Галубіцкая Пушча ўяўляе сабой мазаічнае спалучэнне леса-балотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, а таксама буйных натуральных вадаёмаў, якія знаходзяцца ў водазборным басейне вярхоўяў ракі Бярэзіна. Лясамі пакрыта 70% тэрыторыі, 18% займаюць балоты. Ядром заказніка з'яўляюцца масівы сфагнавых і пераходных балот, якія размешчаны ў яго паўночнай частцы. Лясы ў асноўным прадстаўлены сярэднеўзроставымі хвойнікамі, у меншай ступені ельнікамі, чорнаалешнікамі, бярэзнікамі. Вельмі рэдка сустракаюцца фрагменты шырокаліставых лясоў.
Галубіцкая Пушча адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіна, якая з'яўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказніка. Даўжыня ракі ў межах ТВП складае 40 кіламетраў. Рэчышча яе вельмі звілістае і часта разгалінаванае, багатае на пратокі і невялікія пясчаныя астравы, якія затапляюцца ў паводку. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказніка працякае праз пойменнае возера Медзазол. Другое буйное возера Межужол размешчана сярод сфагнавых балот і звязана з Бярэзінай меліяратыўнымі каналамі і ракой Чарніца. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Возера зарастае слаба. У выніку правядзення асушальнай меліярацыі і торфараспрацовак у заходняй і часткова ў паўднёва-усходняй частках заказніка гідралагічныя ўмовы тэрыторыі значна трансфарміраваліся.
З гаспадарчай дзейнасці пераважае лесакарыстанне. Тарфяныя месцанараджэнні на тэрыторыі Галубіцкай Пушчы з'яўляюцца адной з асноўных у раёне баз здабычы прамысловай сыравіны. Мясцовыя жыхары на тэрыторыі заказніка збіраюць ягады і грыбы, займаюцца паляваннем і рыбнай лоўляй.
На тэрыторыі сустракаецца 140 відаў птушак, два з якіх — арлан-белахвост Haliaeetus albicilla (1 пара) і драч Crex crex (10 самцоў) — знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 24 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. ТВП Галубіцкая Пушча мае асаблівае значэнне для захавання наступных відаў:
| Від | Ацэнка колькасці, пар | Крытэрый ТВП |
| Чорны бусел / Черный аист Ciconia nigra |
5-10 | В2 |
| Скапа / Скопа Pandion haliaetus |
6-8 | В2 |
Акрамя іх у заказніку гняздуюцца чапля-бугай Botaurus stellaris (10-20 самцоў), звычайны гогаль Bucephala clangula (15-20 пар), поплаўны лунь Circus pygargus (5 пар), малы арлец Aquila pomarina (10-20 пар), арол-вужаед Circaetus gallicus (1-2 пары), залацістая сеўка Pluvialis apricaria (10-14 пар), даўгахвостая кугакаўка Strix uralensis (3-5 пар), цецярук Tetrao tetrix (70-100 пар), глушэц Tetrao urogallus (30-40 самцоў), шэры журавель Grus grus (8-11 пар) і пугач Bubo bubo (1-3 пары). Адзначаны таксама чорнаваллёвы гагач Gavia arctica, вялікая белая чапля Egretta alba і звычайны зімародак Alcedo atthis. З млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, сустракаюцца буры мядзведзь Ursus arctos, барсук Meles meles, еўрапейская рысь Felis linx.
Рэдкія і знікаючыя віды флоры, занесеныя ў Чырвоную кнігу, прадстаўлены 9 відамі раслін і 1 відам грыбоў.
Неабходна пашырыць межы заказніка і спыніць далейшую здабычу торфа. Ужо зроблена абгрунтаванне для стварэння гідралагічнага заказніка рэспубліканскага значэння "Галубіцкая Пушча" з агульнай плошчай 20452 гектары. Гэта паслужыць падставай для спынення торфараспрацовак і дапаможа стабілізаваць гідралагічны рэжым вярхоўяў ракі Бярэзіна і Бярэзінскага біясфернага запаведніка.