Лунінецкі, Пінскі раёны; Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

8. Альманскія балоты

Альманскія балоты – гэта буйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане. Плошча – амаль 100 тысяч гектараў. Захаванню тэрыторыі паспрыяла стварэнне тут вайсковага палігона, падчас чаго з тэрыторыі Альманскіх балот былі адселены нават хутары. З-за падобнай маладаступнасці тэрыторыя стала ключавым месцам гнездавання самай асцярожнай драпежнай птушкі Беларусі — вялікага арляца. Акрамя таго тут у значнай колькасці гняздуюцца вялiкi грыцук, вялiкi кулён, больш чым 100 пар шэрых журавоў. Aльманскія балоты забяспечваюць існаванне значнай часткі (да 20%) беларускай папуляцыі барадатай кугакаўкі, гняздуецца тут і глушэц, палеская папуляцыя якога зараз знаходзіцца ў прыгнечаным становішчы.
Што пагражае: Пасля закрыцця палігона тэрыторыя стала хутка асвойвацца: тут створаны Палесскі лясгас, развіваецца паляўнічая гаспадарка, будуюцца дарогі. Пасля адпаведнага рашэння пра адкрыццё мяжы, летам з украінскага боку дзеля збору грыбоў і ягад штодзень заходзіць некалькі тысяч чалавек.
Дзе: Брэсцкая вобласць, Столінскі раён
Тытулы: Рэспубліканскі ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

9. Прыпяцкі Нацыянальны парк

Унікальная частка поймы ракі Прыпяць, характэрнай рысай якой з’ яўляюцца славутыя поймавыя дубровы, адкрытыя паплавы і забалочаныя лясы. Прыпяцкія балоты маюць міжнароднае значэнне для захавання відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікі арлец, дубальт, вялiкi грыцук. На рэгіянальным узроўні гэтая тэрыторыя важная для захавання чорнага бусла, арла-вужаеда, шэрага жураўля. Тут існуе стабільная папуляцыя зубра. Наяўнасць такой колькасці відаў нацыянальнай і міжнароднай значнасці падкрэслівае важнасць тэрыторыі для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.
Што пагражае: Як ні дзіўна – сам Нацыянальны парк. Тэрыторыя парку знаходзіцца на ключавым еўрапейскім пралетным шляху водна-балотных птушак. Але прыярытэтам адміністрацыі парку тут абраная не іх ахова, а развіццё веснавога палявання.
Дзе: Гомельская вобласць, Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Петрыкаўскі раёны
Тытулы: Нацыянальны парк, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

10. Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік

Адзіная тэрыторыя Беларусі, дзе гаворка ідзе не пра захаванасць дзікай прыроды, а пра яе вяртанне. Запаведнік дзейнічае ў межах 30-ці кіламетровай зоны адсялення, створанай пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За 26 год месца чалавечай трагедыі пераўтварылася ў рай для дзікай прыроды. І з кожным годам запаведнік становіцца ўсё больш значным для захавання біяразнастайнасці. Тут ёсць папуляцыя зубра, вяртаецца мядзведзь, вяртаюцца многія віды драпежных птушак, якія раней там не гняздзіліся. Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адно з нешматлікіх месцаў, дзе ўсе працесы аднаўлення праходзяць абсалютна натуральна. На гнездаванні ў запаведніку мужна сустрэць такіх рэдкіх птушак, як вялікі арлец, чорны бусел, арол-вужаед, малы арлец, арлан-белахвост, сокала-пустальга, барадатая кугакаўка. Гэта тэрыторыя — ўнікальнае для Беларусі месца зімоўкі буйных драпежных птушак – арлана-белахвоста і арла-маркута. Запаведнік – адзінае месца ў Беларусі, дзе можна сустрэць лошадзь Пржэвальскага.
Дзе: Гомельская вобласць, Хойніцкі, Брагінскі і Нараўлянскі раёны
Тытулы: Запаведнік, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

