In English, please
Тураўскі луг
  • Месцазнаходжанне: Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён.
  • Каардынаты: 52°04 N 27°44 E
  • Плошча: 500 га.
  • Нацыянальны статус аховы: не мае.
  • Міжнародны статус аховы: ТВП (Крытэрыі: А1: дубальт Gallinago media; A4: белалобая гусь Anser albifrons; B4: малая крычка Sterna albifrons, вялікі грыцук Limosa limosa).

Тураўскі луг, які ў веснавы час уяўляе сабой сістэму акружаных павадкавай вадой астравоў, з’яўляецца ўнікальным, як па набору відаў, так і па колькасці, месцам гнездавання і прыпынку падчас сезонных міграцый кулікоў і іншых водна-балотных відаў птушак. Патэнцыяльная ТВП уяўляе сабой участак прырэчышчнага поймавага луга, які размешчаны ў сярэднім цячэнні ракі Прыпяць і практычна цалкам затапляецца вадой у час веснавой паводкі. Дзякуючы спецыфічнаму месцазнаходжанню і гістарычна сфарміраванай сістэмы гаспадарання на гэтым участку поймы знаходзіцца адно з буйнейшых у Беларусі пасяленняў рэдкіх відаў кулікоў, у тым ліку і глабальна пагражаемага віду – дубальта Gallinago media.

Поймавыя лугі цалкам адкрытыя, сустракаюцца толькі асобныя кусты і купіны вярбы. Нізкае травяное покрыва абумоўлена як характарам глебы, так і інтэнсіўным выпасам жывёлы. Павышаныя ўчасткі чаргуюцца з паніжэннямі.

Пойма ў межах угоддзя адносна нізкая, забалочаная. Берагі ракі невысокія (1-3м), прырэчышчная частка ў выглядзе нешырокага павышэння выяўлена толькі месцамі, цэнтральная пойма плоскахвалістая і плоскагрывістая, прыцерасная пойма складаецца з лагчын, якія чаргуюцца з рэдкімі градамі. Агульны рэльеф угоддзя вызначаецца чаргаваннем невысокіх грыў і невялікіх паніжэнняў між імі, у якіх знаходзіцца мноства невялікіх часовых і пастаянных вадаёмаў. Найбольш узвышаная частка затапляецца вадой толькі ў гады экстрэмальна высокіх паводак. Вада ў паніжэннях трымаецца да канца траўня-сярэдзіны чэрвеня, у даждлівыя гады – на працягу ўсяго цёплага часу.

Патэнцыяльная ТВП знаходзіцца ў непасрэднай блізасці ад г. Тураў. Тым не менш, большая частка тэрыторыі у веснавы перыяд цяжкадаступная – на луг можна трапіць толькі на лодцы. Пасля сходу вады антрапагенная нагрузка тут значна павялічваецца. Асноўнай формай гаспадарчага выкарыстоўвання ўгоддзя ў гэты час з’яўляецца выпас жывёлы і дамашніх гусей. Тураўскі луг можа стаць адной з самых перспектыўных тэрыторый для развіцця арніталагічнага турызму. Ужо зараз яе стыхійна наведваюць шматлікія групы беларускіх і замежных турыстаў.

Тэрыторыя мае важнае значэнне для падтрымкі папуляцый цэлага шэрагу водна-балотных відаў птушак у час міграцый і гнездавання. На веснавым і асеннім пралётах тут спыняецца для адпачынку і кармёжкі глабальна пагражаемы від гусь-піскулька Anser erythropus, а таксама занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі шэрая гусь Anser anser, качка-шылахвостка Anas acuta, белавокі нырок Aythya nyroca, залацістая сеўка Pluvialis apricaria, вялікі грыцук Limosa limosa і іншыя рэдкія віды птушак.

Вялікі інтарэс прадстаўляюць міграцыйныя скапленні баталёна Philomachus pugnax, якія дасягаюць у асобныя гады 20-25 тысяч асобін. Тураўскі луг у час веснавой міграцыі з’яўляецца адным з важнейшых у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе месцаў прыпынку баталёнаў для папаўнення энэргетычных рэсурсаў перад адпраўкай да асноўных месцаў гнездавання.

