In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Шэрая гусь — птушка 2009 года

Палажэнне аб нацыянальнай кампаніі
«Шэрая гусь — птушка 2009 года»

Нацыянальная кампанія «Птушка года» праводзіцца з 2000 года грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), якая з'яўляецца нацыянальным партнёрам глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International у Беларусі. Асноўная мэта кампаніі – падтрыманне грамадскага меркавання аб каштоўнасці біяразнастай-насці, неабходнасці захавання птушак як аднаго з яе ўнікальных кампанентаў і заахвочванне насельніцтва да актыўнай аховы птушак.

Штогод АПБ выбірае від птушак, які мае пэўныя праблемы і патрабуе нашай увагі і дапамогі. У папярэднія гады птушкамі года былі белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля. У рамках кампаніі звычайна праводзяцца разнастайныя конкурсы, акцыі і прыродаахоўныя мерапрымствы. Птушкай 2009 года абвешчана шэрая гусь. Гэта рэдкі гняздуючы ў нашай краіне від. Шэрая гусь была занесена ў апошняе выданне Чырвонай кнігі РБ (2004). Затым, на жаль, яе вынеслі з Чырвонай кнігі, і шэрая гусь трапіла ў лік паляўнічых відаў. Асабліва адмоўна на гнездавой папуляцыі шэрых гусей сказваецца веснавое паляванне, якое ў значнай меры супадае з перыядам іх гнездавання.

Дзесяць фактаў пра шэрую гусь:

  1. Адзіны гняздуючы з чатырох адзначаных у Беларусі відаў гусей.
  2. На гнездаванні ў Беларусі адзначана не больш за 200 пар шэрых гусей.
  3. Шэрыя гусі ўтвараюць пары на ўсё жыццё.
  4. Пералётная птушка, зімуе ў заходняй і паўднёвай Еўропе, зрэдку адзінкава ў Беларусі.
  5. З месцаў зімовак шэрыя гусі вяртаюцца рана, калі на азёрах яшчэ ляжыць лёд.
  6. Харчуецца травой, зернем і воднымі раслінамі.
  7. Пад час лінькі ў шэрых гусей амаль адначасова выпадаюць махавыя пер'і, і гусі на некаторы час трацяць здольнасць да палёту.
  8. Самая буйная па памерах гусь сярод адзначаных у Беларусі.
  9. Асноўнымі праблемамі для выжывання шэрых гусей у Беларусі з'яўляюцца веснавое паляванне і турбаванне на міграцыйных прыпынках і месцах гнездавання.
  10. Шэрая гусь — родапачынальнік свойскіх гусей.

Задачы кампаніі «Шэрая гусь — птушка 2009 года»:

  • павысіць інфармаванасць грамадства аб шэрай гусі і другіх відах гусей (біялогія, праблемы і г.д.);
  • атрымаць звесткі аб ходзе міграцый ўсіх відаў гусей і гнездаванні шэрых гусей у Беларусі;
  • садзейнічаць стварэнню ўмоў для павелічэння папуляцыі шэрай гусі, выключэнню яе з ліку паляўнічых відаў, стварэнню ўмоў для захавання месцаў гнездавання і павелічэнню іх колькасці;
  • садзейнічаць спыненню веснавога палявання на водна-балотных птушак у Беларусі.

Для выканання мэты і задач кампаніі праводзіцца конкурс мастацкіх плакатаў, літаратурны конкурс, а таксама акцыі. Акрамя конкурсаў і акцый, прапанаваных АПБ, установы адукацыі, цэнтры пазашкольнай работы, грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі могуць праводзіць іншыя мерапрыемствы, якія адпавядаюць мэтам кампаніі.

Конкурс мастацкіх плакатаў

На конкурс прымаюцца мастацкія плакаты, якія прысвечаны праблеме веснавога палявання на гусей. Фармат – А3. Плакаты могуць быць выкананы любымі сродкамі, акрамя простага алоўка і крэйды. Конкурс праводзіцца ў два этапы: рэгіянальныя (абласныя, мінскі гарадскі) і рэспубліканскі.