11. Пойма Дняпра Лоеў-Жары

Пойма р. Дняпро – гэта адзін з ключавых шляхоў для мігруючых водна-балотных птушак. Найбольш распаўсюджанымі тыпамі экасістэм на дадзенай тэрыторыі з'яўляюцца лугі. Менавіта яны займаюць больш за палову плошчы тэрыторыі і ствараюць выдатныя ўмовы для гнездавання такіх рэдкіх відаў, як дубальт, драч, малая крычка, белакрылая крычка, звычайны пагоніч. Крутыя берагі спрыяюць гнездаванню ластаўкі-зямлянкі. Тут растуць некаторыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення расліны. Гэта, напрыклад, званок лiлеялiсты, кураслеп лясны, асака ценявая, лiлея кучаравая, касач сібірскі, наяда вялікая, шалфей лугавы, вадзяны арэх плывучы, фiялка багнавая, падвей стройны. Арнітафаўна тэррыторыі слаба вывучана і таму патрабуе далейшых даследванняў. Для поймы Дняпра было адзначана каля 200 відаў птушак.
Дзе: Гомельская вобласць, Лоеўскі і Брагінскі раёны
Тытулы: Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

12. Налібоцкая пушча

Налібоцкая пушча – адзіная цэласная тэрыторыя, размешчаная ў басейне Нёмана ў заходняй частцы цэнтральнай Беларусі, на якой практычна ў натуральным стане захаваліся лясныя масівы вялікай плошчы са спецыфічным прыродным комплексам. Прырода заказніка адрозніваецца выключнай прыгажосцю і маляўнічасцю натуральных ландшафтаў, высокай лясістасцю (каля 80 %) і нізкай сельскагаспадарчай засвоенасцю. Тэрыторыя мае выключнае значэнне для захавання месцаў гнездавання малога арляца (уваходзіць пяцёрку найбольш значных месцаў для Еўропы), звычайнага зімародка і чорнага бусла. Таксама тут адзначаны ў невялікай колькасці дубальт, вялiкi грыцук і вялiкi кулён. Сярод рэдкіх звяроў тут можна пабачыць еўрапейскага зубра, еўрапейскую рысь, барсука, арэшнікавую соню,. Ёсць і рэдкія расліны: баранец звычайны, лiлея кучаравая, цыбуля мядзведжая і шмат іншых.
Дзе: Гродзенская вобласць, Іўеўскі, Навагруцкі раёны; Мінская вобласць, Валожынскі, Стаўбцоўскі раёны
Тытулы: Ландшафтны заказнік, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

13. Бярэзінскі біясферны запаведнік

Бярэзінскі біясферны запаведнік – буйнейшы комплекс хваёвых лясоў, якія перамяжаюцца з верхавымі і нізіннымі балотамі і поймамі рэк. Яго прыродныя ўмовы характарызуюцца некранутым абліччам лясоў і вялікіх сфагнавых балот. Запаведнік быў створаны ў 1925 годзе дзеля захавання папуляцыі бабра, але цяпер тэрыторыя мае іншае значэнне. Гэта адно з самых бяспечных месцаў у Беларусі для бурага мядзведзя, які зараз вельмі пакутвае ад актывізацыі лясной гаспадаркі і загоннага палявання. Тут не вядзецца падкормка, санітарныя рубкі, не палююць на ваўка, што робіць запаведнік аднім з нешматлікіх месцаў у краіне з натуральным ходам прыродных працэсаў. Тут жыве папуляцыя зубра, можна пабачыць сажалкавую начніцу, паўночнага кажанка, садовую соню, рысь, барсука. Сучасная флора запаведніка ўключае больш 2000 відаў раслін. Сярод іх рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай: граздоўнiк рамонкалiсты, мнаганожка звычайная, бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны і шмат іншых.
Дзе: Віцебская вобласць, Лепельскі і Докшыцкі раёны; Мінская вобласць, Барысаўскі раён
Тытулы: Запаведнік, Біясферны рэзерват, Дыплом Савета Еўропы, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

