Балотны масіў Званец размешчаны ў міжрэччы Днепра-Бугскага канала і яго прытокаў – Белаазёрскага і Арэхаўскага каналаў. З паўднёвага і паўночна-заходняга боку масіў абмежаваны меліярацыйнымі сістэмамі. Званец – буйнейшае ў Еўропе нізіннае балота мезатрофнага тыпу са шматлікімі адкрытымі мінеральнымі астравамі. Непасрэдна балота, па якім раскіданы астравы розных памераў (ад 0,2 да 10 гектараў), займае 70,2% масіву. На лясы і хмызнякі прыходзіцца 16,2% агульнай плошчы. Параўнанне аэрафотаздымкаў 1950-ых і 1990-ых гадоў сведчыць аб змяншэнні плошчы адкрытых балот і павелічэнні плошчы лясоў і хмызнякоў.
Вадаёмы з адкрытай вадой прадстаўлены адным возерам і сеткай каналаў. Возера Залескае ў выніку меліяратыўных работ на прылягаючай тэрыторыі моцна абмялела і ператварылася ў дыстрафіруючы вадаём. Дзякуючы значным памерам і размяшчэнню на водападзеле басейнаў Прыпяці і Буга, балотны комплекс уяўляе сабой стабільную экасістэму, якая ў пэўнай ступені не залежыць ад змен на навакольных тэрыторыях. Аснову воднага сілкавання балота састаўляюць грунтовыя воды, вясной і восенню нязначную ролю адыгрываюць атмасферныя ападкі. Істотны ўплыў на гідрарэжым балотнага комплексу аказваюць прылягаючыя да яго меліяратыўныя сістэмы і сетка каналаў, па якіх вада выцякае з балота. Узровень грунтовых вод на балоце ў многім залежыць ад характару выкарыстання вады на гэтых асушаных землях і можа вар’іраваць у межах +-0,5 метра. Такі рэжым водакарыстання выклікае ў заказніку альбо паводкі альбо засуху з вялікімі пажарамі, якія наносяць істотную шкоду біялагічнай разнастайнасці.
Асноўным відам землекарыстання на тэрыторыі ўгоддзя з’яўляецца сенакос, яго праводзяць амаль на 10% плошчы балотнага комплексу. Мінеральныя астравы выкарыстоўваюцца для вырошчвання прапашных культур, у асноўным, бульбы. Найбольш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца усходняя і заходняя часткі балота (апошняя знаходзіцца за межамі запаведнай тэрыторыі).
Усяго на балоце Званец гняздуецца 110 відаў птушак, 21 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Асаблівае значэнне тэрыторыя мае для захавання наступных відаў:
Міжнародная значнасць балота Званец вызначаецца, ў першую чаргу, падтрыманнем буйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі Acrocephalus paludicola і іншых відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікага арляца Aquila clanga, драча Crex crex. Акрамя гэтага, на тэрыторыі балота гняздуецца каля 1% еўрапейскіх папуляцый чаплі-бугая Botaurus stellaris і вадзянога пастушка Rallus aquaticus. Тэрыторыя таксама мае рэспубліканскае значэнне для захавання папуляцый такіх рэдкіх відаў як шэры журавель Grus grus, бакас Gallinago gallinago, вялікі кулён Numenius arquata.
На балоце зарэгістраваны і іншыя прадстаўнікі фауны Беларусі (2 віды млекакормячых, 15 наземных і 3 віды водных насякомых), занесеныя ў Чырвоную кнігу.
У межах балота Званец выяўлена 67 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, якія патрабуюць розных форм аховы. Большасць з гэтых відаў знойдзена на мінеральных астравах, якія з’яўляюцца сапраўднымі аазісамі багацейшай, а часта і проста ўнікальнай флоры сярод аднастайнай расліннасці забалочанай прасторы. На тэрыторыі балота растуць 10 рэдкіх для Беларусі і Еўропы раслінных супольнасцей, раней шырока распаўсюджаных на нізінных балотах Палесся. З раслін, якія сустракаюцца на Званцы, 23 віды занесены ў Чырвоную кнігу РБ.
| Від/ Species | Ацэнка колькасці, пар | Крытэрый ТВП |
| Палявы лунь / Полевой лунь Circus cyaneus |
5-10 | B2 |
| Вялікі арлец / Большой подорлик Aquila clanga |
1-2 | A1 |
| Пагоніч / Погоныш Porzana porzana |
1000-4000 самцоў | В3 |
| Драч / Коростель / Corncrake Crex crex |
50-100 самцоў | А1 |
| Шэры журавель / Серый журавль Grus grus |
50-100 | В2 |
| Пугач / Филин Bubo bubo |
15 | B2 |
| Балотная сава / Болотная сова Asio flammeus |
100-200 | В2 |
| Звычайны цвыркун / Обыкновенный сверчок Locustella naevia |
100-200 | В3 |
| Салаўіны цвыркун / Соловьиный сверчок Locustella luscinioides |
1500-3000 | B3 |
| Вяртлявая чаротаўка / Вертлявая камышевка Acrocephalus paludicola |
3000-6000 самцоў | А1 |
| Звычайная чаротаўка / Камышевка барсучок Acrocephalus schoenobaenus |
5000-8000 | В3 |
У 2001 годзе распрацаваны план кіравання заказнікам «Званец», які ўтрымлівае рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем. Асноўная ўвага ў плане ўдзелена аднаўленню гідралагічнага рэжыму, правядзенню спецыяльнага лесаўпарадкавання, укараненню прынцыпаў экалагічнага прыродакарыстання.
Прапанавана таксама пашырыць тэрыторыю заказніка на ўвесь балотны комплекс і заснаваць структуру кіравання.