In English, please
Пойма Сажа
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Веткаўскі і Чачэрскі раёны
  • Каардынаты: 52°40 N 31°08 E
  • Плошча: 22865 га.
  • Нацыянальны статус аховы: частка тэрыторыі з'яўляеца мясцовым біялагічным заказнікам "Веткаўскі".
  • Міжнародны статус аховы: ТВП ўтворана ў 1998 годзе (код – BY021, крытэрый А1, В2)

Тэрыторыя ўяўляе сабой найбольш значны для захавання біялагічнай разнастайнасці ўчастак поймы ракі Сож ад вусця ракі Бесядзь да горада Ветка. Шырыня поймы на гэтым участку дасягае 5-6 кіламетраў. Пойма двухбаковая, месцамі левабярэжная альбо чаргуецца па берагах. З пойменных біятопаў па плошчы пераважаюць стэпавыя і забалочаныя лугі. У паніжэннях знаходзяцца нізінныя балоты з нязначнымі запасамі торфу. Рэчышча ракі вельмі звілістае, яго шырыня 50-90 метраў. Па пойме раскіданы нешматлікія, часта моцна зарослыя воднай расліннасцю, старыцы. Пойменныя лясы прадстаўлены толькі адной невялікай дубравай. З усходняга боку да поймы прымыкае буйны лясны масіў – Чачэрскі заказнік.

Водны рэжым тыповы для раўнінных рэк Палесся. Высокая вясновая паводка пачынаецца ў канцы сакавіка, сярэдні ўзровень пад’ёму вады каля 4-5 метраў. Летне-асенняя межань перарываецца частымі дажджавымі паводкамі. На гэтым участку асноўнымі прытокамі Сожа з’яўляюцца рэкі Бяседзь і Ліпа.

Раней тэрыторыя поймы інтэнсіўна выкарыстовалася для сенакашэння і выпасу жывёлы. У 1986 годзе, пасля аварыі на ЧАЭС, гэты ўчастак поймы быў забруджаны радыануклідамі, у выніку чаго на некаторай яе частцы гаспадарчая дзейнасць спынена.

У веснавы перыяд пойма цалкам заліваецца вадой, сухімі застаюцца толькі шматлікія дробныя астраўкі. Гэта стварае выключна спрыяльныя ўмовы для кармёжкі і адпачынку мігруючых гусей і кулікоў. У красавіку-маі тут спыняецца больш за 20 тысяч гусей і каля 30 тысяч кулікоў, самыя шматлікі з якіх белалобая гусь Anser albifrons і баталён Philomachus pugnax.

Пойменныя лугі з’яўляюцца месцам гнездавання буйных папуляцый драча Crex crex і дубальта Gallinago media – птушак, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Высокую колькасць у гнездавы перыяд маюць таксама качка-чырка Anas querquedula, чорная рыбачка Chlidonias niger, кралька Luscinia svecica.

Від Ацэнка колькасці, пар Крытэрый ТВП
Чирок-трескунок / Качка-чырка
Anas querquedula
400-600 В2
Драч / Коростель
Crex crex
300-500 самцоў А1
Дубальт / Дупель
Gallinago media
60-120 самцоў А1
Чорная рыбачка / Черная крачка
Chlidonias
150-500 В2
Звычайны зімародак / Обыкновенный зимородок
Alcedo attis
20-30 В2

Неспрыяльныя фактары

Асноўным неспрыяльным фактарам з’яўляецца спыненне гаспадарчай дзейнасці ў пойме, што выклікае хуткае зарастанне адкрытых лугоў хмызнякамі.

Неабходныя меры аховы

Спецыяльных работ па вывучэнні флоры і фауны тэрыторыі не праводзілася. Для распрацоўкі прапаноў па ўтварэнні ахоўнай тэрыторыі неабходна правесці дадатковыя даследаванні.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org