14. Балота Ельня

Буйнейшае ў Беларусі верхавое балота са шматлікімі азёрамі, якія прыдаюць разнастайнасць аднатоннаму ландшафту. У сувязі з цяжкай даступнасцю і спецыфікай ландшафтаў тэрыторыя выкарыстоўваецца чалавекам вельмі абмежавана. На тэрыторыі заказніка сустракаецца 117 відаў птушак, 25 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Характэрная рыса балотнага масіву Ельня – наяўнасць калоній кулікоў на балоце і калоній чайкавых на азёрах. Гэта месца гнездавання птушак, тыповых для комплексаў верхавых балот: чорнаваллёвага гагача, пардвы, залацістай сеўкі, сярэдняга кулёна і куліка-селянца. Рэдкія для Беларусі, яны сустракаюцца тут у значнай колькасці. Акрамя іх на балоце гняздуюцца сокал-дрымлюк і арол-вужаед. Ельня мае вялікае значэнне як месца прыпынку мігрыруючых гусей, качак і жураўлёў на вясновых і восеньскіх пралётах. З рэдкіх жывёлін тут сустракаецца барсук.
Дзе: Віцебская вобласць, Міёрскі і Шаркаўшчынскі раёны
Тытулы: Ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

15. Каз'яны

Заказнік уяўляе сабой складаны мазаічны комплекс верхавых балот, лясоў, заліўных лугоў, азёр і сельскагаспадарчых зямель. Тэрыторыя характарызуецца разнастайнасцю і кантрастнасцю экалагічных умоў, наяўнасцю ўнікальных прыродных комплексаў: буйных масіваў верхавых і пераходных балот, адкрытых нізінных балот, шматлікіх рэк і азёр, пясчаных дзюн; а таксама малапарушаных лясоў, у тым ліку і фрагментарных дубраў. На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тэрыторыя мае рэгіянальнае значэнне для захавання чорнага бусла, палявога луня, скапы, шэрага жураўля, вялiкага кулёна. Каз’яны маюць вялікае значэнне для птушак верхавых і пераходных балот: тут гняздяцца сокал-шулёнак, пардва, залацістая сеўка, сярэднi кулён, кулiк-селянец, звычайны гогаль. Сутракаюцця бурыя мядзведзі, барсукі, рысі.
Дзе: Віцебская вобласць, Шумілінскі і Полацкі раёны
Тытулы: Ландшафтны заказнік, Рамсарскае ўгоддзе, Тэрыторыя важная для птушак міжнароднай значнасці

Метадалогія

Пры складанні спіса былі ўзяты пад увагу наступныя параметры:
а) колькасць відаў і памер папуляцый звяроў, што маюць высокі міжнародны статус аховы (Катэгорыя Уязвімы (VU) IUCN);
б) колькасць відаў і асобінаў птушак з высокім міжнародным статусам аховы (Катэгорыі Пагражаемы (EN), Уязвімы (VU) IUCN);
в) плошча біятопаў, што ахоўваюцца на еўрапейскім узроўні (згодна з Бернскай канвенцыяй);
г) наяўнасць нацыянальнага ці міжнароднага статуса ў тэрыторыі.

Падчас аналізу выкарыстаны матэрыялы з баз дадзеных грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і матэрыялы Інстытута экспрыментальнай батанікі НАН Беларусі

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны"

АПБ — буйнейшая прыродаахоўная арганізацыя Беларусі. АПБ працуе дзеля захавання дзікай прыроды нашай краіны.

Таксама глядзіце
"Отпросился с работы и поехал помогать лососю"
Хранители АПБ — лучшие общественные экологи Витебщины!
Дикое: 20 лет спустя
Прочитать и сохранить
Операция «Две гагары»
"Наелись черники, зарядились болотом"
Мониторинг Ислочи: птица года вместо зимородка
Пра дзiкую прыроду, якая побач
От Ельни — до Лесной и поймы Сожа
Что такое "Бусловка"?