In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Птушка года 2011

Нацыянальная кампанія «Птушка года» праводзіцца АПБ з 2000 года. Мэта кампаніі – заахвочванне насельніцтва да актыўнай аховы птушак. Штогод АПБ выбірае від птушак, які мае пэўныя праблемы і патрабуе нашай увагі і дапамогі. У папярэднія гады птушкамі года былі белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга.

Фота Susanne JepsenФота Susanne JepsenФота Susanne Jepsen

10 фактаў пра вялікага кулёна:

1. Вялікі кулён – самы буйны кулік Беларусі, размах крылаў да 1 м.

2. Вялікі кулён мае доўгую загнутую ўніз дзюбу да 13 см даўжынёй, з дапамогай якой харчуецца насякомымі і чарвякамі, а ўвосень і ягадамі.

3. Вялікі кулён гняздуе на мохавых і асаковых балотах, лугах.

4. Як і ва ўсіх кулікоў, у кладцы кулёна 4 яйкі, якія наседжваюць абодва бацькі.

5. Самка буйнейшая за самца.

6. У Беларусі гняздуецца ўсяго 950–1200 пар. Вялікі кулён занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і Міжнародную Чырвоную кнігу.

7. Асноўныя фактары пагрозы: скарачэнне плошчы і парушэнне месцаў гнездавання ў выніку меліярацыі; паляванне за мяжой, вясновыя палы травы, турбаванне ў перыяд размнажэння.

8. Вялікія кулёны зімуюць на марскім узбярэжжы ад Галандыі да паўночнай Афрыкі.

9. Сваяк вялікага кулёна – расійскі тонкадзюбы кулён – адносіцца да самых рэдкіх птушак свету, калі ўжо не знік.

10. На розных мовах назва вялікага кулёна гучыць такім чынам:
на рускай – большой кроншнеп («кроншнеп» у перакладзе з нямецкай мовы – каралеўскі кулік),
на нямецкай – Großer Brachvogel ,
на англійскай – Curlew ,
на польскай — Kulik wielki .

Мастацкія конкурсы
Мэта конкурсаў: паказаць прыгажосць вялікага кулёна, цікавыя асаблівасці яго жыцця, праблемы і магчымыя шляхі іх вырашэння. Падказка для ўдзельнікаў: калі ў пошукавай праграме набраць пазначаныя вышэй назвы вялікага кулёна на розных мовах, то можна знайсці цікавыя фотаздымкі кулёна як прыклад для малявання. Мастацкія работы будуць ацэньвацца ў трох намінацыях.

Лепшы малюнак вялікага кулёна. Для гэтай намінацыі прымаюцца мастацкія работы з выявай вялікага кулёна, якія паказваюць яго цікавыя паводзіны ці звычкі. Фармат малюнка – А4 ці А3 . Яны могуць быць выкананы фарбамі альбо каляровымі алоўкамі.

У намінацыі «Лепшы прыродаахоўны плакат» будуць ацэньвацца работы, у якіх адлюстроўваюцца праблемы вялікага кулёна і па магчымасці варыянты вырашэння гэтых праблем. Для падрыхтоўкі плакатаў прапаноўваюцца праблемы асушэння балот, вясновыя палы і г.д. На плакаце павінен быць слоган . Фармат А3 . Плакаты могуць быць выкананы фарбамі альбо каляровымі алоўкамі.

Лепшы мастацкі выраб. Конкурсныя работы павінны быць выкананы з гліны , саломкі , паперы і іншага матэрыялу , за выключэннем пластыліну.

Конкурс праводзіцца ў два этапы: рэгіянальныя (абласныя і мінскі гарадскі) і рэспубліканскі. Пры функцыянаванні ў рэгіёне мясцовага аддзялення АПБ, гэта аддзяленне можа каардынаваць рэгіянальны этап у сваім рэгіёне.

