In English, please
Рыбгас «Белае»
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён
  • Каардынаты: 52°18 N 27°39 E
  • Плошча: 5451 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код BY019, крытэрыі А1, В2, В3)

Рыбгас "Белае" ўяўляе сабой буйны комплекс вялікіх і малых рыбаразводных сажалак, уся тэрыторыя акружана пойменнымі дубравамі. Сажалкі раздзелены дамбамі, якія параслі лазняком і бярозай, іх агульная плошча складае 1649 гектараў.

Па плошчы пераважаюць вадаёмы, густа зарослыя мазаічнай надводнай расліннасцю, пераважна рагозам. Яны падраздзяляюцца на гадавальныя (3-8 гектараў) і нагульныя (каля 50 гектараў). Сажалкі рыбгаса адрозніваюцца ад натуральных вадаёмаў тым, што на іх маюцца неабмежаваныя запасы ежы для розных відаў птушак: рыба і штучны камбініраваны корм, які ўжываецца для яе падкормлівання. Асаблівую адметнасць рыбгасу "Белае" прыдаюць навакольныя дубравы.

Тэрыторыя рыбгаса выкарыстоўваецца для прамысловага рыбаводства, гаспадарка ў асноўным спецыялізуецца па вырошчванню карпа. Рыбгас "Белае" – адна з найбольш прагрэсіўных рыбных гаспадарак Беларусі, эканамічныя паказчыкі якой за апошнія гады не зменшыліся.

Сажалкі рыбгаса з'яўляюцца буйнейшым у рэгіёне месцам гнездавання многіх відаў вадаплаўных і рыбаядных птушак. Асабліва важнае значэнне тэрыторыя мае для захавання наступных відаў:

Від Ацэнка колькасці, пар Крытэрый ТВП
Чапля-бугай / Большая выпь
Botaurus stellaris
28-35 самцоў В2
Качка-неразня / Серая утка
Anas strepera
10-15 В2
Белавокі нырок / Белоглазый нырок
Aythya nyroca
22 А1
Нырок-сівак / Красноголовый нырок
Aythya ferina
500-600 В3

Акрамя іх тут гняздуюцца і віды, знікаючыя ў глабальным маштабе: арлан-белахвост Haliaeetus albicilla (1 пара), драч Crex crex (10 самцоў). Амаль усё лета на тэрыторыі трымаюцца каля 40-50 чорных буслоў Ciconia nigra. Аднак найбольшую вядомасць рыбгас "Белае" набыў як адзінае на Беларусі месца, дзе гняздуецца рэдкая качка савук-луток Mergellus albellus (каля 20 пар).

Неспрыяльныя фактары

Павелічэнне колькасці драпежнікаў. Высокая шчыльнасць янотападобнага сабакі, лісіцы, амерыканскай норкі і лясной куніцы з'яўляецца адным з фактараў, якія абмяжоўваюць колькасць большасці відаў вадаплаўных птушак.

Памяншэнне колькасці штучнага корму, які рассыпаецца па акваторыі для падкормлівання рыбы, прыводзіць да істотнага зніжэння колькасці многіх відаў вадаплаўных птушак.

Напаўненне сажалак у некаторыя гады ажыццяўляецца позняй вясной, што прыводзіць да затаплення вялікай колькасці гнёздаў.

Вялікая колькасць драпежных птушак гіне на электрычных правадах са спецыфічным размяшчэннем ізалятараў.

Прапанаваныя меры аховы

Неабходна распрацаваць план кіравання тэрыторыяй.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org