Заказнік уяўляе сабой складаны мазаічны комплекс верхавых балот, лясоў, заліўных лугоў, азёр і сельскагаспадарчых зямель. Тэрыторыя характарызуецца разнастайнасцю і кантрастнасцю экалагічных умоў, наяўнасцю ўнікальных прыродных комплексаў:
буйных масіваў верхавых і пераходных балот (займаюць значную частку тэрыторыі), адкрытых нізінных балот, шматлікіх рэк і азёр, пясчаных дзюн; а таксама малапарушаных лясоў, у тым ліку і фрагментарных дубраў.
Рачная сетка гэтага рэгіёна належыць да басейна ракі Заходняя Дзвіна. Галоўны яе прыток – рака Обаль – працякае ўздоўж усходняй і паўднёвай межаў заказніка. На тэрыторыі заказніка Обаль прымае два правыя прытокі – рэкі Цэніца і Глыбачка. Поймы рэк слабавыражаныя, рэчышчы – звілістыя. Істотная роля ў фарміраванні ландшафтаў заказніка належыць азёрам, найбольш буйныя з іх – Мошна, Расалай і Красамай. Амаль усе яны – дыстрафіруючыя, мелкаводныя, маюць нізкія забалочаныя берагі і зарастаюць воднай расліннасцю.
Сельскагаспадарчыя землі (ралля, сенакосы, і выганы) складаюць 3% ад агульнай плошчы тэрыторыі. Паколькі ў заказніку пераважаюць забалочаныя лясы, лесакарыстанне тут абмежаванае. Тэрыторыя заказніка з’яўляецца традыцыйным месцам збору грыбоў і ягад мясцовым насельніцтвам.
На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Найбольш значныя з іх прыведзены ў табліцы.
| Від | Ацэнка колькасці, пар | Крытэрый ТВП |
| Арол-вужаед / Змееяд Circaetus gallicus |
4-6 | В2 |
| Палявы лунь / Полевой лунь Circus cyaneus |
10 | В2 |
| Вялікі арлец / Большой подорлик Aquila clanga |
1-2 | A1 |
| Арол-маркут / Беркут Aquila chrysaetos |
1-2 | B2 |
| Скапа / Скопа Pandion haliaetus |
5-6 | B2 |
Асаблівасці фауны заказніка абумоўлены наяўнасцю разнастайных месцапражыванняў. Занесеныя ў Чырвоную кнігу віды млекакормячых фарміруюць тут даволі ўстойлівыя групоўкі: барсук Meles meles (10 пасяленняў), рысь Felis linx (5-8) і буры мядзведзь Ursus arctos (3-5 пасяленняў).
Група рэдкіх і знікаючых вышэйшых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, даволі шматлікая і прадстаўлена 21 відам. Акрамя іх тут сустракаецца шмат рэдкіх відаў мохападобных.
Для больш эфектыўнай аховы і рацыянальнага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці неабходна распрацаваць план кіравання заказнікам міжнароднага значэння.
У першую чаргу неабходна вырашыць наступныя найбольш важныя пытанні: