In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
10 цiкавых фактаў пра ўдода

1. Беларусь насяляе не больш 20 тысяч пар удодаў (1998). Колькасць іх скарачаецца па ўсёй Еўропе з-за інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, узбуйнення палёў і трансфармацыі стылю сельскай забудовы.

2. Больш магчымасцей сустрэць ці пачуць удода на Палессі. Ён любіць сельскую мясцовасць, асабліва адкрытыя лугі і ўзлескі з голымі ўчасткамі зямлі. Гнёзда размяшчае ў дуплах ці у сценах будынкаў, у кучах камянёў.

3. Песня удода — глухі, трохскладовы «упупуп», якую ўвесну і летам ён паўтарае да 30 разоў у хвіліну. Звукападражальнай з’яўляецца назва птушкі на мовах многіх народаў.

4. Дыета ўдода, ў асноўным, насякомыя і іх лічынкі даўжынёй 2-3 см: жукі, конікі, мядзведкі, якіх птушкі або збіраюць на паверхні, або з дапамогай доўгай дзюбы могуць спрытна дастаць з глебы. Адмысловыя мышцы на галаве дазваляюць адкрыць дзюбу ў зямлі.

5. У асноўным удод жывіцца відамі, якіх людзі лічаць шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. Злавiўшы буйнага жука, удод б'е яго аб зямлю ці камень, каб забіць і пазбавіць здабычу панцыра і ног.

6. Удоды жывуць парамі. Наседжвае яйкі толькі самка, а самец забяспечвае яе кормам.

7. Зімуюць нашы удоды ў Афрыцы.

8. Для абароны ў птушанят ёсць адмысловая залоза каля аснавання хваста, з якой яны выпырскваюць смярдзючую падаллю масляністую вадкасць у бок ворага, які правярае занятае птушкамі дупло або іншую гнездавую нішу ўдодаў. Птушаняты таксама добра «страляюць» памётам.

9. Удод быў святой птушкай ў Старажытным Егіпце, быў намаляваны на сценах пірамідаў і храмаў. Згадваецца ў святых пісаннях — Бібліі і Каране. У 2008 годзе ўдод быў абраны нацыянальнай птушкай Ізраіля.

10. У Польшчы і заходніх рэгіёнах Беларусі удода завуць «дудэк». Ад гэтай назвы паходзіць шмат распаўсюджаных прозвішчаў, у тым ліку «Дудко». У Польшчы нават праводзяцца злёты людзей з прозвішчам «Dudek».