In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Адукацыйная праграма «Бусел»

Адукацыйная праграма "Бусел", якую мы жадаем Вам прапанаваць, – гэта ваша магчымасць далучыцца да аховы белага бусла, пазнаёміцца з падыходамі, якія ўжываюцца ў гэтай справе ў нашай краіне і свеце.

Гістарычна склалася стаўленне беларусаў да белага бусла як да нацыянальнага сімвала краіны, што стварае спрыяльныя ўмовы для паспяховага існавання буслінай папуляцыі. У свеце налічваецца больш за 230 тысяч гняздуючых пар белага бусла, з якіх каля 21,5 тысяч жывуць у Беларусі, 30 тысяч – у Украіне і больш за 50 тысяч – у Польшчы. Нездарма белы бусел быў першай Птушкай года, якую з 2000 г. штогод абвяшчае АПБ.

З гэтай нагоды мы прапануем вам беларускую праграму "Бусел" — частку міжнароднай праграмы, якая дзейнічае ў школах і маладзёвых гуртках многіх краін Усходняй Еўропы з канца 1990-х гадоў. У кожнай з краін яна называецца згодна з мясцовай назвай бусла і канешне кожнай нацыянальнай праграме ўласцівы свае асаблівасці.

Ідэя праграмы належыць Дароце Шульц-Гузяк з Польскага таварыства сяброў прыроды "pro Natura" ва Вроцлаве. Аўтарка праграмы прапанавала шмат розных падыходаў для вывучэння і аховы навакольнага асяроддзя на прыкладзе белага бусла.

Падставай для стварэння беларускай праграмы паслужыла сама польская праграма "Боцян" і украінская праграма "Лелека" Заходнеукраінскага арніталагічнага таварыства. Падрыхтоўка і выданне адукацыйных матэрыялаў праграмы здзейснена пры фінансавай падтрымцы Фонду "CICONIA" (Ліхтэнштэйн) у рамках праекта Ciconia-Belarus. Каадынацыю праграмы "Бусел" ажыццяўляюць АПБ і Навукова практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах (Інстытут заалогіі).

Пры рабоце па праграме моладзь набывае біялагічныя веды і даследніцкі вопыт, далучаецца да вывучэння і аховы белага бусла, знаёміцца з навуковымі падыходамі, якія ўжываюцца ў нашай краіне і ва ўсім свеце, а таксама можа зрабіць свой унёсак у справу маніторынгу віду ды аховы прыроды на тэрыторыі Беларусі.

Мэты праграмы:

  • актывізацыя грамадзянскай пазіцыі моладзі;
  • развіццё эстэтычных пачуццяў пры зносінах з прыродай;
  • заахвочванне моладзі да назіранняў за прыродай і ўдзелу ў яе ахове;
  • пашырэнне ведаў вучняў шляхам збору канкрэтнай навуковай інфармацыі;
  • збор інфармацыі аб стане папуляцыі белага бусла ў Беларусі.

Матэрыялы адукацыйнай праграмы "Бусел" складаюцца з чатырох частак.

Першая змяшчае інфармацыю аб белым бусле. У асобных раздзелах абмяркоўваюцца важнейшыя пытанні, якія тычацца гэтага віду. З імі варта азнаёміцца перад пачаткам працы з вучнями.

Другая ўтрымлівае ўказанні, як арганізоўваць працу, праводзіць назіранні, актывізаваць моладзь і інш., падказвае пэўныя рашэнні, якімі настаўнік можа скарыстацца падчас рэалізацыі праграмы.

Трэцяя змяшчае набор заданняў для вучняў розных узроставых катэгорый. Усе яны паказваюць, як і з дапамогай якіх сродкаў можна праводзіць назіранні, развіваць цікавасць да прыроды, прыемна бавіць час і разам з тым збіраць карысную інфармацыю.

Чацвёртую частку складаюць дадаткі да асобных раздзелаў і заданняў.

Некаторыя матэрыялы можна спампаваць з нашага сайту:
Інфармацыйны бюлетэнь па праграме Бусел
Прэзентацыя адукацыйнай праграмы "Бусел"
Адукацыйная праграма Бусел
Дадатковыя матэрыялы для капіравання

Важнае значэнне мае адпраўка ў АПБ сабраных на працягу выканання праграмы дадзеных, а таксама разнастайнай інфармацыі аб працы вучняў і настаўнікаў. Усе, нават невялікія ініцыятывы, з'яўляюцца важным унёскам у рэалізацыю праграмы, таму варта іх апісваць і дзяліцца імі з іншымі.

Кансультацыі па праграме можна атрымаць у каардынатара Ірыны Самусенка , ДНВА "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах", вул. Акадэмічная, 27, Мінск, 220072, e-mail: s.irina@tut.by

Справаздачы і прапановы аб рабоце па праграме можна дасылаць на адрас АПБ ці непасрэдна каардынатару.

Ірына Самусенка,
каардынатар Адукацыйнай праграмы "Бусел"