In English, please
Сярэдняя Прыпяць
  • Месцазнаходжанне: Брэсцкая вобласць, Столінскі, Лунінецкі, Пінскі раёны; Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён
  • Каардынаты: 52°15 N 27°00 E
  • Плошча: 90447 гектараў
  • Нацыянальны статус аховы: ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» утвораны ў 1999 годзе
  • Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код – BY017, крытэрыі А1, А4, В1, В2, В3). Рамсарскае ўгоддзе заснавана ў 2001 годзе (крытэрыі 1а, 1с, 2а, 3а, 3с, 4b)

Сярэдняя Прыпяць – гэта буйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, які захаваўся ў натуральным стане. Заказнік створаны ў сярэдняй плыні галоўнай воднай артэрыі Палесся – ракі Прыпяць (ад вусця Ясельды да вусця Сцвігі). Працягласць участка каля 120 кіламетраў, шырыня вар’іруе ад 4 да 14 кіламетраў.

Плошчы, занятыя натуральнай расліннасцю, складаюць каля 92% тэрыторыі. Каштоўнасць заказніка заключаецца ў захаванасці некранутых пойменных лясоў і лугоў. Сярод лясоў пераважаюць дубравы і чорнаалешнікі з тыповай для Палесся флорай і фаунай. Заліўныя лугі поймы Прыпяці могуць служыць эталонам натуральных лугоў Палесся. У заказніку прадстаўлены ўсе тыпы лугоў ад вельмі забалочаных да сухіх, блізкіх па структуры да стэпаў. Захаваліся ў пойме і тыповыя нізінныя балоты, біятопы, якія знаходзяцца ў Еўропе пад пагрозай знікнення. Асабліва вялікія балоты сканцэнтраваны ў вусцях прытокаў Прыпяці – рэк Ясельда і Стыр. З іншых біятопаў, якія заслугоўваюць увагі, трэба адзначыць вялікую колькасць прыгажэйшых пойменных азёр і старыц і, безумоўна, рэчышча самой Прыпяці. У даліне гэтай ракі сканцэнтраваны самыя вялікія плошчы натуральных алювіяльных ландшафтаў не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ўсёй Еўропы.

Прыпяць і яе прытокі належаць да раўніннага тыпу рэк і характарызуюцца параўнальна невысокай і распрасцёртай веснавой паводкай, нізкай летняй межанню, якая амаль штогод парушаецца навадненнямі. Працягласць паводак вар’іруе ад 40-45 дзён на малых рэках да 3,5-4 месяцаў на Прыпяці. Сярэдняя вышыня веснавой паводкі над ніжэйшым летнім ўзроўнем складае 3,5-4,5 метры. Пад’ёмы ўзроўняў вады ў перыяд дажджоў, у адрозненне ад веснавых паводак, узнікаюць нерэгулярна і часам перавышаюць іх. У час паводак і навадненняў вада затоплівае пойму разам з населенымі пунктамі, грамадскімі збудаваннямі і камунікацыямі.

Пойменныя землі выкарыстоўваюцца ў асноўным для сенакашэння і выпасу жывёлы (14% тэрыторыі), лясной гаспадаркі, палявання і рыбалоўства. У пойме Прыпяці да цяперашняга часу захаваўся такі традыцыйны від дзейнасці як бортніцтва. Акваторыя ракі выкарыстоўваецца для суднаходства.

За ўвесь перыяд назіранняў у пойме сярэдняй плыні ракі Прыпяць адзначана 182 віды птушак, 52 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. На гнездаванні зарэгістравана 155 і 52 віды адпаведна. Пойма ракі Прыпяць мае міжнароднае значэнне для захавання шэрагу відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola, вялікага арляца Aquila clanga, драча Crex crex, дубальта Gallinago media, белавокага нырка Aythya nyroca і гусі-піскулькі Anser erythropus.

Від Ацэнка колькасці, пар Крытэрый ТВП
Чорны бусел / Черный аист
Ciconia nigra
50-70 А4i, B1i
Белы бусел / Белый аист
Ciconia ciconia
300-500 B2
Гусь-гуменніца / Гуменник
Anser fabalis
2000-10000 асобін на міграцыі А4i, B1i
Белалобая гусь / Белолобый гусь
Anser albifrons
10000-30000 асобін на міграцыі А4i, B1i
Гусь-піскулька / Пискулька
Anser erythropus
50-250 асобін на міграцыі B1i
Шэрая гусь / Серый гусь
Anser anser
200-500 асобін на міграцыі B1i
Качка-свіцьва / Свиязь
Anas penelope
10000-20000 асобін на міграцыі А4i, B1i
Качка-неразня / Серая утка
Anas strepera
600-800 А4i, B1i
Качка-крыжанка / Кряква
Anas platyrhynchos
10000-15000 B1i
Качка-чырка / Чирок-трескунок
Anas querquedula
6000-10500 А4i, B1i
Нырок-сівак / Красноголовый нырок
Aythya ferina
1500-2000 B1i
Белавокі нырок / Белоглазый нырок
Aythya nyroca
50-150 A1
Поплаўны лунь / Луговой лунь
Circus pygargus
50 B3
Вялікі арлец / Большой подорлик
Aquila
clanga
13-20 А1
Звычайны пагоніч / Погоныш
Porzana porzana
700 самцоў B3
Малы пагоніч / Малый погоныш
Porzana parva
300 самцоў B3
Драч / Коростель
Crex crex
500-2000 самцоў A1
Дубальт / Дупель
Gallinago media
1000 самцоў А1
Вялікі грыцук / Большой веретенник
Limosa limosa
500-1000 B2
Кулік-случок / Травник / Redshank
Tringa totanus
1000 А4i, B1i
Малая чайка / Little Gull
Larus minutus
50-100 B2
Малая крычка / Малая крачка
Sterna albifrons
150-250 B1i, B2
Чорная рыбачка / Черная крачка
Chlidonias
500-1000 А4i, B1i
Белакрылая рыбачка / Белокрылая крачка
Chlidonias leucopterus
3000-7000 А4i, B1i
Пугач / Филин
Bubo bubo
10-20 B2
Шэрая кугакаўка / Серая неясыть
Strix aluco
300 B3
Балотная сава / Болотная сова
Asio flammeus
30-60 B2
Сіні сіваграк / Сизоворонка
Coracias garrulus
30 B2
Зялёная жаўна / Зеленый дятел
Picus viridis
100 B2
Ластаўка-зямлянка / Береговая ласточка
Riparia riparia
20000-30000 B1i, B2
Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка
Acrocephalus paludicola
150-400 самцоў A1

