In English, please
Старая Віць
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Рэчыцкі і Хойніцкі раёны.
  • Каардынаты: 52°03 N 29°48 E
  • Плошча: 38402 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП (крытэрыі: В2: арол-вужаед, палявы лунь, малы арлец).

Угоддзе ўяўляе сабой адзін з буйнейшых на Палессі мазаічны комплекс забалочаных лясоў, якія чаргуюцца з невялікімі балотамі, лугамі і занядбанымі палямі. Масіў знаходзіцца ў басейне ракі Віць, левага прытока Прыпяці. Агульны рэльеф тэрыторыі пакаты са слабым ухілам у паўднёвым кірунку. Разнастайнасць плоскаму нізіннаму рэльефу надаюць моцна згладжаныя старажытныя палескія мацерыковыя дзюны.

У структуры дрэвавай расліннасці дамінуюць карэнныя альховыя і саснова-шыракалістыя немаральныя лясы. Асаблівую прыродаахоўную каштоўнасць маюць шыракалістыя дубовыя і ясеневыя супольніцтвы, сярод якіх сустракаюцца дрэвы ва ўзросце 120-160 гадоў. Павышэнні рэльефу, асабліва мацерыковыя дзюны, заняты сасновымі і бярозавымі лясамі, значная доля саснякоў прадстаўлена лесакультурамі.

Практычна ўсе рэкі на тэрыторыі ўгоддзя каналізаваны, а большая частка балот і вільготных зямель асушаны. Тэрыторыя дрэнуецца сеткай каналаў, асабліва моцна разгалінаванай у паўднёвай частцы. У апошнія гады асушальныя сістэмы паступова выходзяць са строю, а землі забалочваюцца. Каналы зараслі воднай расліннасцю і ў многіх месцах перагароджаны бабровымі плацінамі. Тэрыторыі былых торфараспрацовак заліты вадой і знаходзяцца на розных стадыях аднаўлення. Прыбярэжная зона і мелкаводдзі пакрыты трыснягом, берагі параслі рознымі відамі вербаў і маладымі дрэўцамі бярозы пушыстай.

Чаргаванне забалочаных алешнікаў з адкрытымі прасторамі стварае ідэальныя ўмовы для жыцця драпежных птушак (арол-вужаед Circaetus gallicus, палявы лунь Circus cyaneus, малы Aquila pomarina і вялікі арляцы Aquila clanga, сокал-кабец Falco subbuteo, сокал-пустальга Falco tinnunculus). Тэрыторыя ўтрымлівае самую буйную ў Беларусі групоўку малога арляца Aquila pomarina. Гняздуюцца тут і іншыя ахоўваемыя віды птушак: чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, зялёная жаўна Picus viridis і беласпінны дзяцел Dendrocopos leucotos.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Арол-вужаед / Змееяд
Circaetus gallicus
7 B2
Палявы лунь / Полевой лунь
Circus cyaneus
5 B2
Малы арлец / Малый подорлик
Aquila pomarina
28-30 B2

Разнастайнасць прыродных умоў угоддзя, асабліва наяўнасць буйных лясных масіваў, балот, вадаёмаў і вадацёкаў, а таксама сенакосных лугоў вызначаюць багатую відавую разнастайнасць наземных хрыбетных жывёл. З рэдкіх відаў фауны тут сустракаюцца соня арэшнікавая Muscardinus avellanarius, барсук Meles meles і выдра Lutra lutra. Каналы і рэкі насяляе бабёр рачны Castor fiber.

Нягледзячы на значную плошчу ўгоддзя, колькасць рэдкіх і ахоўваемых раслін тут невысокая, што звязана з праведзеным раней асушэннем гэтай тэрыторыі. Сярод відаў-чырвонакніжнікаў адзначаны цыбуля мядзведжая Allium ursinum і зубніца клубняносная Dentaria bulbifera, а таксама смалёўка літоўская Silene lithuanica, ахова якой прадугледжана Бернскай канвенцыяй.

Асноўнай формай выкарыстання ўгоддзя з’яўляецца вядзенне на ім лясной гаспадаркі. На меліяраваных землях ажыццяўляецца сенакашэнне і выпас жывёлы, вырошчваюцца сельскагаспадарчыя культуры. Значныя плошчы выпрацаваных і залітых вадой тарфянікаў выкарыстоўваюцца для рыбнай лоўлі і палявання на вадаплаўную дзічыну.

Буйных населеных пунктаў у межах угоддзя няма. Шэраг вёсак (Старк, Бераснёўка і інш.) зараз з’яўляюцца нежылымі. Праз патэнцыяльную ТВП праходзяць аўтамагістраль і чыгунка, ёсць шэраг дарог з асфальтавым пакрыццём. Тым не менш, большая частка тэрыторыі даступна толькі для тэхнікі павышанай праходнасці.

Неспрыяльныя фактары

Асноўнымі формамі антрапагеннай нагрузкі з’яўляюцца высечкі лесу, торфаздабыча і выпас жывёлы. Зніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку асушэння тэрыторыі прывяло да павялічэння рызыкі ўзнікнення пажараў.

Высечкі лесу носяць інтэнсіўны характар. У найбольшай меры ад іх панеслі страты самыя каштоўныя ў фларыстычных адносінах карэнныя шыракалістыя лясы.

У другой палове мінулага стагоддзя тэрыторыя патэнцыяльнай ТВП перанесла значнае асушэнне для сельскагаспадарчых мэтаў і здабычы торфу. Пасля скарачэння гаспадарчага выкарыстоўвання па прычыне забруджвання зямель радыёнуклідамі на асушаных тэрыторыях паўсюдна адбываецца паўторнае забалочванне асушаных тэрыторый.

Ад тарфяных пажараў нясуць страту, у першую чаргу, участкі лясоў і балот, на якіх працягвае дзейнічаць асушальная сетка і, як вынік, застаецца нізкі ўзровень грунтовых вод.

Неабходныя меры аховы

Для аднаўлення і захавання лясоў і балот тэрыторыі у натуральным стане неабходна стварыць тут рэспубліканскі ландшафтны заказнік са строгай рэгламентацыяй гаспадарчай дзейнасці. Патрабуецца таксама правесці мэтанакіраваныя работы па аптымізацыі гідралагічнага рэжыму пажаранебяспечных участкаў.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org