Тэрыторыя ўяўляе сабой адзін з буйнейшых у Еўропе комплекс пойменных нізінных балот, якія захаваліся ў натуральным стане. Дзякуючы сваім памерам балотны масіў застаецца стабільнай экасістэмай, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад змен на прылягаючых тэрыторыях.
У цэнтры заказніка працякае рака Ясельда з вельмі звілістым і зарослым воднай расліннасцю рэчышчам. Пойма шырынёй ад 0,5 да 2 кіламетраў з абодвух бакоў рэчышча ўяўляе сабой тыповае нізіннае балота. У цэнтры заказніка знаходзіцца возера Спораўскае. Асноўная частка тэрыторыі заказніка занята адкрытымі нізіннымі балотамі (43,2%), нізінныя балоты з мазаічна размешчанымі хмызнякамі займаюць 17,9% плошчы, на долю балот, парослых хмызнякамі, прыходзіцца 4,1%. Сярод балот раскіданы шматлікія невысокія пагоркі і ўзвышшы (мінеральныя астравы). У мінулым мінеральныя астравы былі пакрыты дубова-хваёвымі лясамі, але пазней іх высеклі і гэтыя ўчасткі сталі выкарыстоўваць у якасці выганаў і пашаў. У цяперашні час большая частка сельскагаспадарчых тэрыторый закінута і на іх аднаўляецца натуральная расліннасць.
Раней, да меліярацыі, гідралагічны рэжым ракі Ясельда быў тыповым для раўнінных рэк: кожную вясну бывала высокая паводка, якая змянялася летней межанню. На працягу ўсяго года здараліся рэдкія навадненні, выкліканыя ападкамі. У цяперашні час увесь участак ракі Ясельда вышэй заказніка выпрамлены і зарэгуляваны. На рацэ створаны вадасховішча і рыбгас «Сялец», ад дзейнасці якіх залежыць гідралагічны рэжым на тэрыторыі заказніка. У апошнія гады веснавыя паводкі адсутнічаюць, затое пачасціліся летнія навадненні. Парушэнне гідралагічнага рэжыму прыводзіць да інтэнсіўнага зарастання рэчышча ракі і возера, да штогодніх затапленняў поймы ці, наадварот, моцных засух і пажараў.
Тэрыторыя заказніка выкарыстоўваецца для наступных відаў гаспадарчай дзейнасці: сенакашэння і выпасу жывёлы (10-15% плошчы), лясной гаспадаркі, палявання і рыбнай лоўлі. На прылягаючых да ўгоддзя, у асноўным меліяраваных, землях вырошчваюцца прапашныя і зерневыя культуры.
Тэрыторыя з’яўляецца вызначальным месцам гнездавання віда, які знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola. Тут гняздуецца каля 9% сусветнай папуляцыі і адзначана самая высокая ў свеце шчыльнасць гэтага віду. Заказнік забяспечвае існаванне папуляцый цэлага шэрагу рэдкіх і знікаючых відаў птушак, сярод якіх два віды (драч Crex crex і дубальт Gallinago media) таксама знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 20 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Акрамя гэтага, тэрыторыя заказніка падтрымлівае папуляцыю чаплі-бугая Botaurus stellaris, якая мае міжнародную значнасць, і папуляцыю чорнага бусла Сісonia nigra нацыянальнай значнасці. Усяго на гнездаванні ў заказніку адзначана 123 віды птушак. Дадзеныя аб найбольш значных з іх прыведзены ў табліцы.
| Від | Ацэнка колькасці (пар) | Крытэрый ТВП |
| Качка-чырка / Чирок-трескунок Anas querquedula |
400-600 | B2 |
| Вялікі арлец / Большой подорлик Aquila clanga |
2-3 | А1 |
| Звычайны пагоніч / Погоныш Porzana porzana |
250-400 самцоў | B3 |
| Драч / Коростель Crex crex |
200-300 самцоў | А1 |
| Дубальт / Дупель Gallinago media |
20 | А1 |
| Малая чайка / Малая чайка Larus minutus |
20 | B2 |
| Чорная рыбачка / Черная крачка Chlidonias niger |
50-200 | B2 |
Забалочаная пойма характарызуецца ўнікальным, хаця і не вельмі багатым складам раслін. Звязана гэта з тым, што нешматлікія ўзвышэнні рельефу (мінеральныя астравы), якія робяць больш разнастайнай бедную флору балот, у значнай ступені трансфармаваны. На тэрыторыі заказніка налічваецца 18 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, і 13 відаў, якія маюць рэгіянальную значнасць. Акрамя гэтага, тут адзначаны ўнікальныя супольнасці травяністай расліны булаваносца сівога Corynephoretum canescentis, якія прыстасаваліся да росту на сухіх пясчаных выспах ва ўмовах, неспрыяльных для выжывання іншых відаў раслін.
З іншых рэдкіх прадстаўнікоў нашай фауны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у заказніку адзначаны 1 від паўзуноў (балотная чарапаха Emys orbicularis) і 18 відаў насякомых, 2 з якіх уключаны яшчэ і ў Еўрапейскую Чырвоную кнігу.
У 2001 годзе распрацаваны план кіравання заказнікам «Спораўскі», у якім змешчаны рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем. Асноўная ўвага ў плане ўдзелена вырашэнню праблем, звязаных з колькасцю і якасцю вады.