In English, please
Знайшлі памылку ў тэксце?
Вылучыце яе з дапамогай мышкі і націсніце
Маніторынг звычайных відаў птушак

У красавіку 2007 года ў нашай краіне стартавала пілотная стадыя праекта па маніторынгу звычайных відаў птушак, падтрыманая Праграмай малых грантаў ГЭФ. Такім чынам, Беларусь далучылася да вялікай доўгатэрміновай праграмы, якая мае назву «Пан-еўрапейская схема маніторынгу звычайных птушак (PECBMS)» і вядзецца ў 20 краінах Еўропы на працягу ўжо амаль 30 гадоў.

Галоўная мэта гэтых даследаванняў — высветліць, якім чынам з цягам часу змяняюцца навакольныя ландшафты і, галоўнае, як гэтыя змяненні ўплываюць на відавы састаў і колькасць птушак, якія гэтыя ландшафты засяляюць. Пры гэтым, птушкі — гэта індыкатар, які вельмі добра адлюстроўвае агульныя накірункі зменаў у ландшафтах і ўскосна сведчыць пра стан усіх астатніх элементаў экасістэмы.

Чаму схема маніторынгу звычайных птушак такая эфектыўная? Таму, што яна рэалізуе ідэю грамадскай навукі (citizen science) і пабудавана на назіраннях аматараў птушак. Схема маніторынгу мае простую схему выбару квадрату (каб было бліжэй да месца жыцця чалавека) і правядзення ўлікаў. Таму, у Вялікабрытаніі ва ўліках штогод бярэ ўдзел некалькі тысяч чалавек, а ў Польшчы (дзе схема выконваецца ўжо звыш 5 гадоў) штогод даследуюцца звыш 300 квадратаў.

З кожным годам маніторынгу накопліваюцца вельмі каштоўныя дадзеныя, аналіз якіх дазваляе своечасова рэагаваць на любыя небяспечныя змены, якія могуць пашкодзіць той альбо іншай экасістэме, ды і, увогуле, даюць нам магчымасць паставіць уздзеянне чалавека на прыроду, без якога, на жаль, у наш час не абыйсціся, на «экалагічныя рэйкі». Трэба адзначыць, што ў большасці краін гэтай нескладанай, але вельмі патрэбнай работай займаюцца сотні і тысячы людзей, якія не з'яўляюцца прафесійнымі арнітолагамі.

У красавіку-траўні 2007 года ў Беларусі былі праведзены 2 семінары (у Кобрыне і Тураве), удзельнікі каторых ва ўсіх падрабязнасцях пазнаёміліся з мэтамі і методыкамі агульнаеўрапейскага маніторынгу і пад кіраўніцтвам вопытных (у тым ліку і міжнародных) інструктараў правялі пробныя ўлікі на навакольных палях.

Узяць удзел у праграме згадзілася больш за 30 чалавек (настаўнікі, студэнты, школьнікі), большая частка з каторых (25) рэальна ўзяла ўдзел у рабоце, аб чым і сведчаць дасланыя імі запоўненыя формы. Пры гэтым, знайшліся энтузіясты, якія змаглі правесці ўлікі не на адным, а на двух і нават трох квадратах. Спадзяемся, што ўзяўшыся за гэтую работу, удзельнікі праекту будуць працягваць яе і далей.

У кастрычніку ўсе ўдзельнікі праграмы сабраліся ў Мінску на чарговы семінар, для таго каб абмеркаваць пытанні, якія ўзніклі падчас работы і спланаваць наступны палявы сезон. Зразумела, што той колькасці квадратаў, якую мы маем на сённяшні дзень, недастаткова для атрымання адэкватнай карціны зменаў, якія адбываюцца ў папуляцыях птушак, а таксама для параўнання сітуацыі ў нашай краіне і станам птушак за мяжой. Але трыццаць квадратаў гэта толькі пачатак.

Аналіз стану папуляцый 124 найбольш распаўсюджаных у Еўропе відаў птушак паказаў, што за 26 год маніторынгу 56 відаў (45%) знізілі сваю колькасць у 20 краінах Еўропы. Палова гэтых «праблематычных» відаў — птушкі, звязаныя з сельскагаспадарчымі біятопамі. Па словах дырэктара па прыродаахоўных пытаннях Каралеўскага таварыства аховы птушак д-ра Марка Эйверы (Dr Mark Avery), спад колькасці такіх знаёмых усім птушак сельска-гаспадарчых палеткаў, як шэрая курапатка, звычайная туркаўка і кнігаўка вызываюць вялікую занепакоенасць.

Справаздача «Стан звычайных відаў птушак Еўропы 2007» паказвае, што ў наступных 10 відаў птушак Еўропы назіралася найбольш значнае зніжэнне ў перыяд з 1980 па 2005 гады:

  • жаўрук-смяцюх (Galerida cristata) зніжэнне на 95 %;
  • малы дзяцел (Dendrocopos minor) зніжэнне на 81%;
  • шэрая курапатка (Perdix perdix) зніжэнне на 79 %;
  • круцігалоўка (Jynx torquilla) зніжэнне на 74%;
  • палявая падкаменка (Oenanthe oenanthe) зніжэнне на 70 %;
  • усходні салавей (Luscinia megarhynchos) зніжэнне на 63 %;
  • звычайная туркаўка (Streptopelia turtur) зніжэнне на 62 %;
  • бурагаловая сініца (Parus montanus) зніжэнне на 58 %
  • кнігаўка (Vanellus vanellus) зніжэнне на 51 %;
  • чыж (Serinus serinus) зніжэнне на 41 %.

У той жа час, віды, якія значна павялічылі сваю колькасць за гэты самы перыяд, такія як кольчатая туркаўка, не залежаць ад якога-небудзь аднаго спецыялізаванага біятопа і змаглі выкарыстаць новыя мажлівасці ў зменлівым асяроддзі. У цэлым па Еўропе, з 1980 па 2005 павялічылі сваю колькасць 29 відаў птушак.

Найбольшы гэты паказчык у наступных відаў:

  • таўстадзюб (Coccothraustes coccothraustes) павелічэнне на 658%;
  • валасяніца-белашыйка (Ficedula albicollis) павелічэнне на 182%;
  • крумкач (Corvus corax) павелічэнне на 118%;
  • леска-чорнагалоўка (Sylvia atricapilla) павелічэнне на 82%;
  • мышалоў (Buteo buteo) павелічэнне на 80%.