Тэрыторыя заказніка ўяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот, нізінных балот адносна мала. Ядром заказніка з’яўляецца возера Асвейскае, якое мае важнае гідралагічнае і кліматаўтвараючае значэнне для вялікага рэгіёна паўночнай часткі Беларусі. Вялікую частку ўгоддзя займаюць верхавыя і пераходныя балоты, якія пакрыты хвойнікамі, бярэзнікамі і алешнікамі. Сярод балот раскіданы нешматлікія мінеральныя астравы. Лясы займаюць каля 30% агульнай плошчы заказніка, лугі – 6%, хмызнякамі пакрыта 4% тэрыторыі.
Гідраграфічная сетка добра развіта і прадстаўлена азёрамі, рэкамі і шматлікімі меліяратыўнымі каналамі. Галоўная водная артэрыя тэрыторыі – рака Свольна, якая адносіцца да басейна Заходняй Дзвіны. Найбольш значным натуральным вадаёмам з'яўляецца возера Асвейскае, плошча якога складае 47,95 км2 (пасля Нарачы гэта другі па велічыні прыродны вадаём рэспублікі). Возера адносіцца да эўтрофнага тыпу, яно мелкаводнае, сярэдняя глыбіня не перавышае 2 метраў. У яго ўпадаюць некалькі невялікіх рэк і каналаў, аднак прыток вады ў вадаём адбываецца, галоўным чынам, за кошт ападкаў. Апошнія дваццаць гадоў возера інтэнсіўна зарастае надводнай расліннасцю і паступова страчвае сваё значэнне ў якасці рыбапрамысловага вадаёма і месца гнездавання вадаплаўных птушак. Найбольш верагодная прычына такіх змяненняў – зніжэнне ўзроўню вады, якая выцякае з возера па каналу Дзегцяроўка. Для пад’ёму і стабілізацыі ўзроўню вады ў возеры, на гэтым канале было ўзведзена гідратэхнічнае збудаванне са шлюзам-рэгулятарам, загараджальнай дамбай і водападводзячым каналам. Аднак цяпер дамба знаходзіцца ў нездавальняючым тэхнічным стане. Другой верагоднай прычынай зніжэння ўзроўню вады могуць быць вынікі торфараспрацовак, якія праводзіліся недалёка ад возера.
Лесагаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі заказніка вядзецца ў рацыянальных памерах. З іншых відаў гаспадарання пераважаюць здабыча торфу, прамысловы і аматарскі збор грыбоў і ягад, рэгламентаванае паляванне. У Асвейскім возеры ёсць значныя запасы сапрапеляў высокай якасці, прыгодных для прамысловай здабычы.
На тэрыторыі заказніка гняздуецца 164 віды птушак, 36 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Найбольш значныя віды прадстаўлены ў табліцы.
| Від | Ацэнка колькасці, пар | Крытэрый ТВП |
| Чапля-бугай / Большая выпь Botaurus stellaris |
40-60 самцоў | В2 |
| Нырок-сівак / Красноголовый нырок Aythya ferina |
400-600 | B3 |
| Арол-маркут / Беркут Aquila chrysaetos |
1 | B2 |
| Скапа / Скопа Pandion haliaetus |
3 | B2 |
Возера Асвейскае – буйнейшае ў рэгіёне Паазер’я месца размнажэння і паслягнездавой канцэнтрацыі некаторых паляўнічых відаў вадаплаўных птушак: качкі-крыжанкі Anas platyrhynchos, нырка-сівака Aythya ferina і лыскі Fulica atra. Акрамя таго, возера і навакольныя тэрыторыі з’яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд міграцый вясной і восенню.
З рэдкіх раслін, якія сустракаюцца на тэрыторыі заказніка, трэба адзначыць гібрыдныя формы вольхі клейкай Alnus glutinosa і шэрай A. incana, высокаствольныя формы бярозы карэльскай Betula pendula var. carelica, буйныя папуляцыі гарлачыка жоўтага малога Nuphar pumila, а таксама рэліктавую насякомаедную расліну – альдраванду пухіраватую Aldrovanda vesiculosa. Увогуле, у заказніку выяўлена 16 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. З млекакормячых, якія сустракаюцца на ТВП, ахове належаць 4 віды
Для вырашэння асноўных праблем заказніка неабходна распрацаваць план кіравання, які павінен уключаць рэкамендацыі па: