In English, please
Лебядзіны мох
  • Месцазнаходжанне: Віцебская вобласць, Полацкі і Расонскі раёны.
  • Каардынаты: 55°45 N 29°10 E
  • Плошча: 25894 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП (крытэрыі: В2: скапа).

Высокая мазаічнасць ландшафтаў і цяжкадаступнасць угоддзя вызначаюць яго багатую фауністычную разнастайнасць. Лебядзіны Мох з’яўляецца важным месцам гнездавання для цэлага шэрагу рэдкіх і ахоўваемых птушак, у тым ліку і відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, вялікі арлец Aquila clanga і драч Crex crex.

З птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, акрамя вышэйназваных відаў, на гнездаванні адзначаны чорнаваллёвы гагач Gavia arctica, вялікі бугай Botaurus stellaris, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, малы арлец Aquila pomarina, арол-маркут Aquila chrysaetos, пардва Lagopus lagopus, шэры журавель Grus grus, дубальт Gallinsgo media, залацістая сеўка Pluvialis apricaria, сярэдні Numenius phaeopus і вялікі Numenius arquata кулёны, вялікі грыцук Limosa limosa, пугач Bubo bubo, балотная сава Asio flammeus, вераб’іны сычык Glaucidium passerinum, жоўтагаловы дзяцел Picoides tridactylus. Балота Лебядзіны Мох мае вялікае значэнне як аднаўленчы цэнтр глушца Tetrao urogallus: тут яшчэ не рэдкасць такі, на якіх збіраюцца па 20 і больш птушак.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Скапа / Скопа
Pandion haliaetus
5 B2

Угоддзе ўяўляе сабой адзіны леса-балотны масіў на плоскай водападзельнай раўніне. Рэльеф на поўначы і на паўночным захадзе ўскладнён шматлікімі мацерыковымі дзюнамі.

Па структуры расліннага покрыва тэрыторыя з’яўляецца пераважна лясной. Тут растуць сасновыя, яловыя, асінавыя, альховыя і бярозавыя лясы. Прыродаахоўную каштоўнасць тэрыторыі прыдаюць вялікія масівы верхавых балот з градава-мачажыннымі комплексамі і маляўнічымі азёрамі, а таксама парослыя хвоямі дзюны. Забалочаныя нізіны пакрыты яловымі і дробналісцёвымі лясамі. Поймы рэк параслі лазнякамі і алешнікамі.

Сярод балот пераважаюць верхавыя і пераходныя. У поймах рэк і па перыферыі верхавых балот знаходзяцца ўчасткі балот нізіннага тыпу. Сярэдняя глыбіня тарфяной залежы складае 0,5-2 м.

Гідралагічная сетка добра развіта і прадстаўлена вялікай колькасцю малых рэк і азёр. Найбольш буйныя рэкі – Дрыса і яе прытокі Вядзеціца і Марынец. Поймы гэтых рэк моцна забалочаны, шырыня рэчышчаў складае 2-4 м, глыбіня 0,5-1,5 м, берагі нізкія, гразкія. На тэрыторыі ўгоддзя знаходзіцца больш за 20 азёр, самае буйное з якіх – возера Вядзета.

Найбольш звычайныя прадстаўнікі капытных – лось Alces alces, дзік Sus scrofa і казуля Capreolus capreolus, з буйных драпежнікаў адзначаны лісіца Vulpes vulpes і воўк Canis lupus, даволі шматлікі янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides. З куніцавых з высокай шчыльнасцю жывуць куніца лясная Martes martes, норка амерыканская Mustela vison, ласка Mustela nivalis, гарнастай Mustela erminea. У рэках і азёрах сустракаецца выдра Lutra lutra, шматлікі бабёр рачны Castor fiber. Гэта тэрыторыя – адно з нямногіх месцаў у Беларусі, дзе пастаянна жывуць рысь Lynx lynx і буры мядзведзь Ursus arctos, колькасць якіх па дадзеных зімовых улікаў 2002 года склала 5-7 і 4 асобіны адпаведна.

У складзе флоры ўгоддзя адзначана 8 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: баранец звычайны Huperzia selago, ліннэя паўночная Linnaea borealis, тайник яйцападобны Listera ovata, асака заліваемая Carex paupercula, вярба чарнічная Salix myrtylloides, марошка Rubus chamaemorus, журавіны дробнаплодныя Oxycoccus microcarpus, падвей стройны Eriophorum gracile. Акрамя гэтага тут сустракаюцца вярба лапландская Salix lapponum, бяроза нізкая Betula humilis, плывунец прамежкавы Utricularia intermedia, занесеныя ў Спіс прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Паколькі тэрыторыя доўгі час выкарыстоўвалася ў якасці ваеннага палігона, жыхароў населеных пунктаў, якія былі тут раней, адсялілі, а самі населеныя пункты знеслі. Гэта абумовіла практычна поўную адсутнасць у межах палігона сельскагаспадарчых зямель. Асноўнае сучаснае выкарыстанне тэрыторыі – вядзенне лясной гаспадаркі. Леса-балотныя ўгоддзі выкарыстоўваюцца таксама і для палявання. На шматлікіх дробных азёрах вядзецца аматарская лоўля рыбы, а на азёрах Вядзета і Глыбочына – прамысловае рыбалоўства. У лясах мясцовае насельніцтва збірае грыбы і ягады, лекавыя расліны.

Неспрыяльныя фактары

Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі з’яўляюцца высечкі лесу і лясныя пажары.

Высечкі лесу па прычынах высокай забалочанасці тэрыторыі і слаба развітай дарожнай сеткі носяць абмежаваны характар. Тым не менш, захоўваецца пагроза высечкі старых лясоў па ўскраінах балот і градах, якія з’яўляюцца месцамі пражывання рэдкіх відаў жывёл.

Лясныя пажары ўяўляюць сабой адзін з найбольш істотных фактараў пагрозы. Пажары на цяжкадаступных тарфяных балотах ў засушлівыя гады практычна немагчыма патушыць. Так, спякотным летам 2002 года на ўсходзе балотнага масіва Лебядзіны Мох выгарэла каля 200 га лесу, а пажар на тарфяніку ўдалося патушыць толькі з пачаткам інтэнсіўных асенніх дажджоў.

Неабходныя меры аховы

Для захавання біялагічнай разнастайнасці гэтай унікальнай тэрыторыі патрэбна прыдаць ёй статус ТВП. З мэтай рэгламентавання гаспадарчай дзейнасці тут неабходна стварыць рэспубліканскі ландшафтны заказнік і распрацаваць шматгадовы план кіравання.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org