ТВП уключае ў сябе поўны спектр поймавых біяцэнозаў, характэрных для цэнтральнай часткі Беларусі. Тут адзначаны на гнездаванні ўсе чатыры беларускія віды птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вялікі арлец Aquila clanga, драч Crex crex, дубальт Gallinago media і вяртлявая чаротаўка Acrocephalus paludicola.
Угоддзе размешчана ў поймах рэк Бярэзіна і Гайна ад возера Палік на поўначы да ўпадзення ў Гайну ракі Цна на поўдні. Шырыня пойм рэк складае 1,5-3 км. У поймах пераважаюць нізінныя купіністыя асаковыя балоты і забалочаныя лугі, месцамі моцна парослыя хмызнякамі. Па краях пойм на слаба выяўленых поймавых тэрасах растуць забалочаныя лясы, у асноўным ольсы і ельнікі. Невялікую плошчу ў басейне ракі Гайна займаюць пераходныя сфагнавыя балоты.
Працягласць ракі Бярэзіна ў межах угоддзя складае 12 км, ракі Гайна – 24 км. Гідралагічны рэжым рэк характрызуецца высокай непрацяглай веснавой паводкай і нізкай летняй межанню. У паводку пойма затапляецца на перыяд ад 10-20 сутак да 1,5-2 месяцаў, вышыня паводкі вар'іруе ад 0,5 да 2 м. Рэчышчы звілістыя, на Бярэзіне са шматлікімі старыцамі.
Угоддзе характарызуецца нізкім узроўнем гаспадарчага выкарыстоўвання. Поймавыя лугі Бярэзіны часткова выкошваюцца. У пойме Гайны сенакашэнне вядзецца пераважна ў месцы яе ўпадзення ў Бярэзіну і каля паўднёвых межаў ТВП. На ўзвышшах у пойме Бярэзіны пасецца жывёла. Тут жа знаходзіцца шэраг невялікіх тарфянікаў, але іх распрацоўка не вядзецца.
Практычна ўся тэрыторыя выкарыстоўваецца для палявання, а рэкі Бярэзіна, Гайна і шматлікія старычныя азёры – для рыбалкі мясцовымі і прыезджымі рыбаловамі. У межах ТВП знаходзіцца паркава-маёнткавы комплекс «Весялова». Зараз ён выкарыстоўваецца як база адпачынку. Тут жа знаходзіцца пасека і пляцоўка для коннага спорту.
Прыродаахоўная каштоўнасць тэрыторыі вызначаецца, у першую чаргу, гнездаваннем тут чатырох глабальна пагражаемых відаў птушак. Акрамя таго, угоддзе з'яўляецца важным месцам гнездавання для шэрагу водна-балотных птушак, а ў веснавы перыяд мае выключнае значэнне для адпачынку і кармёжкі мігрыруючых гусей, качак і кулікоў.
| Від | Ацэнка колькасці (пар) | Крытэрый ТВП |
| Качка-чырка / Чирок-трескунок Anas querquedula |
400-600 | B2 |
| Вялікі арлец / Большой подорлик Aquila clanga |
2-3 | А1 |
| Звычайны пагоніч / Погоныш Porzana porzana |
250-400 самцоў | B3 |
| Драч / Коростель Crex crex |
200-300 самцоў | А1 |
| Дубальт / Дупель Gallinago media |
20 | А1 |
| Малая чайка / Малая чайка Larus minutus |
20 | B2 |
| Чорная рыбачка / Черная крачка Chlidonias niger |
50-200 | B2 |
Спалучэнне стараўзроставых лясоў, балотных і поймавых угоддзяў з маладнякамі і высечкамі надае тэрыторыі мазаічнасць і стварае спрыяльныя ўмовы для пражывання многіх відаў млекакормячых. Аднак колькасць паляўнічых відаў жывёл значна ніжэй патэнцыяльна магчымай, што звязана, галоўным чынам, з высокім прэсам браканьерства. У першую чаргу, выклікае заклапочанасць стан папуляцыі лася Alces alces. У перыяд правядзення даследаванняў былі ўлічаны толькі адзінкавыя асобіны гэтых жывёл. Іншыя паляўнічыя віды, як дзік Sus scrofa і казуля Capreolus capreolus, адзначаюцца па ўсёй тэрыторыі з найбольшай колькасцю ў пойме ракі Гайна.
З млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, ва ўгоддзі зарэгістраваны буры мядзведзь Ursus arctos, еўрапейская рысь Lynx lynx і барсук Meles meles. Мядзведзь перыядычна заходзіць з Бярэзінскага запаведніка, а рысь жыве тут увесь час, аднак колькасць яе невысокая.
Рэкі Бярэзіна, Гайна і іх прытокі багатыя на рыбу, жыве тут і занесеная ў Чырвоную кнігу стронга ручаёвая Salmo trutta morpha fario.
На тэрыторыі ўгоддзя сустракаецца 7 відаў ахоўваемых насякомых: жужаль рашэцісты Carabus cancellatus, жужаль фіялетавы Carabus violaceus, жужаль шчыгрынавы Carabus coriaceus (Coleoptera), бражнік Празерпіна Proserpinus proserpina, паўлінава вока малое начное Eudia pavonia, мядзведзіца-гаспадыня Pericallia matronula (Lepidoptera), чмель мохавы Bombus muscorum (Hemiptera).
Багатая і разнастайная флора ўгоддзя. У яе складзе 7 відаў ахоўваемых у Беларусі раслін. Гэта купальнік горны Arnica montana, баранец звычайны Huperzia selago, лілея царскія кучары Lilium martagon, чына горная Lathyrus montanus, пылкагалоўнік чырвоны Cephalanthera rubra, касач сібірскі Iris sybirica, пальчастакарэннік балтыйскі Dactylorhiza baltica і шпажнік чарапіцавы Gladiolus imbricatus. Сярод луга-балотнай расліннасці выяўлена вельмі рэдкая для Беларусі асацыяцыя асакі вадзяной Carex aquatilis, вядомая дагэтуль толькі ў ніжнім цячэнні ракі Бярэзіна.
Для захавання флоры і фауны гэтай тэрыторыі трэба ў межах ТВП стварыць рэспубліканскі заказнік. Гэта дасць магчымасць захаваць экалагічны калідор паміж праектуемым нацыянальным паркам «Белая Русь» і Бярэзінскім біясферным запаведнікам.