Альманскія балоты

Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Столінскі раён

Каардынаты: 51°50 N 27°15 E

Плошча: 94219 гектараў

Нацыянальны статус аховы: ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння створаны ў 1998 годзе

Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY018, крытэрыі А1, В2, В3). Рамсарская тэрыторыя ўтворана ў 2001 годзе (крытэрыі 1а, 2а)

 

          Альманскія балоты – гэта буйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане. На яго тэрыторыі размешчаны ваенны авіяцыйны палігон, які дзейнічае і зараз. Паўднёва-заходняя частка масіву распасціраецца на тэрыторыю Украіны, у сувязі з чым паўднёвая мяжа заказніка праходзіць па дзяржаўнай мяжы. Плошча трансфармаваных земляў (дарогі, тэрыторыі вайсковых пастоў) складаюць не больш за 1% ад усёй плошчы заказніка. Каля 40% тэрыторыі займаюць адкрытыя балоты, пераважна пераходныя, парослыя разрэджаным трыснягом, мохам і рэдкімі бярозкамі. Сярод балот раскіданы пясчаныя дзюны (ў выглядзе астравоў і працяглых град), парослыя хваёвымі альбо ліставымі лясамі. Увогуле, лясамі, пераважна забалочанымі, пакрыта амаль 50% плошчы заказніка. Акрамя балотных сустракаюцца сухія хвойнікі, пойменныя дубравы і чорнаалешнікі.

Альманскія балоты размешчаны ў міжрэччы правага прытока Прыпяці – ракі Сцвіга і ракі Льва, якая ўпадае ў Сцвігу і ўтварае паўночна-заходнюю мяжу заказніка. Акрамя Львы ў Сцвігу ўпадаюць некалькі старых меліяратыўных каналаў, якія былі пабудаваны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У цяперашні час яны знаходзяцца ў паўразбураным стане, аднак сток вады з балот (асабліва інтэнсіўны вясной) па ім яшчэ працягваецца. Пойма ракі Льва ў межах заказніка вельмі забалочана. У паўночнай частцы комплексу знаходзяцца два возеры – Вялікае і Малое Засоміннае з агульнай плошчай каля 100 гектараў. Астатнія 23 возеры заказніка зусім дробныя – ад 0,5 да 5 гектараў. Альманскія балоты адрозніваюцца ад іншых падобных балотных комплексаў буйнымі памерамі, захаванасцю ў натуральным стане, стабільнасцю гідралагічных умоў.

Акрамя Палескага авіяцыйнага палігона на тэрыторыі заказніка дзейнічае Палескі вайсковы лясгас Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама калгас “Рубельскі”. Насуперак меркаванням, дзейнасць вайскоўцаў, якая вядзецца на лакальных участках балота, не толькі не прывяла да дэградацыі прыродных супольнасцей, а наадварот, абумовіла абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, у асаблівасці, гідрамеліярацыі, што дазволіла захаваць гэты балотны масіў у натуральным стане. Акрамя вайсковай дзейнасці на тэрыторыі заказніка ажыццяўляецца рэгламентаванае лесакарыстанне, дазволена паляванне і рыбная лоўля, праводзіцца нарыхтоўка вялікай колькасці грыбоў і ягад.


Арнітафауна Альманскіх балот прадстаўлена 151 відам птушак, 25 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Дадзеныя аб відах, найбольш значных для захавання біяразнастайнасці прыведзены ў табліцы.


Від / Species

Ацэнка колькасці, пар  

Крытэрый ТВП

Чорны бусел / Черный аист 

Ciconia nigra

10-20

B2

Арол-вужаед / Змееяд 

Circaetus gallicus

20-30

B2

Поплаўны лунь / Луговой лунь 

Circus pygargus 

10-20

B3

Вялікі арлец / Большой подорлик  

 Aquila clanga

20-30

A1

Шэры журавель / Серый журавль 

Grus grus

30-40

B2

Дубальт / Дупель 

Gallinago media

20 самцоў

А1

Пугач / Филин 

Bubo bubo

5-6

B2

Шэрая кугакаўка / Серая неясыть  

Strix aluco

100

B3

.

Aльманскія балоты забяспечваюць існаванне значнай часткі (10-20%) беларускай папуляцыі барадатай кугакаўкі Strix nebulosa, гняздуецца тут і адзін з найбольш каштоўных паляўнічых відаў птушак – глушэц Tetrao urogallus, палеская папуляцыя якога зараз знаходзіцца ў прыгнечаным становішчы.

            На тэрыторыі заказніка сустракаеца 26 відаў млекакормячых, 3 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Да нядаўняга часу тут яшчэ адзначалася еўрапейская норка Mustela lutreola від, які знаходзіцца ў Еўропе пад пагрозай глабальнага знікнення. Поймы рэк Ствіга і Льва падтрымліваюць існаванне адной з буйнейшых папуляцый выдры Lutra lutra.

На тэрыторыі ўгоддзя выяўлена 687 відаў раслін, 12 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

 Неспрыяльныя фактары

У дадзены час вайсковы палігон працягвае афіцыйна існаваць на тэрыторыі заказніка, аднак з-за рэзкага скарачэння вайсковых вучэбных мерапрыемстваў рэжым яго аховы стаў менш строгім, у выніку чаго рэзка павялічылася неафіцыйнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, пачасціліся буйныя пажары, узмацнілася іншая антрапагенная нагрузка на прыродныя біяцэнозы.

Асушэнне прылягаючых да заказніка тэрыторый прыводзіць да зніжэння ўзроўню грунтовых вод, і, як вынік, дэградацыі натуральных супольнасцяў.

Выпальванне расліннасці ў вясновы перыяд з’яўляецца асноўнай прычынай пажараў. Летам пажары ўзнікаюць ад вогнішчаў, якія раскладаюць на тарфяніках альбо ў сухім лесе пастухі і браканьеры.

Браканьерская высечка лясоў на астравах і градах сярод балот стварае небяспеку іх эразійнага разбурэння і пазбаўляе жывёл сховішчаў.

Неабмежаваны збор журавін вядзе да ўзмацнення фактара неспакою, значнага скарачэння кармавой базы для шэрагу жывёл, павялічвае верагоднасць пажараў ад вогнішчаў, якія раскладаюцца зборшчыкамі ягад.

Некантралюемае паляванне прывяло да катастрафічнага зніжэння колькасці глушцоў, ласёў, дзікоў, відаў пушных звяроў.

Выпас жывёлы ў лясах вядзе да дэградацыі наглебавага покрыва, скарачэння кармавой базы дзікіх жывёл, павелічэння фактару неспакою, гібелі маладняку жывёл і разарэння гнёзд сабакамі пастухоў.

 Неабходныя меры аховы

У мэтах захавання біялагічнай разнастайнасці тэрыторыі неабходна распрацаваць план кіравання заказнікам Альманскія балоты”. Аснову гэтага плана павінны саставіць меры, накіраваныя на захаванне натуральнага гідралагічнага рэжыму і зніжэнне антрапагенных нагрузак на прыродныя комплексы.