In English, please
Лельчыцкая Убарць
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Лельчыцкі раён.
  • Каардынаты: 51°47 N 28°21 E
  • Плошча: 750 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП (Крытэрыі: А1: вяртлявая чаротаўка, В2: вялікі грыцук).

Угоддзе ўяўляе сабой мазаічны ўчастак поймы ракі Убарць з перавагай асаковых нізінных балот, які знахозіцца ў наваколлі г.п. Лельчыцы. Лельчыцкія балоты – адна з нямногіх у Беларусі тэрыторый, дзе выяўлена гнездаванне глабальна пагражаемага віда птушак – вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola.

Агульны выгляд тэрыторыі вызначаюць балоты, якія знаходзяцца ў асноўным у пойме Убарці і займаюць большую частку ўгоддзя. У складзе травяністай расліннасці дамінуюць асокі: вострая Carex acuta, завостраная Carex acutiformis і маннік вялікі Glyceria maxima.

Месцамі сустракаюцца монадамінантныя зараснікі трыснягу. Асобныя ўчасткі поймы і берагі меліяратыўных каналаў параслі лазняком. Ступень захмызненасці вар’іруе на розных участках ад 10 да 70%.

Уздоўж карэннага берага Убарці знаходзяцца ўзвышшы, занятыя мезаксерафільнымі лугамі, месцамі – рознаўзроставымі хваёвымі культурамі. У травяністым покрыве лугоў дамінуюць булаваносцавыя супольніцтвы, якія на паніжэннях замяняюцца мурожніцавымі. У многіх месцах праведзена пасадка сасны. Узрост пасадак вагаецца ад 3-5 да 50 гадоў.

Гідралагічны рэжым нізіннага балота ў значнай меры парушаны. Пры паніжэнні ўзроўню вады ў рацэ праз сетку асушальных каналаў хутка падае і ўзровень вады на балоце. Выхад грунтовых вод на паверхню глебы адбываецца толькі у асобныя гады.

У шэрагу з вяртлявай чаротаўкай Acrocephalus paludicola тут гняздуюцца і іншыя ахоўваемыя віды птушак: вялікі грыцук Limosa limosa, пугач Bubo bubo, сіваграк Coracias garrulus. У другой палове лета і восенню ўгоддзе мае вялікае значэнне як месца міграцыйных згуртаванняў шэрых жураўлёў Grus grus.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Шэры журавель / Серый журавль
Grus grus
1500-2000 птушак
Вялікі грыцук / Большой веретенник
Limosa limosa
60 B2
Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка
Acrocephalus paludicola
мін 10 A1

Ядро фауністычнага комплексу ўтвараюць віды, экалагічна звязаныя з водна-балотнымі экасістэмамі. Па берагах Убарці і яе прытокаў звычайныя норка амерыканская Mustela vison, янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides, выдра Lutra lutra, у рэках і пойменных азёрах – бабёр Castor fiber і андатра Ondatra zibethica.

Багатая кармавая база прыцягвае сюды і буйных капытных жывёл.

З рэптылій тут адзначаны і ахоўваемы ў Еўропе і Беларусі від – балотная чарапаха Emys orbicularis.

З пункту гледжання захавання флоры асаблівы інтарэс уяўляе паўночная частка балотнага масіва, дзе назіраецца надзвычай высокая мазаічнасць расліннага покрыва. Фларыстычную каштоўнасць маюць і пойменныя дубровы па сухіх градах, у якіх адзначаны шэраг рэдкіх відаў раслін – пылюшнік просты Thalictrum simplex, пальчатакарэннік крывава-чырвоны Dactylorhiza incarnata, гарычка лёгачная Gentiana pneumonanthe.

Асноўнай формай гаспадарчай дзейнасці ў пойме з’яўляецца сенакашэнне. На адкрытых узвышшах пасецца жывёла. Ва ўсходняй частцы поймы, месцамі асушанай і асвоенай, вырошчваюць сеяныя травы і сельскагаспадарчыя культуры. Асобныя ўчасткі раней асушаных зямель выведзены са звароту і параслі рудэральнай расліннасцю.

Практычна ўся тэрыторыя выкарыстоўваецца ў якасці паляўнічых угоддзяў. Берагі Убарці – традыцыйнае месца летняга адпачынку жыхароў Лельчыц і іншых навакольных населеных пунктаў.

Неспрыяльныя фактары

Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на патэнцыяльную ТВП, з’яўляюцца асушальная меліярацыя, торфараспрацоўка навакольных зямель, нерацыянальнае сельскагаспадарчае выкарыстанне, зарастанне поймы хмызнякамі.

Асушальная меліярацыя. Гідралагічны рэжым балота парушаецца дрэнуючай дзейнасцю меліярацыйных каналаў, пракладзеных непасрэдна па пойме.

Зарастанне пойменных зямель і, асабліва, нізіннага балота хмызнякамі звязана са змяненнем характару і ступені гаспадарчай нагрузкі на гэтай тэрыторыі. Раней сенакашэнне і выпас жывёлы праводзіліся практычна на ўсіх прыдатных для гэтага ўчастках. Зараз, калі ў рэгіёне створана вялікая колькасць польдэрных сістэм, такая неабходнасць адпала. Працэс зарастання поймы паскараецца ў выніку змянення гідралагічнага рэжыму і перыядычных пажараў.

Торфараспрацоўка праводзілася на правабярэжным участку поймы ракі Убарць, які прымыкае непасрэдна да нізіннага балота. У наш час гэтыя землі закінуты, знаходзяцца на стадыі натуральнага зарастання і з’яўляюцца патэнцыяльным асяродкам узнікнення пажараў.

Неабходныя меры аховы

Гэтыя адносна некранутыя фрагменты нізінных балот уяўляюць несумненную каштоўнасць для захавання біялагічнай разнастайнасці рэгіёна. З мэтай іх аховы ў першую чаргу неабходна прыдаць угоддзю статус ТВП і стварыць на гэтай тэрыторыі рэспубліканскі заказнік (альбо далучыць яе да праектуемага заказніка «Данілевіцкі»); правесці работы па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму шляхам рэгулявання вады ў асушальных каналах і паўторнага забалочвання былой торфапляцоўкі.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 01 30
(+375 17) 263 06 13