Нацыянальны парк размешчаны ў пашыранай частцы старажытнай даліны ракі Прыпяць ў міжрэччы яе правых прытокаў – рэк Сцвіга і Убарць. Тэрыторыя ўяўляе сабой вялікую нізінную раўніну з агульным ухілам да поймы Прыпяці. Паўднёвая мяжа парка супадае з паўднёвым краем раўніны і прадстаўлена пясчанымі ўзгоркамі і дзюнамі, якія зараслі хвойнымі лясамі. За дзюнамі шырокім поясам працягнуліся буйнейшыя на Палессі верхавыя і пераходныя балоты, якія дзякуючы сваёй некранутасці і багатай біяразнастайнасці могуць з’яўляцца эталонам палескіх балот.
Большая частка балот нацыянальнага парка пакрыта хвойнікамі, хаця і даволі значная іх плошча (каля 15%) застаецца бязлеснай. Бліжэй да поймы верхавыя і пераходныя балоты змяняюцца нізіннымі; яны, ў сваю чаргу – паласой вельмі забалочаных, часам непраходных, алешнікаў, якія перамяжоўваюцца з адкрытымі альбо зарослымі хмызняком нізіннымі балотамі. Паласа алешнікаў пераходзіць у заліўныя шыракаліставыя лясы, сярод якіх пераважаюць дубравы (13,6% ад агульнай плошчы лясоў). Менавіта пойменныя дубравы прыдаюць палескім ландшафтам непаўторны каларыт. Па краях поймы дубравы размяшчаюцца суцэльнымі палосамі, а бліжэй да ракі перамяжоўваюцца з шырокімі адкрытымі заліўнымі лугамі і шматлікімі старыцамі.
Асноўнымі вадацёкамі нацыянальнага парка «Прыпяцкі» з’яўляюцца рэкі Сцвіга і Убарць, якія абмяжоўваюць тэрыторыю з усходу і захаду. Па цэнтральнай частцы парка працякае яшчэ адна невялікая (каля 30 км), але дастаткова мнагаводная рака Свінавод. Акрамя натуральных буйных вадацёкаў і невялікіх азёр, якіх налічваецца крыху болей 40, на тэрыторыі парка захавалася сетка каналаў, якія былі пракапаны яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя ў часы заходняй экспедыцыі І.І. Жылінскага для лесасплаву. Агульная працягласць каналаў складае амаль 280 кіламетраў. Дзякуючы дзейнасці баброў і натуральнаму разбурэнню большая частка гэтых каналаў не аказвае істотнага ўздзеяння на гідралагічны рэжым парка.
У нацыянальным парку пераважаюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: абмежаваная высечка лясоў, сенакашэнне, выпас жывёлы, паляўнічы турызм.
З 246 відаў птушак, якія адзначаны на тэрыторыі, 66 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У парку гняздуецца значная колькасць відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: белавокі нырок Aythya nyroca, арлан-белахвост Haliaeetus albicilla (2-3 пары), вялікі арлец Aquila clanga (4-6 пар), драч Crex crex, дубальт Gallinago media. Наяўнасць такой колькасці відаў нацыянальнай і міжнароднай значнасці падкрэслівае важнасць тэрыторыі для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.
Фауна млекакормячых нацыянальнага парка «Прыпяцкі» налічвае 49 відаў, 4 з іх (арэшнікавая соня Muscardinus avellanarius, барсук Meles meles, рысь Felis linx, белавежскі зубр Bison bonasus) ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.
На тэрыторыі парка зарэгістравана 827 відаў вышэйшых раслін, 18 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу і належаць ахове.
Для вырашэння экалагічных праблем неабходна распрацаваць комплексны план кіравання нацыянальным паркам «Прыпяцкі». Асаблівая ўвага павінна быць нададзена правядзенню спецыяльнага лесаўпарадкавання і аптымізацыі гідралагічнага рэжыму.