Малюнкі, плакаты і вырабы прымаюцца да 30 верасня ў рэгіянальныя каардынацыйныя цэнтры з адзнакай «Птушка года»:


- Брэсцкая вобласць : Кіцель Дз.А., Заходне-Палескае рэгіянальнае аддяленне АПБ, а/с 38, г. Брэст 224010

Магілёўская вобласць : Бубнова Ж.А., Цэнтр экалагічнага выхавання, вул. Альхоўская, 2-б, г. Магілёў, 212017

Гродзенская вобласць : Вінчэўская А.В., Гімназія №1 імя акадэміка Я.С. Карскага, пр-т Я. Купалы, 82 г. Гродна, 230010

Гомельская вобласць : Паклонская А.І., Дом детского творчества (Дом дзіцячай творчасці), вул. Кірава, 36, г. Тураў (адрас мог змяніцца), Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць, 247980

Віцебская вобласць : Сінкевіч І.У., Шумілінскі Цэнтр пазашкольнай работы, вул. Ленінская, 22, г. п. Шуміліна, 211260

Мінская вобласць : Паршута А.В., Мядзельская САШ №1 імя У.М. Дубоўкі, вул. Ленінская, 2 г. Мядзел, 222397

Мінск : Якубоўская С.А., Экалагічная гімназія №19, пр-т Пушкіна, 48 г. Мінск, 220073

Лепшыя работы будуць прадстаўлены на выставах мастацкіх работ у г. Мінску і рэгіёнах.

Літаратурны конкурс
На конкурс прымаюцца літаратурныя работы аб’ёмам да 3-х старонак (памер кеглю 12 ). У мастацкай форме прапануецца расказаць пра вялікага кулёна і яго прыгоды. Вельмі важна адлюстравать існуючыя праблемы вялікага кулёна і вытрымаць экалагічныя асаблівасці. Літаратурныя работы могуць быць падрыхтаваны на беларускай, рускай ці англійскай мовах. Узроставых абмежаванняў няма. Работы прымаюцца ў электронным выглядзе на адрас сакратарыята.

На кожнай конкурснай рабоце на адвароце павінны быць пазначаны імя , імя па бацьку , прозвішча , узрост , дакладны адрас і тэлефон аўтара , назва гуртка , адрас , а таксама імя, прозвішча , імя па бацьку кіраўніка гуртка і яго тэлефон , калі аўтар з’яўляецца сябрам якога-небудзь гуртка.

Конкурс на лепшую метадычную распацоўку, прыродаахоўную ці асветніцкую акцыю
На конкурс прымаюцца распрацоўкі ўрокаў, пазашкольных заняткаў і класных гадзін. А таксама распрацоўкі эколагаасветніцкіх і прыродаахоўных мерапрыемстваў, якія могуць уключаць план, дзеянні, справаздачу, а таксама метадычнае суправаджэнне. Распрацоўкі прымаюцца да 30 мая 2011 года.

Удзельнікам конкурсаў:
Усе ўдзельнікі конкурсаў традыцыйна атрымаюць сертыфікаты ўдзельніка, а пераможцы – дыпломы і прызы. Работы аўтарам не вяртаюцца. АПБ можа выкарыстоўваць работы з указаннем аўтарства для публікацыі, а таксама выстаўляць на выставах.

Установы адукацыі і культуры, а таксама мясцовыя аддзяленні АПБ могуць праводзіць свае конкурсы па папулярызацыі ведаў пра вялікага кулёна.

Навуковыя акцыі:
У рамках кампаніі АПБ плануе выявіць даты першых прылётаў вялікага кулёна ў розных рэгіёнах, выявіць новыя месцы гнездавання, месцы згуртаванняў вялікіх кулёнаў. Калі ў Вас будуць такія назіранні -–паведаміце, калі ласка, ў сакратарыят АПБ.


Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International.
Адрас сакратарыята АПБ: а/с 306, г. Мінск, 220050
Тэл.: +375 17 263 06 13, 263 01 30
Факс: +375 17 265 08 11
[email protected];
www.ptushki.org