Акрамя гэтага, у пойме Сярэдней Прыпяці гняздуецца значная частка еўрапейскай папуляцыі чаплі-бугая Botaurus stellaris (100 самцоў), і больш 1% беларускіх папуляцый 27 відаў птушак. Пойма Прыпяці мае міжнароднае значэнне для шэрагу водна-балотных відаў птушак і ў перыяд веснавой міграцыі. Агульная колькасць мігруючых уздоўж Прыпяці гусей складае па папярэдніх падліках каля 50 тысяч асобін, качак-свіцьваў Anas penelope – каля 20 тысяч

У межах заказніка выяўлена 11 відаў раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу, а таксама шэраг унікальных, раней невядомых для Прыпяцкага рэгіёна, відаў. Да такіх знаходак можна аднесці каменяломнік трохпальцавы Saxifraga tridactilis, фіялку сажалкавую Viola stagnina, буйміну мелкакветкавую Cardamine parviflora.

Пойма Прыпяці мае вялікае значэнне для падтрымання папуляцый каляводных відаў млекакормячых. Тут знаходзяцца буйнейшыя ў Беларусі рэпрадукцыйныя цэнтры бабра Castor fiber, выдры Lutra lutra, вадзяной палёўкі Arvicola terrestris, ляснога тхара Mustela putorius. Забалочаныя лясы і хмызнякі з’яўляюцца для рэгіёна асноўным месцам канцэнтрацыі лася Alces alces і дзіка Sus scrofa.

Спрыяе гэты ўчастак поймы і для пражывання шматлікіх (16 відаў) земнаводных і паўзуноў. Сярод іх адзначаны і рэдкія для Беларусі: балотная чарапаха Emys orbicularis, чаротная рапуха Bufo calamita, звычайная квакша Hyla arborea.

Прыпяць з’яўляецца адной з асноўных рыбапрамысловых рэк Беларусі. У ёй і ў пойменных вадаёмах сустракаецца 37 відаў рыб. На тэрыторыі заказніка ў 1974 годзе ўпершыню ў Беларусі быў знойдзены ёрш Балона Gymnocephalus baloni, від, які дагэтуль лічыўся дунайскім эндемікам. Рака Прыпяць іграе важную ролю для захавання запасаў сома Silurus glanis.

Неспрыяльныя фактары

  • Парушэнні гідралагічнага рэжыму.
    Большасць праблем заказніка «Сярэдняя Прыпяць» вызвана асушэннем значнай часткі балот на тэрыторыі водазбору Прыпяці і звужэннем поймы ў выніку яе абвалавання для папярэджання навадненняў. Звужэнне поймы і павышэнне ўзроўню вады прывялі да знікнення шэрагу каштоўных біятопаў, падтопліванню лясоў, скарачэнню месцаў, прыдатных для нерасту рыб, змене відавога складу флоры і фауны.
  • Вясновае выпальванне расліннасці ў пойме, асабліва ў гады, калі адсутнічаюць паводкі, аказвае крайне негатыўны ўплыў на жывёл і расліны.
  • Высечка лясоў без уліку іх значнасці для захавання біялагічнай разнастайнасці.
  • У выніку перавыпасу жывёлы на многіх участках поймы адбываецца парушэнне структуры натуральных раслінных супольнасцей. Гэта выражаецца ў змяненні складу расліннасці лугоў, знішчэнні падросту ў лясах.
  • Змяненне гаспадарчай дзейнасці.
    У апошнія дзесяцігоддзі адбылося істотнае скарачэнне сенакосных плошчаў у пойме. Гэта выклікала хуткае зарастанне балот і адкрытых заліўных лугоў лазняком.
  • Забруджванне вады.
    Асноўнымі крыніцамі забруджвання ў басейне Прыпяці з’яўляюцца прадпрыемствы цеплаэнергетыкі, дрэваапрацоўчай, цэлюлоза-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасці, сельскагаспадарчая вытворчасць (земляробства, жывёлагадоўля) і камунальная гаспадарка. Тэндэнцыя пагаршэння якасці вады наглядаецца практычна па ўсіх паказчыках.

Неабходныя меры аховы

Для вырашэння экалагічных праблем неабходна распрацаваць комплексны план кіравання заказнікам «Сярэдняя Прыпяць» і заснаваць структуру кіравання.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 01 30
(+375 17) 263 06 13