Ва ўгоддзі на гнездванні прадстаўлены ўвесь комлекс крычак, якія жывуць у Беларусі, у тым ліку і занесеныя ў Чырвоную кнігу малая крычка Sterna albifrons і белашчокая рыбачка Chlidonias hybrida. У асобныя гады тут гняздуецца малая Larus minutus і шызая чайкі Larus canus. У ліку іншых відаў-чырвонакніжнікаў на гнездаванні адзначаны качка-шылахвостка Anas acuta, вялікі грыцук Limosa limosa, крывок Haematopus ostralegus. Тут знаходзіцца адно з самых буйных у Беларусі каланіяльных пасяленняў куліка-марадункі Xenus cinereus і вялікага зуйка Charadrius hiaticula.

Від Ацэнка колькасці (пар) Крытэрый ТВП
Дубальт / Дупель
Gallinago media
30-50 A1
Белалобая гусь / Белолобый гусь
Anser albifrons
10000-12000 A4
Вялікі грыцук / Большой веретенник
Limosa limosa
40-60 B4
Малая крычка / Малая крачка
Sterna
albifrons
40-60 B4

Тэрыафаўна ўгоддзя прадстаўлена некалькімі відамі мышападобных грызуноў і буразубак, з амфібій сустракаюцца травяная Rana temporaria и вастрамордая Rana terrestris жабы, комплекс зялёных жабаў Rana esculenta-complex, зялёная рапуха Bufo viridis, чырванабрухая жарлянка Bombina bombina і звычайная часночніца Pelobates fuscus.

Флора Тураўскага луга складаецца, у асноўным з травяністай расліннасці і толькі невялікі ўчастак тэрыторыі пакрыты зараснікамі вербалозу.

Травастой на ўзвышшах бедны, моцна з’едзены і вытаптаны жывёлай, у паніжэннях – больш густы і высокі. Стан травянога покрыву ў многім залежыць ад вышыні веснавой паводкі – у гады з высокім узроўнем затаплення травастой пасля сходу вады развіты значна лепш, чым у гады з нізкім узроўнем паводкі. Праектыўнае пакрыццё наземнай расліннасці нераўнамернае – ад 10 да 100%, уздоўж рэчышча Прыпяці маюцца пясчаныя косы, практычна пазбаўленыя травастою. Да сярэдзіны лета травяністае покрыва на найбольш сухіх узвышаных месцах амаль цалкам выгарае. У складзе расліннасці найбольш звычайнымі з’яўляюцца наступныя віды: мятліца звычайная Agrostis vulgaris, метлюжок аднагадовы Poa annua, расходнік едкі Sedum acre, дуброўка гусіная Potentilla anserina, птарміка храсткаватая Ptarmica cartilaginea, лазаніца Lysimachia nummularia, казялец пякучы Ranunculus flammula; у паніжэннях – маннік водны Glyceria aquatica, асака лісіная Carex vulpina. Рэдкіх і ахоўваемых у Беларусі відаў раслін тут не адзначана.

Неспрыяльныя фактары

Выпас жывёлы, які рэгулюе стан травастою і стварае ўмовы для гнездавання кулікоў і чайкавых, у пэўны перыяд аказваецца згубным для іх яек і птушанят. Вядомыя выпадкі, калі невялікія статкі коней, якія пасліся на астравах, за адну ноч практычна цалкам знішчалі размешчаныя там гнездавыя калоніі кулікоў у некалькі дзесяткаў гнёздаў.

Неабходныя меры аховы

Для захавання гэтага ўнікальнага луга, які падтрымлівае папуляцыі цэлага шэрагу рэдкіх і ахоўваемых відаў водна-балотных птушак, неабходна прыдаць яму статус ахоўваемай тэрыторыі; забараніць асенняе і, асабліва, вясенняе паляванне, забараніць любыя работы, якія могуць выклікаць змяненне ландшафту і гідралагічнага рэжыму тэрыторыі; абмежаваць, а, па магчымасці, цалкам забараніць выпас жывёлы на лузе да 5 чэрвеня. Акрамя гэтага, для арганізацыі аховы і развіцця турызму мэтазгодна стварыць спецыяльны орган кіравання гэтай тэрыторыяй.

© 2009 ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
г. Мінск, вул. Макаёнка 8, пак. 313
(+375 17) 263 01 30
(+375 17) 263 06 13