Патэнцыяльнае рамсарскае ўгоддзе (крытэрыі 1а, 3а)
Буйнейшы ў Беларусі комплекс дробналіставых забалочаных лясоў, балот, рачных пойм і мелкаводных азёр. Большая частка тэрыторыі (35%) занята дробналіставымі лясамі, 30% пакрыта нізіннымі і пераходнымі, 15% – верхавымі балотамі, па 10% прыходзіцца на долю пойменных лугоў і высокапрадукцыйных азёр.
Паўночная мяжа заказніка праходзіць па рэчышчы ракі Шчара. Пойма Шчары шырокая, моцна забалочаная. У ёй пераважаюць адкрытыя нізінныя балоты, якія перамяжоўваюцца з лазнякамі і пойменнымі лясамі. Далей, на поўдзень ад Шчары, размешчаны бяскрайнія прасторы забалочаных алешнікаў і беразнякоў, сярод якіх трапляюцца шматлікія нізінныя, пераходныя і нават верхавыя балоты. У паўднёвай частцы заказніка знаходзяцца два буйных, тыпова палескіх возеры: Выганашчанскае (2600 гектараў) і
Бабровіцкае (947 гектараў). Парослыя хмызнякмі берагі азёр моцна забалочаны, большая частка берагавой лініі ўяўляе сабой сплавіну, дно высцелена сапрапелем. У цяперашні час азёры знаходзяцца ў стадыі пераходу ад высокаэўтрофных да дыстрафіруючых вадаёмаў і хутка зарастаюць надводнай і плаваючай расліннасцю. Возера Выганашчанскае злучана з рэкамі Шчара і Ясельда славутым каналам Агінскага, які калісьці служыў для лесасплаву. Зараз канал страціў сваё значэнне і хутка зарастае расліннасцю.
З гаспадарчай дзейнасці ў заказніку пераважаюць лесакарыстанне, паляванне і рыбалоўства.
Спалучэнне цяжкапраходных забалочаных лясоў, рачных пойм, адкрытых нізінных балот і высокапрадукцыйных азёр абумовіла ў заказніку наяўнасць дастаткова высокай колькасці шэрагу рэдкіх відаў птушак. Тэрыторыя мае найбольшую значнасць для захавання наступных відаў:
| Від | Ацэнка колькасці, пар | Крытэрый ТВП |
| Чапля-бугай / Большая выпь Botaurus stellaris |
40-50 самцоў | В2 |
| Качка-неразня / Серая утка Anas strepera |
10-15 | B2 |
| Качка-чырка / Чирок-трескунок Anas querquedula |
350 | B2 |
| Нырок-сівак / Красноголовый нырок Aythya ferina |
200-250 | В3 |
| Вялікі арлец / Большой подорлик Aquila clanga |
3 | А1 |
| Драч / Коростель Crex crex |
50 самцоў | А1 |
| Шэры журавель / Серый журавль Grus grus |
20-25 | В2 |
| Дубальт / Дупель Gallinago media |
20 самцоў | А1 |
| Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка Acrocephalus paludicola |
30-100 самцоў | А1 |
Унікальнасць заказніка падкрэсліваецца тым, што тут захаваліся адны з апошніх на Палессі папуляцый барадатай кугакаўкі Strix nebulosa (6-10 пар) і заходне-еўрапейскага падвіду глушца Tetrao urogallus mayor (15-25 самцоў), рэгулярна гняздуецца некалькі пар арлана-белахвоста Haliaeetus albicilla.
Неабходна правесці спецыяльныя работы па ўсебаковаму вывучэнню сучаснага стану экасістэмы і распрацаваць на аснове гэтых дадзеных план кіравання.