In English, please
Броды
  • Месцазнаходжанне: Мінская вобласць, Барысаўскі раён.
  • Каардынаты: 54°38 N 28°14 E
  • Плошча: 32 гектара
  • Нацыянальны статус аховы: тэрыторыя знаходзіцца ў буфернай зоне Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП (крытэрыі: А1: дубальт).

На ўчастку пойменнага лугу пастаянна жыве буйная групоўка глабальна пагражаемага віду птушак – дубальта. Луг прасціраецца па правым беразе ракі Бярэзіна на паўднёвы ўсход ад вёскі Броды.

Даліна ракі Бярэзіна на гэтым участку трапецыепадобная, шырынёй 2-3 км, пойма – 0,5-2,0 км. Гідралагічны рэжым угоддзя характарызуецца высокай непрацяглай веснавой паводкай і нізкай летняй межанню. Узровень затаплення, якое цягнецца ад 10-20 сутак да 1,5-2 месяцаў, складае 0,5-2,0 м.

На пойменным лузе рэгулярна пасецца жывёла, што прывяло да значнай трансфармацыі балотна-лугавых супольніцтваў. На ўзвышэннях пераважаюць розныя варыянты мурожніцы чырвонай з вялікім працэнтам сінантропных відаў. Паніжэнні займаюць вялікія, моцна трансфармаваныя вострыцавыя лугі, месцамі з буйнымі асокамі і вятроўнікам вязалістым. Невялікая частка тэрыторыі парасла рознымі відамі балотных вербаў і асобнымі маладымі дрэўцамі бярозы пушыстай. У сувязі з пастаянным выпасам жывёлы агульная захмызнёнасць гэтай тэрыторыі не перавышае 5%.

Асноўная прыродаахоўная каштоўнасць тэрыторыі складаецца ў падтрыманні буйной групоўкі глабальна пагражаемага віду – дубальта Gallinago media. У 2004 годзе тут на таку налічвалася каля 25 самцоў. На ўсёй тэрыторыі лугу колькасць самцоў гэтага віду складае 30-35 асобін. Сам ток знаходзіцца ў паніжэнні забалочанага лугу ў пойме ракі. Штогадовыя паводкі, дзякуючы якім глеба застаецца вільготнай на працягу ўсяго перыяду размнажэння, і наяўнасць сухіх узвышэнняў робяць гэтае месца асабліва прывабным для дубальтаў. Мяккая вільготная глеба, з аднаго боку, дае птушкам магчымасць з лёгкасцю зандзіраваць яе пры дапамозе дзюбаў, а з другога – з’яўляецца найбольш падыходзячым асяроддзем для пражывання дажджавых чарвякоў – асноўнага харчовага аб’екта дубальта.

Выпас жывёлы на гэтым участку перашкаджае яго зарастанню хмызнякамі і высокай травой, што з’яўляецца вельмі важным спрыяльным фактарам для гнездавання дубальта, а таксама павышае ўрадлівасць глебы, што станоўча адбіваецца на шчыльнасці дажджавых чарвякоў.

Ты не менш, пры празмерным выпасе жывёлы ўзнікае небяспека для гнёздаў, якія размяшчаюцца на самім таку альбо паблізу ад яго. Аптымальнай нагрузкай на выган лічыцца 100-150 кароў на км2.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Дубальт / Дупель
Gallinago media
30-35 А1

У сувязі з малой плошчай угоддзя і блізкасцю населенага пункта біялагічная разнастайнасць хрыбетных нізкая. Перыядычна тут адзначаецца лісіца звычайная Vulpes vulpes, янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides, вожык белагруды Erinaceus concolor, крот звычайны Talpa europaea, некалькі відаў буразубак і грызуноў, у прыбярэжнай зоне – норка амерыканская Mustela vison, выдра Lutra lutra, бабёр рачны Castor fiber, андатра Ondatra zibethica. З ліку земнаводных тут звычайныя шэрая рапуха Bufo bufo, травяная Rana temporaria и вастрамордая R. arvalis жабы, а па каналах – прадстаўнікі комплексу зялёных жабаў (R. lessonae, R. esculenta). Рэптыліі нешматлікія, па краях угоддзя зрэдку сустракаюцца яшчарка порсткая Lacerta agilis и вуж звычайны Natrix natrix.

Флора з’яўляецца тыповай для вялікіх і сярэдніх рачных поймаў. У выніку выпасу жывёлы фітацэнозы ўгоддзя значна збеднены і не ўтрымліваюць рэдкіх і ахоўваемых відаў раслін. Адзінкавыя экзэмпляры адзначаемага тут даволі рэдкага пальчатакарэнніка мяса-чырвонага Dactylorhiza incarnata у бліжэйшы час, хутчэй за ўсё, знікнуць са складу флоры гэтага ўчастка.

Паколькі патэнцыяльная ТВП знаходзіцца ў буфернай зоне Бярэзінскага біясфернага запаведніка, землекарыстанне тут рэгламентавана. Асноўнай формай гаспадарчага выкарыстання земляў з’яўляецца выпас жывёлы. Акрамя таго, непасрэдна праз угоддзе праходзіць насыпная грунтавая дарога мясцовага значэння. Берагі Бярэзіны выкарыстоўваюцца ў рэкрэацыйных мэтах, на самой рацэ вядзецца аматарская лоўля рыбы.

Асноўнай формай антрапагеннай нагрузкі на пойменным лузе з’яўляецца выпас жывёлы. Увогуле, ён мае ўмераны характар. Трэба адзначыць, што менавіта дзякуючы не вельмі інтэнсіўнаму выпасу на гэтым участку сфарміраваліся ўмовы для гнездавання дубальта. Спыненне выпасу жывёлы можа прывесці да зарастання луга высокай травяністай расліннасцю і знікненню дубальта.

Неабходныя меры аховы

Для захавання месцаў гнездавання дубальта на пойменным лузе неабходна праводзіць умераны выпас жывёлы. Пажадана перадаць гэты ўчастак у валоданне і пад ахову Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 01 30
(+375 17) 263 06 13