In English, please
Стары Жадзен
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён.
  • Каардынаты: 51°53 N 27°35 E
  • Плошча: 19150 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП заснавана ў 2005 годзе, (Крытэрыі: А1: вялікі арлец, В2: арол-вужаед).

ТВП з’яўляецца месцам пражывання буйных груповак вялікага арляца Aquila clanga і арла-вужаеда Circaetus gallicus. Яна ўяўляе сабой леса-балотны комплекс, ядро якога складаюць балоты Стары Жадзен і Вялікае, раздзеленыя паміж сабой пакатай градой. Найбольш характэрнымі ландшафтамі тут з’яўляюцца верхавыя і пераходныя балоты, а таксама хваёвыя лясы.

Лясная расліннасць прадстаўлена шырокім спектрам супольніцтваў ад лішайнікавых хвойнікаў на старажытных эолавых дзюнах да чарнічных бярэзнікаў па іх падножжах і касачовых ольсаў па міжградавых паніжэннях. Ва ўзроставых адносінах лясы ў асноўным належаць да катэгорыі прыспяваючых. Па цяжкадаступных мінеральных астравах месцамі захаваліся дрэвы, узрост якіх перавышае 100-120 гадоў.

Сярод балот пераважаюць верхавыя водападзельнага тыпу. Па іх перыферыі і ў міжградавых паніжэннях знаходзяцца залітыя вадой пераходныя і нізінныя балоты. Уздоўж зарослых меліярацыйных каналаў пераважаюць звычайна трыснягі.

Гідралагічная сетка прадстаўлена некалькімі старымі меліярацыйнымі каналамі, пракапанымі яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. Вада па іх сцякае ў раку Сцвіга і канал Бычок. Гэтыя каналы зараслі воднай расліннасцю, месцамі перакрыты сплавінамі. Шматлікія бабровыя плаціны затрымліваюць сток вады з балот. Воднае харчаванне балотных масіваў адбываецца ў асноўным за кошт атмасферных ападкаў.

З-за высокай ступені забалочанасці і слабага развіцця дарожнай сеткі тэрыторыя цяжкадаступная, населеныя пункты тут адсутнічаюць. Акрамя таго, ТВП уваходзіць у буферную зону Прыпяцкага нацыянальнага парка і Палескага ваеннага палігона.

Асноўныя віды выкарыстання тэрыторыі – лесагаспадарчае і паляўнічае. Высечкі лесу вядуцца толькі па перыферыйных участках угоддзя. Лясныя ўгоддзі выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для збору ягад і грыбоў, балота – для нарыхтоўкі журавін і выпасу жывёлы.

На ТВП адзначана 12 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: вялікі арлец Aquila clanga (глабальна пагражаемы від), малы арлец Aquila pomarina, арлан-белахвост Haliaeetus albicilla, арол-вужаед Circaetus gallicus, жоўтагаловы Picoides tridactylus і беласпінны Dendrocopos leucotos дзятлы, чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, кулік-селянец Tringa nebularia, вялікі грыцук Limosa limosa, вялікі кулён Numenius arquata і белая блакітніца Parus cyanus. Тут адзначана гнездаванне змешаных (гібрыдных) пар вялікіга Aquila clanga і малога Aquila pomarina арляцоў.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Арол-вужаед / Змееяд
Circaetus gallicus
6 B2
Вялікі арлец / Большой подорлик
Aquila clanga
6 А1

Ядро фауністычнага комплексу ўтвараюць віды, экалагічна звязаныя з ляснымі і балотнымі экасістэмамі. Паколькі тэрыторыя амаль не асвоена людзьмі, тут даволі поўна прадстаўлены найбольш рэдкія і ўразлівыя віды фауны рэгіёна.

У недалёкім мінулым на тэрыторыі ТВП і па пойме ракі Сцвіга адзначаўся глабальна знікаючы від – еўрапейская норка Mustela lutreola. Гэта адно з двух апошніх (другое на поўначы Беларусі, у Паазер’і) раз’яднаных між сабой месцаў пражывання гэтага віду ў Беларусі. Улічваючы, што тэрыторыя даследавана пакуль што недастаткова, новыя знаходкі еўрапейскай норкі ўяўляюцца тут даволі верагоднымі.

З відаў, якія маюць еўрапейскі статус аховы, ва ўгоддзі сустакаецца бабёр рачны Castor fiber, выдра Lutra lutra і соня лясная Dryomis nitedula. У зімовы час неаднаразова назіраліся заходы рысі Lynx lynx. З ахоўваемых прадстаўнікоў герпетафауны адзначаецца грабеньчаты трытон Triturus cristatus, вядомы адзінкавыя знаходкі балотнай чарапахі Emys orbicularus і мядзянкі Coronella austriaca.

З фларыстычнага пункту гледжання найбольшы інтарэс уяўляюць мінеральныя грады і ўскраіны балот. Менавіта тут адзначана большасць ахоўваемых відаў раслін. Несумненную каштоўнасць маюць і пераходныя балоты з асокамі прамой Carex elata і валасістаплоднай Carex lasiocarpa, рэдкія ў рэгіёне і ў Беларусі.

З відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, ва ўгоддзі адзначаны рададэндран жоўты Rhododendron luteum, вярба чарнічная Salix myrtylloides, вярба лапландская Salix lapponum, плывунец малы Utricularia minor, плывунец прамежкавы Utricularia intermedia, асака балоталюбівая Carex heleonastes, сон лугавы Pulsatilla pratensis. Рададэндран жоўты, які расце па пакатых схілах мінеральных астравоў, мае, акрамя таго, і міжнародны статус аховы. Вялікі інтарэс уяўляюць таксама рэдкія для Беларусі плюшчай малы Sparganium minor, танканог вялікі Koeleria grandis і маннік складчаты Glyceria plicata. Даволі верагоднае знаходжанне тут расніцы прамежкавай Drosera intermedia і чаротніка белага Rhynchospora alba, якія сустракаюцца на прымыкаючых да ТВП балотах.

Неспрыяльныя фактары

Размяшчэнне ТВП у цяжкадаступнай мясцовасці станоўча адбіваецца на стане прыродных комплексаў. Нягледзячы на тое, што на поўначы ўгоддзя працягвае дзейнічаць асушальная сетка, яго гідралагічны рэжым блізкі да натуральнага. Высокая абваднёнасць тэрыторыі перашкаджае ўзнікненню пажараў. Высечкі лесу з-за высокай забалочанасці тэрыторыі носяць абмежаваны характар.

Пэўную пагрозу ўяўляе выпас жывёлы на балоце. У выніку пастаяннага прагону жывёл каля летніх стойбішчаў утвараюцца шырокія сцежкі. Выпас жывёлы ў веснавы час з’яўляецца значным фактарам турботы для дзікіх жывёл і здольны нанесці значную страту біяразнастайнасці.

Як следства браканьерства колькасць шэрагу паляўнічых відаў (лось, глушэц) значна ніжэй біялагічнай ёмкасці ўгоддзя.

Неабходныя меры аховы

З мэтай захавання ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці ўгоддзя тут неабходна стварыць рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Стварэнне на гэтым участку ахоўваемай тэрыторыі дасць магчымасць захаваць экалагічны калідор між двума буйнейшымі прыроднымі комплексамі Палесся – нацыянальным паркам «Прыпяцкі» і заказнікам «Альманскія балоты».

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 06 13
(+375 29) 223 06 13
(+375 29) 101 68 87
info@ptushki.org