Мастацкія работы неабходна перадаць ці даслаць рэгіянальным каардынатарам:

  • Брэсцкая вобласць:
    Кіцель Дз.А.,
    Брэсцкі абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў, вул. Ціхая 4,
    г. Брэст, 224020
  • Магілёўская вобласць:
    Бубнова Ж.А.,
    Цэнтр экалагічнага выхавання, вул.Альхоўская 2-б,
    г. Магілёў, 212017
  • Гродзенская вобласць:
    Гуменны В.С.,
    Гімназія №1 імя акадэміка Я.С.Карскага, пр-т Я.Купалы 82,
    г. Гродна, 230010
  • Гомельская вобласць:
    Паклонская А.І.,
    Дом дзіцячай творчасці, вул.Кірава 36,
    г. Тураў, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць, 247980
  • Віцебская вобласць:
    Сінкевіч І.У.,
    Шумілінскі раённы Цэнтр пазашкольнай работы, вул.Ленінская 22,
    г. Шуміліна, 211260
  • Мінская вобласць:
    Паршута А.В.,
    Мядзельская САШ №1 імя У.М.Дубоўкі, вул. Ленінская 2,
    г. Мядзел, 222397
  • г. Мінск:
    Якубоўская С.А.,
    Экалагічная гімназія №19, пр-т Пушкіна 48,
    Мінск, 220073

Літаратурны конкурс «Ліст шэрай гусі да людзей»

На конкурс прымаюцца літаратурныя работы, ў якіх аўтары ад імя шэрых гусей звяртаюцца да людзей. Такім чынам, у звароце шэрыя гусі расказваюць пра свае праблемы і просяць людзей спыніць веснавое паляванне. Аб'ём літаратурнай работы павінен быць не больш за 1 старонку А4, кегль – 12. Прымаюцца работы, выкананыя на беларускай, рускай ці англійскай мовах. Ліст можа быць і ў форме верша.

Літаратурныя работы дасылаюцца на адрас АПБ:
а/с 306 Мінск 220050 ці па E-mail: info@ptushki.org

Тэрмін падачы мастацкіх і літаратурных работ: да 31 мая 2009 г.

Узрост удзельнікаў конкурсаў не абмежаваны. Пераможцы і прызёры будуць выбірацца журы ў розных узроставых катэгорыях.

Усе ўдзельнікі конкурсаў атрымаюць сэртыфікаты ўдзельніка, а пераможцы – дыпломы і прызы. Работы аўтарам не вяртаюцца. АПБ можа выкарыстоўваць лепшыя работы для публікацыі ў сваіх выданнях з указаннем аўтарства, а мастацкія плакаты таксама выстаўляць на выставах.

Акцыя «Вяўленне месцаў міграцыйных згуртаванняў гусей»

Міграцыйныя прыпынкі на веснавым пралёце маюць вельмі важнае значэнне для гусей. Гусі вяртаюцца з зімоўкі ў тундру, калі там яшчэ ляжыць снег, таму на шляху пералёта яны павінны мець месцы, дзе змогуць адпачыць і падсілкавацца. Асноўная мэта акцыі — гэта выяўленне месцаў канцэнтрацыі гусей на пралёце ў Беларусі. Трэба адзначаць месцы, дзе прыпыняюцца гусі ў колькасці не менш за 1000 асобін. Веснавыя назіранні за згуртаваннямі гусей праводзяцца па 30 красавіка. Пра месцы веснавых згуртаванняў любых відаў гусей пад час міграцыі можна паведаміць у АПБ да 31 мая. Асеннія назіранні праводзяцца з 20 верасня па 15 кастрычніка. Пра месцы міграцыйных прыпынкаў можна паведаміць да 30 кастрычніка.